Антыфэйк / фактчэк

18 жніўня 2023

Французы не могуць купіць прысмакі ў кандытарскіх, а ўкраінскія салдаты ваююць ненавучанымі. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Украінскіх ваеннапалонных будуць мяняць паводле катэгорый прыярытэтнасці

Партнёрскі матэрыял
Украінскіх ваеннапалонных падзялілі на катэгорыі па прыярытэтнасці абмену, напісала 20 чэрвеня 2023 года РИА «Новости». Гэта нібыта вынікае з ліста Міністэрства рэінтэграцыі Украіны, копія якога ёсць у распараджэнні рэдакцыі агенцтва.

«У Кіеве падзялілі сваіх ваеннапалонных на катэгорыі па прыярытэтнасці абмену на расейцаў: у першую чаргу перамоўшчыкам загадана вяртаць баяздольных салдат і афіцэраў "Азова", апошнія ў спісе — простыя параненыя ўкраінскія вайскоўцы, якія па стане здароўя не змогуць вярнуцца ў строй.

Гэта вынікае з ліста кіраўніка “Цэнтру па аднаўленні міру” Міністэрства рэінтэграцыі краіны Аляксандра Смірнова сакратару каардынацыйнага штабу па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі Дзмітрыю Усаву, копія якога маецца ў распараджэнні РИА Новости», — гаворыцца ў нататцы.

Ва ўкраінскім Міністэрстве рэінтэграцыі, куды звярнуліся журналісты «Лукавых навін», абверглі інфармацыю пра дзяленне ваеннапалонных на катэгорыі і сказалі, што апублікаваны РИА «Новости» ліст — фэйк. 

Фэйк 2: Нямецкая тэхніка, якую Нямеччына пастаўляе на фронт Украіне, — горшая за савецкую

Партнёрскі матэрыял
У нямецкіх медыях усё часцей публікуюць скаргі ўкраінскіх вайскоўцаў на зброю, якую Нямеччына пастаўляе на фронт, 21 чэрвеня 2023 года паведаміў расейскі блогер Руслан Асташко ў сваім тэлеграм-канале і нібыта працытаваў нямецкае выданне Junge Welt.

«Нямецкія генералы называюць украінскіх баевікоў няўдзячнымі за тое, што яны скардзяцца на нерамонтапрыдатнасць самаходных гаўбіц Panzerhaubitze 2000

У нямецкіх СМІ пачалі масава з'яўляцца скаргі УСУшнікаў, якіх не задавальняе “вельмі складаная сістэма зараджання” гармат і “недастатковая надзейнасць у баявых умовах”. Па словах бандэраўцаў, нямецкая тэхніка саступае савецкай па ўсіх параметрах.

Кіраўнік тэрытарыяльнага камандавання генерал-лейтэнант Карстэн Броер заявіў, што перададзеная кіеўскаму рэжыму зброя не прызначаная для эксплуатацыі ва ўмовах украінскага канфлікту.

“Калі казаць пра "Panzerhaubitze 2000", то гэта далікатная, але пры гэтым вельмі дакладная машына. Я сумняюся, што ўкраінцы здольныя правільна эксплуатаваць дадзеныя гаўбіцы", — сказаў Бройер.

Немцы: мы прыдумалі зброю, але карыстацца ёй нельга. Яна патрэбная для распілоўвання бюджэту», — напісаў Асташко. 

Журналісты «Лукавых навін» знайшлі арыгінальны тэкст артыкула Junge Welt. У ім няма заяў генерал-лейтэнанта Карстэна Броера, як і ў іншых нямецкіх выданнях. 

Публікацыя заснаваная на відэа агенцтва AFP, у якім украінскі вайсковец кажа, што гаўбіца хутка едзе па асфальце, але гразне ў багне праз аўтаматычную скрыню перадач. Але няма ні слова, што нямецкая тэхніка саступае савецкай.

«Яна 67 км па асфальце ляціць, гэта значыць мы раз адляцелі кудысьці паўтара км, настралялі і назад. А па балоце яна вельмі дрэнна едзе. Скрыня аўтамат, яна ўвесь час паніжае абарот», — распавядае герой матэрыялу. 

