Антыфэйк / фактчэк

20 лютага

На «Беларусь 1» заявілі, што дэпутатаў Еўрапарламенту ніхто не выбірае. Разбіраемся, ці гэта так

Палітолаг Андрэй Лазуткін выбары ў парламент і мясцовыя саветы Беларусі параўнаў з выбарамі ў Еўрапарламент.

Выбараў у Еўрапарламент няма. Як і ў Еўрапейскую раду, і ў Еўракамісію. Такую заяву зрабіў палітолаг Андрэй Лазуткін у эфіры «Беларусь 1». Каманда Weekly Top Fake праверыла яго сцвярджэнне. 

Палітолаг Андрэй Лазуткін выбары ў парламент і мясцовыя саветы Беларусі параўнаў з выбарамі ў Еўрапарламент. У нашай краіне яны пройдуць 25 лютага ў межах адзінага дня галасавання, у орган ЕЗ — у чэрвені. 

«А вось там, у Еўрапарламенце, ніхто нікога не выбірае. Там ідзе такое галасаванне па краінах, ну, вядома, там фармуюцца два як бы блокі вялікія. Еўрапейская народная партыя сёння фактычна гаспадар Еўрапарламенту. Але ёсць яшчэ Еўрапейская рада, напрыклад, Еўракамісія. Іх там ніхто не выбірае наогул. Гэта значыць самі еўрапейцы не разумеюць, хто ўсе гэтыя людзі, якія намі кіруюць», — заявіў ён 9 лютага ў эфіры перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1».

Выбары ў Еўрапарламент праходзяць раз на пяць гадоў у кожнай краіне ЕЗ. Колькасць еўрадэпутатаў, якіх трэба абраць у кожнай краіне, складае ад 6 да 96 чалавек, у залежнасці ад яе памеру. Выніковая агульная колькасць — 720 дэпутатаў.

Цікавасць да гэтага мерапрыемства меншая, чым да нацыянальных выбараў, — на апошніх выбарах у Еўрапарламент у 2019 годзе яўка склала 51%. Аднак дэпутатаў у ЕП не прызначаюць, а выбіраюць выбарнікі.

Пасля абрання дэпутаты Еўрапарламенту выбіраюць кіраўніка Еўракамісіі. Для гэта за яго павінны прагаласаваць не менш за палову еўрадэпутатаў.

Еўрапейская рада складаецца з кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-чальцоў ЕЗ. Туды ўваходзяць чыноўнікі, абраныя на нацыянальных выбарах. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі