Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Фондам медычнай салідарнасці BYMEDSOL, пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
Кошты на лекі ў Беларусі растуць удвая хутчэй інфляцыі. У 2023 годзе яны павялічыліся на 13,36%. Міністэрства аховы здароўя вінаваціць у гэтым эканамічныя санкцыі Захаду. На медпрэпараты абмежаванні не распаўсюджваюцца, але, паводле афіцыйнай версіі, адбываецца гэта з прычыны «разрыву лагістычных ланцужкоў праз санкцыйныя захады».
Пры гэтым у Расеі, супраць якой таксама ўведзеныя санкцыі, некаторыя прэпараты каштуюць часам у разы танней. Напрыклад, закуп толькі трох найменняў лекаў, пра якія мы раскажам ніжэй, у расейскіх аптэках абышлася б беларускаму бюджэту амаль на 5,7 млн рублёў (блізу $2 млн) танней, чым дзяржава набыла іх оптам у 2022-2023 гадах у кампаніі «Лігматон».
За гэтыя грошы можна купіць, напрыклад, 130 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх кітайскай вытворчасці. Або амаль 13 тысяч інвалідных вазкоў. Або 228 000 упаковак інсуліну.
Опт даражэйшы за раздроб
Сярод прэпаратаў, якія дзяржава набывала ў беларускай кампаніі «Лігматон», — батулатаксін «Дыспорт». Яго таксама называюць «уколамі прыгажосці» або «французскім ботаксам». «Дыспорт» выкарыстоўваюць не толькі ў касметалогіі, але і для барацьбы з сімптомамі мігрэні. Яе прыступы вельмі балючыя і могуць доўжыцца некалькі дзён.
«Адчуванне максімальнага болю, калі ты не можаш глядзець на нешта, калі цябе раздражняюць гукі, — распавяла БРЦ журналістка Вольга Старасціна, якая шмат гадоў пакутуе ад прыступаў мігрэні. — Адна палова галавы — такое пачуццё, як быццам кол табе ўбілі ў галаву, у вока. І калі ты падымаешся, варушышся, як быццам бы гэты кол таксама там варушыцца, і ўсё ў мозгу, у воку, у тканках нейкіх стварае неверагодны боль. Ну і немагчыма ні думаць, ні ўспрымаць. Гэта для мяне вельмі часта нейкія выключаныя з жыцця дні».
У лютым 2023 года дзяржава падпісала дамову на пастаўку больш за дзве тысячы ўпаковак «Дыспорта» з кампаніяй «Лігматон» на агульную суму амаль 1,8 млн рублёў. Інфармацыя пра гэта размешчана на сайце РУП «Белфармацыя». Пастаўшчыка выбралі па працэдуры закупу з адной крыніцы.
Гэта не значыць, што дамову прапаноўвалі падпісаць толькі адной фірме. Аднак гэтая непразрыстая працэдура патэнцыйна адкрывае магчымасці для маніпуляцыяў.
«Закупы з адной крыніцы — гэта самыя скрытыя закупы. Яны ў нашай дзяржаве яшчэ не да канца прапісаныя, як мае быць, не да канца кантралююцца, іх занадта шмат. Яны скрытыя, падаць на іх скаргу нельга. І ў юрыспрудэнцыі існуе такое паняцце, як “немэтазгоднасць”. Гэта значыць, калі нават парушэнне выяўленае, але ўжо ўсё адбылося, ужо лекі атрымалі, грошы перададзеныя, то ўжо немэтазгодна адкочваць назад. Нават калі знойдзеныя парушэнні. Таму гэта самы карупцыйны пласт закупак і ён велізарны», — распавяла БРЦ юрыст праекту opentenders.tech, які спецыялізуецца на расследаваннях парушэнняў і карупцыі ў дзяржаўных закупах.
Дзяржава закупіла ў «Лігматона» прэпарат «Дыспорт» па 885,5 рублёў за ўпакоўку. У сярэдзіне студзеня 2024 года ў расейскіх аптэках гэтыя лекі ў такіх жа дазаванні і ўпакоўцы можна было набыць па 16 200 расейскіх рублёў (577 беларускіх). Розніца з аптовым коштам «Лігматона» — больш чым у паўтара разу. Ва ўкраінскіх аптэках тады ж гэты прэпарат у сярэднім каштаваў на траціну танней — 7 688 грыўняў (каля 640 беларускіх рублёў). Далей для зручнасці мы будзем падаваць кошты ў пераліку на беларускія рублі па курсе на 12 студзеня 2024 года.