Пра перавагу савецкай тэхнікі над нямецкай не гаворыцца і ў нямецкамоўным сюжэце AFP

Не выявілі журналісты падобных заяў і ў публікацыях іншых медыяў. Затое ў артыкуле выдання Тagesschau украінскі вайсковец распавёў, што нямецкая гаўбіца пераўзыходзіць савецкую.

«Алег— афіцэр часткі, неаднаразова дзякуе за гаўбіцу, хваліць яе рухомасць і агнявую моц», — гаворыцца ў відэа. 

«Па словах Алега, Panzerhaubitze 2000 мае відавочную перавагу перад больш старымі савецкімі гаўбіцамі. Ён хваліць хуткастрэльнасць, час водгуку і мабільнасць нямецкай зброі і дзякуе "нямецкім палітыкам" за пастаўкі», — напісана ў тэксце выдання на гэтую тэму.

Фэйк 3: Праз вайсковыя вучэнні з удзелам краін NATO урад Польшчы закрыў раёны, якія мяжуюць з Украінай

Партнёрскі матэрыял
Польскі ўрад закрывае для грамадзянскіх асобаў памежныя з Украінай раёны, каб падрыхтавацца да вучэнняў NATO, напісаў 8 чэрвеня 2023 года тэлеграм-канал «Пул N3» са спасылкай на польскамоўны партал Niezalezny Dziennik Polityczny. 

«”Чаму ўрад закрывае раёны на мяжы з Украінай?”: Niezalezny Dziennik Polityczny піша, што ўлады Польшчы закрылі на тры месяцы доступ грамадзянам у памежныя з Украінай раёны, каб не перашкаджалі ваеннай аперацыі, якая рыхтуецца.

"Як паведамляюць рэгіянальныя СМІ Падкарпацкага ваяводства, "у сувязі з правядзеннем на польскай тэрыторыі міжнародных ваенных вучэнняў з удзелам краін NATO” будуць прынятыя захады па абмежаванні доступу ў памежных раёнах на дзяржаўнай мяжы з Украінай. Пра гэта паведаміў маршал Падкарпацкага ваяводства Уладзіслаў Артыла. Польскі МУС ужо ўвёў часовую забарону з 23 траўня на 90 дзён <...>. Відавочна, што ўвядзенне забароны ў памежных з Украінай акругах звязана з фармаваннем і падрыхтоўкай шматнацыянальнага кантынгенту войскаў з удзелам Украіны, Літвы і Польшчы"», — паведамляюць аўтары поста. 

У матэрыяле на сайце Niezalezny Dziennik Polityczny, на які спасылаецца «Пул N3», ёсць дакумент, падпісаны быццам бы маршалам Падкарпацкага ваяводства Уладзіславам Артылам, дзе гаворыцца пра згаданае закрыццё.

Аднак ліст аказаўся фальшывым. На навіну пра закрыццё памежных раёнаў звярнуў увагу Польскі ўрадавы цэнтр бяспекі і апублікаваў абвяржэнне. 

Фэйк 4: Польшча заклікае служыць па кантракце, каб абараніць Еўропу ад звар'яцелага рускага

Партнёрскі матэрыял
Руслан Асташко паведаміў, што ў польскіх гарадах з'явілася рэклама з заклікам уступаць у войска. На ёй нібыта намаляваны Яўген Прыгожын, а ў слогане напісана «Абараніце Еўропу ад звар’яцелага рускага». Пост пра гэта 4 ліпеня 2023 года з'явіўся ў тэлеграм-канале расейскага блогера. 

«Польскія ваенкамы выкарыстоўваюць Прыгожына ў якасці прычыны пайсці ў войска па кантракце

"Польшча — гэта шчыт Еўропы. Абараніце Еўропу ад звар’яцелага рускага".

Варта было толькі ПВК асталявацца ў Беларусі, як польскія сабакі ўжо пачалі паціскаць хвасты», — напісаў аўтар посту.

У Польшчы такая рэкламная кампанія не праводзілася. На распаўсюджанае фота з Прыгожыным адрэагаваў Міраслаў Брысь, начальнік Цэнтральнага ваеннага прызыўнога цэнтру. 

«Чарговая акцыя з выкарыстаннем фэйка, раскручанага ў расейскіх СМІ. Гэтым разам накіраваны на #ДобровольнаяБазовая.

