У Лепельскім санаторыі Палзахноўскі адпачываў у той жа час, што і Кубасаў. Фотаздымкі з ім у інтэр’ерах беларускай установы апублікаваў расейскі фонд «Защитники Отечества». Палзахноўскі публічна падзякаваў арганізатарам лячэння — гэта дало нам яшчэ адно пацверджанне, што жаўнеры, якія ваявалі супраць Украіны, праходзяць рэабілітацыю ў Беларусі.
Мы спрабавалі паразмаўляць з расейцам, але не змаглі датэлефанавацца да яго. Ваяваць супраць Украіны ён пайшоў добраахвотна ў кастрычніку 2022-га з жаданнем зарабіць. Пра сваё рашэнне не шкадуе. Больш за тое, калі б не пратэст маці, то вярнуўся б на вайну — прынамсі так ён сказаў у 2023 годзе журналістам выдання «Север. Реалии».
Тры гады — без розгаласу
Такіх як Кубасаў і Палзахноўскі Лепельскі ваенны санаторый, што знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, прымае з 2023 года. Пра гэта нам распавялі ў маркетынгавым аддзеле ўстановы. Мы патэлефанавалі туды, выкарыстаўшы легенду пра журналістаў дзяржаўнага медыя, але гэтым разам расейскага.
«У нас аздараўленне праходзіць, санаторна-курортнае лячэнне менавіта вось гэта катэгорыя грамадзянаў з Расейскай Федэрацыі штогод», — сказала супрацоўніца санаторыя.
За адпачынак расейскія вайскоўцы не плацяць. Пуцёўкі ім даюць дзяржаўныя органы і дабрачынныя арганізацыі. Адна з іх — фонд «Защитники Отечества», якім кіруе намесніца міністра абароны РФ і, як сцвярджае расейскае выданне «Вёрстка», сваячка Уладзіміра Пуціна Ганна Цывілёва. Падстава для прадстаўлення такой паслугі, паводле супрацоўніцы санаторыя, — дамова з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы: «Гэта [датычыць] не толькі “СВА”. Гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ветэраны-афганцы». На іншыя пытанні яна адмовілася адказваць, бо «ў якім фармаце падаць гэтую інфармацыю, спачатку трэба абмеркаваць з начальнікам санаторыя».
Дамова, якую ўзгадала нашая суразмоўца, найхутчэй датычыць мерапрыемстваў па арганізацыі санаторна-курортнага лячэння, прадугледжаных пастановай Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы за 2011 год. Першапачаткова яна была скіраваная на людзей з інваліднасцю і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, аднак у 2022 годзе дакумент скарэктавалі. У пералік тых, хто мае права за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы атрымліваць курортна-санаторнае лячэнне, дадалі людзей з інваліднасцю і ветэранаў баявых дзеянняў, у тым ліку на тэрыторыі іншай краіны. Гэты афіцыйны дакумент прадугледжвае адпачынак расейскіх ваенных у беларускіх здраўніцах.
У 2024 годзе ўдзел у рэалізацыі праграмы прымалі тры беларускія санаторыі — ужо згаданы Лепельскі ваенны, «Чабарок» і «Сасновы бор», а таксама два расейскіх — «Переделкино» і «Карачарово».
Фінансаванне вядзецца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Сёлета на патрэбы па аздараўленні ветэранаў выдзелілі 26 млн расейскіх рублёў ці амаль 950 тыс. беларускіх (каля $312 тыс.). У 2024 годзе сума была меншай — 877 тыс. беларускіх рублёў на 389 пуцёвак, 180 з якіх — у нашыя здраўніцы. Колькі сярод іх для жаўнераў, што ваявалі супраць Украіны, нам не вядома.
Лукашэнка гатовы дапамагчы
У хуткім часе ў беларускія санаторыі могуць прыехаць сотні былых удзельнікаў «СВА». Расейскія і беларускія ўлады абмяркоўваюць адмысловую праграму дапамогі ў рэабілітацыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне. Удзельнічае ў гэтым губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка. Напрыканцы верасня ён прыязджаў у Беларусь з візітам. Яго сустракаў першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў.
У той жа час жонка Драздзенкі Ірына, якая кіруе Усевалажскім Мульціцэнтрам сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі, наведала санаторна-курортныя ўстановы Меншчыны і правяла перамовы з кіраўніцтвам выканкаму Магілёўскай вобласці. У выніку паўстала дамоўленасць пра стварэнне праграмы рэабілітацыі для расейскіх ваенных і іх сем’яў у беларускіх санаторыях. Мяркуецца, што аздараўленне ў нашай краіне штогод будуць праходзіць не меней 800 чалавек. На якіх умовах — гэта цяпер прапрацоўвае Камітэт па сацыяльнай абароне Ленінградскай вобласці. Ініцыятыву ўжо ўхваліў Мікалай Снапкоў, пра што пісалі расейскія медыя, а вось беларускія дзяржаўныя СМІ гэтым планам увагі не надалі. [*]
Беларускі і расейскі бакі цягам некалькіх гадоў абмяркоўваюць магчымасць скіроўваць удзельнікаў вайны супраць Украіны ў нашыя санаторыі. У верасні 2023 года Аляксандр Драздзенка ўжо ўздымаў гэтае пытанне пры сустрэчы з Мікалаем Снапковым. Тады ленінградскі губернатар наракаў, што ў Расеі не хапае свайго рэсурсу. Летась Драздзенка прапанаваў выкарыстоўваць беларускія курорты для аздараўлення расейскіх салдат і самаму Аляксандру Лукашэнку. Той выказаў гатовасць дапамагчы, не згадаўшы, што Беларусь ужо прадставіла свае санаторыі для былых удзельнікаў вайны ва Украіне.
Мы даслалі запыты ў расейскі фонд «Защитники Отечества», Лепельскі ваенны санаторый і Міністэрства аховы здароўя Беларусі з просьбай пракаментаваць, колькі былых удзельнікаў «СВА» прайшлі рэабілітацыю ў беларускіх санаторыях, а таксама на якім этапе знаходзіцца распрацоўка сумеснай праграмы дапамогі. На момант публікацыі ніхто з іх не адказаў.