Аптовыя кошты на «Дыспорт» у Расеі і Украіне яшчэ на 10-20% ніжэй. Пра гэта сведчаць вынікі тэндараў у гэтых краінах.
Мы параўноўваем рознічныя кошты гэтага і іншых медпрэпаратаў у РФ і Украіне на 12 студзеня 2024 года з коштам іх закупу дзяржавай прыкладна год таму. Гэта не зусім карэктна, але кошты на лекі за гэты перыяд у расейскіх і ўкраінскіх аптэках змяніліся нязначна (у межах 10%).
Аптовыя кошты на «Дыспорт» у Расеі і Украіне яшчэ на 10-20% ніжэй. Пра гэта сведчаць вынікі тэндараў у гэтых краінах.
Мы параўноўваем рознічныя кошты гэтага і іншых медпрэпаратаў у РФ і Украіне на 12 студзеня 2024 года з коштам іх закупкі дзяржавай прыкладна год таму. Гэта не зусім карэктна, але кошты на лекі за гэты перыяд у расейскіх і ўкраінскіх аптэках змяніліся нязначна (у межах 10%).
Дзяржава закупляла ў кампаніі «Лігматон» і іншыя прэпараты даражэй, чым яны прадаюцца ў раздроб у расейскіх і ўкраінскіх аптэках. Напрыклад, у верасні 2022 года, а затым у красавіку 2023-га — прэпарат «Спірыва Рэспімат» на агульную суму каля 10 млн рублёў. Сярэдняя цана за ўпакоўку — каля 135 рублёў. Ва ўкраінскіх аптэках «Спірыва Рэспімат» 12 студзеня 2024 года каштаваў танней амаль на траціну, чым Міністэрства аховы здароўя купляе ў «Лігматона», — блізу 105 рублёў. У Расеі раздробны кошт на яго — 67 беларускіх рублёў. Гэта значыць удвая танней.
Яшчэ адзін дзяржзакуп ў «Лігматона» — «Дыферэлін» у дазаванні 3,75 мг. Дамову на яго пастаўку дзяржава падпісала ў чэрвені 2023-га па цане 238 рублёў за ўпакоўку. У студзені 2024-га ў аптэках Украіны яго прадавалі ў сярэднім па 167 рублёў, у Расеі — ад 181 рубля.
Сямейныя таямніцы алігархаў
Кампанія «Лігматон» з'явілася ў 1996 годзе. У 99-м яна атрымала ліцэнзію на аптовую рэалізацыю лекавых сродкаў і прадметаў медычнага прызначэння. Таксама яна валодае рознічнай сеткай з 19 аптэк.
Мажарытарны ўласнік кампаніі (які мае найбольшую долю) — Пятровіч Галіна Яўгенаўна. Яна ж з 2001 года з'яўляецца дырэктарам «Лігматона». [*] [*] [*]
З 2004 па 2020 гады з перапынкам у два гады сярод уласнікаў фігуравала жанчына з такім жа прозвішчам — Пятровіч Ірына Тэафілаўна. Як вынікае з пашпартных дадзеных, атрыманых БРЦ ад «Кіберпартызанаў», яна — маці цяперашняй уладальніцы «Лігматона», а таксама Віктара Яўгенавіча Пятровіча, дырэктара і саўладальніка ТАА «Тытунь-Інвест». Галіна Пятровіч — родная сястра Віктара Пятровіча, шматгадовага кампаньёна алігарха Паўла Тапузідзіса. [*] [*] [*] [*]
Пятровіч і Тапузідзіс — не толькі бізнес-партнёры. У сястры Пятровіча, уладальніцы «Лігматона» Галіны, ёсць пазашлюбнае дзіця ад Тапузідзіса, высветліў БРЦ дзякуючы «Кіберпартызанам». У яе пашпарце пазначаны сын Георгій Паўлавіч Пятровіч, які ў 2020 годзе змяніў прозвішча на Тапузідзіс. [*] [*] [*] [*]
Георгій значыцца як сын і ў дакументах алігарха, але не ў ягонай афіцыйнай жонкі Ірыны Тапузідзіс. У яе пашпарце толькі два афіцыйных дзіця — Павел-малодшы і Ксенія. У інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» ў 2018 годзе афіцыйная жонка Тапузідзіса Ірына згадвала пра Георгія.