Расейская прапаганда ўсё яшчэ спрабуе стварыць хаос. Не падсілкоўвайце #fakenews і не дублюйце іх. Будзем пільныя і #фейкоУстойчивыми», — напісаў Брысь у сацсетцы Х.

Фэйк 5: ТРА УСУ скрала мільёны грыўняў, выдзеленых на пашыў формы

Партнёрскі матэрыял
Байцы тэрытарыяльнай абароны УСУ раскралі мільёны грыўняў на пашыве адзення, паведамілі ў тэлеграм-канале «Украина.ру». Пост пра гэта з'явіўся 1 ліпеня 2023 года. Яго аўтары сцвярджаюць, што нейкай фірме перавялі грошы на пашыў формы, але замову не выканалі. А грошы падзяліў пастаўшчык з камандаваннем 129-й брыгады. 

«Камандаванне 129 ТРА УСУ скрала мільёны на пашыве формы. Па дадзеных следства, нейкай фірме было пераведзена звыш 30 млн грн. на пашыўку формы. Кіруючыся ўмовамі дамовы, пастаўшчыку пералічылі больш за 9 млн грн у якасці перадаплаты.

Аднак заказ выкананы не быў, пастаўшчык яго нават не пачаў выконваць, а грошы падзяліў з камандаваннем (тылавікамі) 129 брыгады ТРА.

Цяпер усе разбіраюцца, дзе грошы, дзе форма, хто вінаваты і што рабіць...» — паведамляе «Украина.ру».

З гэтай нагоды ва Украіне сапраўды завялі крымінальную справу. Аднак байцы 129-й ТРА не маюць да гэтага дачынення. На сайце Днепрапятроўскай абласной пракуратуры, дзе пісалі пра гэтае разбіральніцтва, яны не згадваюцца

«Пракуроры Крыварожскай цэнтральнай акруговай пракуратуры накіравалі ў суд абвінаваўчы акт у дачыненні да дырэктара таварыства па факце завалодання чужой маёмасцю шляхам злоўжывання службовым становішчам ва ўмовах ваеннага стану, у асабліва буйных памерах (ч.5 арт. 191 КК Украіны).

Па дадзеных следства, паміж выканаўчым камітэтам Крыварожскага гарадскога савету і ТАА была заключана дамова па вырабе і пастаўцы ваеннага адзення для байцоў сіл тэрабароны УСУ на агульную суму 30 млн грн. Згодна з умовамі дамовы, гарсавет пералічыў пастаўшчыку перадаплату на суму больш за 9 млн грыўняў.

Не выканаўшы замову ў поўным аб'ёме, дырэктар таварыства перавёў частку атрыманых сродкаў на ўласныя банкаўскія рахункі і распарадзіўся імі па сваім меркаванні. Згодна з судова-эканамічнай экспертызай і іншымі доказамі, абвінавачаны нанёс тэрытарыяльнай суполцы гораду амаль 2,5 млн грн шкоды», — паведамляе пракуратура.

Журналісты «Лукавых навін» звярнуліся наўпрост у пракуратуру, дзе пацвердзілі, што па справе як абвінавачаны праходзіць толькі адзін чалавек — дырэктар таварыства, які не выканаў замову.

Фэйк 6: Экс-прэм'ер Украіны Арсеній Яцанюк заклікаў украінцаў адумацца

Партнёрскі матэрыял
Былы прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк заклікаў украінцаў адумацца, паведаміў 27 чэрвеня 2023 года ў сваім тэлеграм-канале экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Ілля Ківа, які прытрымліваецца прарасейскіх поглядаў. У якасці доказу ён апублікаваў відэа з нібыта зваротам палітыка. Рэпост з'явіўся на канале Уладзіміра Салаўёва. 

«Забыўся вам расказаць: тэлефанаваў на выходных Яцанюк (Сеня), прасіў прабачэння за старое, прасіў прабачэння і вымольваў літасці. Абяцаў крытыкаваць рэжым Зяленскага і ягоных куратараў, пакуль ён не будзе знішчаны!!!» — гаворыцца ў подпісе да відэа. 

