Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Нашыя журналісты атрымалі прэмію Ганса Штайгэра за журналісцкія расследаванні ад Міжнароднага цэнтру журналістаў (ICFJ), прэмію за свабодныя СМІ (Free Media Award) ад фондаў ZEIT-Stiftung Bucerius і Fritt Ord, а таксама прэмію за дасягненні ў журналістыцы дадзеных (Data Journalism Award) ад Грамадства садзейнічання развіццю працоўнай дзейнасці журналістаў і рэдакцыі (SABEW). Наш праект Dubai Unlocked увайшоў «у шорт-ліст» Sigma Awards.
З 2018 па 2026 год нашыя журналісты таксама атрымалі 11 узнагародаў беларускай нацыянальнай прэміі «Вольнае слова».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Кіраўнік БТ назваў сацсетку Х самай папулярнай у некаторых краінах. Паспрабавалі знайсці хаця б адну
Каманда WTF не знайшла краіну, у якой сацсетка Х — самая папулярная.
Сацсетка Х — адна з самых папулярных у свеце і самая папулярная ў некаторых краінах, заявіў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. Каманда Weekly Top Fake даказала, што ён памыліўся.
Пра папулярнасць сацсеткі Х (былы Twitter) Іван Эйсмант распавёў у «Клубе рэдактараў» 7 сакавіка 2025 года. Гаворка пра гэта зайшла падчас абмеркавання інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі, якое ён даў амерыканскаму твітэр-блогеру Марыё Наўфалу (Mario Nawfal) 27 лютага.
«А ў многіх краін — проста эліта-эліта ў твітары знаходзіцца, у тым ліку і лідары многіх дзяржаў, гэта такая асаблівая публіка. Ды ў Польшчы, дарэчы, у Польшчы — гэта другая паводле папулярнасці сацыяльная сетка. А ў некаторых краінах — гэта першая», — заявіў Эйсмант.
Палітычныя эліты ў розных краінах сапраўды выкарыстоўваюць сацсетку Х для заяў. Палітыкі вядуць там свае акаўнты і камунікуюць з аўдыторыяй. Аднак сярод звычайных людзей Х не так папулярная, як распавядае Эйсмант.
У Польшчы Х, па розных апытаннях, — на пятым ці шостым месцы. Больш папулярныя — Facebook і Facebook Messenger, YouTube, Instagram, WhatsApp і TikTok. Сацсеткай Х карыстаецца траціна палякаў.
У свеце Х — на 12 месцы. Яго апярэджваюць не толькі Facebook і YouTube, але і ўнутрыкітайскія версіі папулярных сацыяльных сетак, напрыклад, WeChat — мясцовы аналаг недаступнага ў КНР Snapchat, Douyin — аналаг TikTok, а таксама яго канкурэнт Kuaishou.
Каманда WTF не знайшла краіну, у якой сацсетка Х — самая папулярная. Больш за ўсё карыстальнікаў платформы — у ЗША. Але і там яна толькі на шостым месцы сярод іншых сацыяльных сетак.