«У нашай сям'і трое дзяцей — дачка Ксенія і сыны Павел і Георгій. <…> Георгій — добры хлопец, працуе не ў бацькі, самастойна прабіваецца ў жыцці. Нармальныя сціплыя дзеці, не выхваляюцца нашай сямʼёй», — распавядала яна.
Пазашлюбны Георгій з 2013 па 2020 гады працаваў у EPAM Systems, хоць і пачынаў карʼеру ў бацькі ў «Тытунь-Інвест». У 2014 годзе ён стаў саўладальнікам фірмы «Лігматон». Па дадзеных на лістапад 2023 года, яму належыць 37,5% кампаніі, ягонай маці — 62,5%. У 2021 годзе Георгій Тапузідзіс, паводле звестак ДАІ, стаў першым намеснікам дырэктара «Лігматона». Улічваючы, што амаль усе аптэкі кампаніі знаходзяцца ў гандлёвых цэнтрах «Карона», якія належаць «Тытунь-Інвесту», наўрад ці можна казаць, што ён «самастойна прабіваецца ў жыцці». [*]
«Кашалькі» Лукашэнкі
Дзейнасць «Лігматона» ніяк не звязаная з уладальнікамі «Тытунь-Інвеста», заявіла ў размове з журналістам БРЦ дырэктар кампаніі Галіна Пятровіч:
«Яны наогул не маюць дачынення да фармбізнесу. Гэта мае кантакты. <... > Пачалі працаваць мы самі, наогул незалежна ад “Тытунь-Інвест” з 99-га года. Нам ніхто не дапамагаў», — сказала яна.
Гэтыя словы Галіны Пятровіч супярэчаць фактам. З красавіка 2014 да канца снежня 2021 года «Тытунь-Інвест» быў у ліку ўласнікаў «Лігматона». З 1996-га па 2004-ы яго саўладальнікам быў родны брат Паўла Тапузідзіса Генадзь, а 16 з 19 аптэк «Лігматона» знаходзяцца ў гандлёвых цэнтрах «Карона», якія належаць «Тытунь-Інвесту».
Абодва ўладальніка «Тытунь-Інвеста» звязаныя з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі.
У пачатку нулявых Павел Тапузідзіс, падобна, меў цесныя зносіны з Віктарам Лукашэнкам. У 2003 годзе яны разам з жонкамі і дзецьмі адным і тым жа рэйсам лёталі на курорт Ларнака на Кіпры.Пра гэта паведамляў Альянс расследавальнікаў Беларусі. У 2016 годзе Тапузідзіс адным бізнес-джэтам лётаў у Грэцыю ўжо з сярэднім сынам Лукашэнкі Дзмітрыем і ягонай сям'ёй, а таксама з афіцыйнай жонкай Аляксандра Лукашэнкі Галінай. [*] [*] [*] [*]
З сярэдзіны нулявых «Тытунь-Інвест» абрастае актывамі: гандлёвым цэнтрам «Замак», сеткай гіпермаркетаў «Карона» і элітным клубам «Робінсан».
У папярэднім расследаванні БРЦ распавёў пра іншыя сталічныя ўстановы бізнесоўцаў, блізкіх да сям'і Лукашэнкі. Калі яшчэ не прачыталі, абавязкова зрабіце гэта — каб ведаць, у чыю кішэню пойдуць грошы з вашага рахунку.
У той жа перыяд Тапузідзіс пачынае браць на сябе і «палітычную нагрузку» — становіцца кіраўніком адной са сталічных участковых выбарчых камісіяў. Алігарха прызначаюць намеснікам старшыні Савету па развіцці прадпрымальніцтва пры беларускім урадзе і ганаровым консулам Грэцыі, а пасля і Румыніі ў Беларусі. Ён таксама будуе ў Беларусі тры хакейныя палацы, хоць, як ён сам прызнаўся, спорт не любіць.
Як высветліў БРЦ у адным з мінулых расследаванняў, уладальнікі «Тытунь-Інвест» могуць атрымліваць немалыя выгады ад кантрабанднай схемы «перапыненага транзіту» цыгарэтаў.
У снежні 2023 года супраць Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча ЗША ўвялі персанальныя санкцыі. Гэтыя два найбагацейшыя алігархі Беларусі з'яўляюцца важнымі «гаманцамі» для Лукашэнкі і ягонага рэжыму, гаворыцца ў абгрунтаванні амерыканскага Мінфіну.
Абмежаванні для канкурэнтаў
Чаму дзяржава купляе ў кампаніі «Лігматон» лекі оптам даражэй, чым яны каштуюць у раздроб у аптэках Расеі і Украіны? Сын Паўла Тапузідзіса і адначасова пляменнік Віктара Пятровіча не змог нам гэтага растлумачыць.
«Пра гэта нічога не ведаю. Не магу вам патлумачыць», — сказаў Георгій Тапузідзіс у тэлефоннай размове з журналістам БРЦ, пасля чаго паклаў слухаўку.
Галіна Пятровіч на тое ж пытанне адказала, што кошт «Лігматона» залежыць ад кошту вытворцы: «Мне даюць такія кошты. Мне дае такія кошты [французская кампанія-вытворца лекавых сродкаў] Ipsen Pharma».
«Лігматон» сапраўды набываў у вытворцы «Дыспорт» па кошце, блізкім да таго, па якім прадаваў яго Міністэрству аховы здароўя (БРЦ мае рахункі-фактуры на закуп гэтага прэпарату). Па падобным кошце ў 2022 годзе дзяржава набыла партыю гэтага прэпарату і ў кампаніі «Р-Фарм» — $310 за ўпакоўку (кошт «Лігматона» на дату падпісання дамовы — $317).
Лекі таннейшыя, чым «Лігматон», Беларусі прадавала расейская кампанія «Фармкамплект». У 2022 годзе пастаўкі «Дыферыліну» каштавалі на 10% менш. Але цяпер беларускі рынак для «Фармкомплекта» зачынены, распавялі БРЦ у кампаніі:
«У нас забарона ад вытворцы ўдзельнічаць у тэндары на Беларусь. <...> Гэта звязана з тым, што ў іх ёсць свае прадстаўніцтвы ў Беларусі, і яны самі там гуляюць у гэтыя тэндары».
Мы выслалі запыт французскай кампаніі-вытворцу Ipsen з просьбай растлумачыць прычыны такой палітыкі, але на момант выхаду расследавання адказу не атрымалі.
Такая практыка не з'яўляецца чымсьці незвычайным, патлумачыла БРЦ каардынатарка фонду медычнай салідарнасці BYMEDSOL Лідзія Тарасенка:
«Калі вытворца разумее, што ён можа дыктаваць свае ўмовы, больш карысныя для сябе, ён цалкам можа прыйсці з такой прапановай да дыстрыб'ютара, напрыклад, на расейскім рынку і сказаць там: "Іван Пятровіч, не хадзіце гандляваць у Беларусь, таму што мне так больш выгадна”».
Стары знаёмы
«Лігматон» — не адзіная кампанія, у якой дзяржава купляе лекі па коштах часам у разы больш высокім, чым у рознічным гандлі ў Расеі і Украіне.
Напрыклад, кампанія «Націвіта» ў траўні 2022 падпісала дамову на пастаўкі ў Беларусь леку «Глацэтат», ён жа «Цімексон», які ўжываецца пры рассеяным склерозе, па цане 557 рублёў за ўпакоўку. У расейскіх аптэках ён каштуе амаль удвая танней — 259 беларускіх рублёў.
У адным з нашых мінулых расследаванняў мы апісвалі схему паставак гэтай кампаніяй Міністэрству аховы здароўя імпартных супрацьракавых прэпаратаў пад выглядам айчынных. Іх «Націвіта» нібыта вырабляла, а насамрэч імпартавала.
Саўладальнік «Націвіты» Аляксей Сычоў быў звязаны з экс-міністрам аховы здароўя Васілём Жарко, якога называлі пратэжэ цяпер памерлай неафіцыйнай цешчы Аляксандра Лукашэнкі і бабулі ягонага малодшага сына Мікалая.
Яшчэ адна кампанія, якая належыць сям'і Сычова, — «ВітВар» — пастаўляе лекі для прафілактыкі тромбаэмбалічнай хваробы, лекавання нестабільнай стэнакардыі і інфаркту міякарда «Фраксіпарын». Цана для дазавання 0,6 мл — утрая вышэйшая, чым у расейскіх аптэках, і амаль удвая, чым ва ўкраінскіх. Дзяржава закупіла яго ў «ВітВар» па 242 рублі за ўпакоўку. У аптэках Расеі за яго просяць 79 беларускіх рублёў, Украіны — 152 рублі.
Некаторыя іншыя лекі гэтая кампанія пастаўляла ў Беларусь па больш нізкім кошце, чым у расейскіх і ўкраінскіх аптэках. Напрыклад, таблеткі ад наднырачнікавай недастатковасці «Меціпрэд» у 2022 годзе яна прадала дзяржаве ўтрая танней, чым яны каштуюць у расейскіх аптэках, і амаль удвая, чым ва ўкраінскіх. Але іх «ВітВар» паставіў на агульную суму каля мільёна рублёў, а «Фраксіпарыну» ў розных дазаваннях — на больш чым 30 млн.
Агулам за 2022-2023 гады дзяржава набыла ў кампаніяў, звязаных з Сычовым, лекаў на суму амаль на 10,5 млн рублёў (больш за $3,7 млн) больш, чым пры тэарэтычнай куплі ў раздроб у расейскіх аптэках.
Мы выслалі запыты ў кампаніі «ВітВар» і «Націвіта» з просьбай растлумачыць прычыны такой розніцы коштаў, але на момант выхаду расследавання адказу не атрымалі.
Бюракратыя на службе бізнес-элітаў
Як бачым, шэраг лекаў беларуская дзяржава закупляе оптам часам у разы даражэй, чым яны каштуюць у расейскіх і ўкраінскіх аптэках. Дыктаваць свае цэны некаторыя вытворцы і пастаўшчыкі могуць праз абмежаваную канкурэнцыю, якая выкліканая ў тым ліку ўскладненай працэдурай рэгістрацыі аналагаў медычных прэпаратаў.
Каб зарэгістраваць лекавы сродак у Беларусі, неабходна падрыхтаваць так званае рэгістрацыйнае дасье і падаць яго на першасную экспертызу. Калі атрымалася прайсці першасную экспертызу, далей трэба прайсці спецыялізаваную. Потым — збор неабходнай інфармацыі для ліквідацыі заўвагаў кожнага экспертнага заключэння. На гэта даецца 40 дзён. І толькі пасля гэтага камісія Міністэрства аховы здароўя можа зарэгістраваць ці не зарэгістраваць прэпарат.
Пра тое, наколькі складана прайсці гэтую працэдуру, можа казаць хоць бы аб'ём пераліку дакументаў, якія складаюць рэгістрацыйнае дасье. Яно займае чатыры старонкі фармату А4. Рэгістрацыя лекаў — няпросты працэс у любой краіне, адзначае Лідзія Тарасенка, але ў РБ ён мае свае асаблівасці:
«У Беларусі складанасць законаў звязаная яшчэ і з тым, што любы, ну ці амаль любы чыноўнік на сваім шляху валодае правам вета, якое можа вельмі моцна затармазіць, калі наогул не разбурыць ідэю рэгістрацыі нейкага прэпарату.
Натуральна, калі ў гандлі любым прэпаратам, хоць аспірынам, будзе зацікаўлены чалавек, набліжаны да ўлады, то ніхто іншы ніякага канкурэнта не прапусціць на рынак».
БРЦ адправіў запыты ў Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) з просьбай правесці правяранне і выявіць прычыны магчымых пераплатаў з бюджэтных сродкаў. У абодвух ведамствах нам у гэтым адмовілі.
У паведамленні МАРГ гаворыцца, што адказ на наш зварот не патрабуецца згодна з п. 2 арт. 3 закона «Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў».
У гэтым пункце сказана: «Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прадстаўніцтвы замежных арганізацыяў карыстаюцца правам на зварот нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і юрыдычнымі асобамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі».
У інтэрпрэтацыі МАРГ гэта, падобна, азначае, што для падачы звароту неабходна знаходзіцца ў Беларусі.
Міністэрства аховы здароўя абгрунтавала сваю адмову тым, што да звароту не прыкладзеныя дакументы, якія пацвярджаюць паўнамоцтвы заяўніка.