«Вы не спрабавалі наогул прааналізаваць сваю краіну, свайго так званага прэзідэнта, сваё жыццё, што вы нарабілі, чаго вы дасягнулі і як вы далей збіраецеся з гэтым жыць? З гэтым гістарычным грузам. Вы асацыюецеся з вашымі культурнымі міфамі ці вы асацыюецеся з ваеннымі злачынствамі? Ці вы асацыюецеся са згвалтаваннямі, з забойствамі мірных грамадзян? 

Не дае магчымасці сцвярджаць, што гэта дзяржава ў стане быць нармальнай, адэкватнай, дэмакратычнай, не таталітарнай. Не дае мне такой магчымасці. Мы вельмі добра ведаем адказ на пытанне, як мы прыйшлі туды, дзе мы знаходзімся, і што мы з гэтым будзем рабіць. Мы не прыйшлі туды, нас прымусілі. Гэта мае найвелізарнейшыя наступствы, як бы гэта ні завяршылася. Гэта ўжо факт. 

Гэта была частка дзяржаўнай палітыкі і ёсць частка дзяржаўнай палітыкі. <...> Больш нацысцкага рэжыму пасля Адольфа Гітлера ў Еўропе не было. Гэта энцыклапедычны прыклад нацызму, антысемітызму, расізму — усіх -ізмаў, якія толькі ёсць. З генацыдальным напрамкам», — кажа Яцанюк на відэа. 

Пра ўсё гэта былы ўкраінскі прэм'ер сапраўды казаў — у інтэрв'ю журналісту Дзмітрыю Гардону. Пазней яго прамову парэзалі і змантавалі. На самай справе Яцанюк заклікаў задумацца грамадзян Расеі — над тым, што адбываецца і з чым яны будуць асацыявацца. 

«Сапраўды, адбылася. Толькі нацыфікацыя. Непасрэдна самой Расеі. Больш нацысцкага рэжыму пасля рэжыму Адольфа Гітлера, чым пуцінскі рэжым, у Еўропе не было. Гэта наогул энцыклапедычны прыклад нацызму, ужо антысемітызму расізму, усіх -ізмаў толькі існых. З генацыдальным напрамкам. <...>

З чым вы цяпер асацыюецеся? Са сваімі культурнымі міфамі або ваеннымі злачынствамі? Згвалтаваннямі? Забойствамі мірных грамадзян? З гэтым асацыюецца Расея? І хто гэта ўсё зрабіў? Дык у яго ёсць прозвішча — Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч. А яшчэ глядзім далей. Тыя, хто падтрымліваў Пуціна Уладзіміра Уладзіміравіча. <...>

Я хачу, каб самі расейскія грамадзяне задалі сабе пытанне і паспрабавалі на яго адказаць: як вы сюды прыйшлі, дзе вы знаходзіцеся і што вы збіраецеся з гэтым рабіць? Тое, што мы, як украінцы, мы вельмі добра ведаем адказ на гэтае пытанне. Як мы прыйшлі, дзе мы знаходзімся і што мы будзем з гэтым рабіць. Мы не прыйшлі туды, нас прымусілі прыйсці, каб ваяваць за сваю краіну. Вы прымусілі. А чым гэта скончыцца? Ёсць сусветная справядлівасць: як скончылася нацысцкая Нямеччына, павінна скончыцца пуцінская Расея», — сказаў Арсеній Яцанюк на арыгінальным запісе.

Фэйк 7: Каштоўнасці з Кіева-Пячэрскай лаўры пайдуць з малатка ў Парыжы

Партнёрскі матэрыял
У Парыжы анансавалі аўкцыён праваслаўных святынь, 12 ліпеня 2023 года паведамілі аўтары тэлеграм-канала тэлеканала «Царьград ТВ». Да поста прымацавалі афішу аўкцыёну. 

«У канцы чэрвеня з'явіліся паведамленні пра тое, што еўрапейскія музеі, пры згодзе ўладаў Украіны, плануюць вываз мошчаў святых і начыння з Кіева-Пячэрскай лаўры. Мошчы волата Іллі Мурамца, Нестара Летапісца, сотні абразоў і іншыя рэліквіі збіраюцца вывезці ў Еўропу.

Ужо праведзены вопіс царкоўнай маёмасці, вызначаны кошт перавозкі хрысціянскіх каштоўнасцяў у Еўропу, выдзелена фінансаванне і падрыхтаваны транспарт. Фактычна рыхтавалася рабаванне найвядомейшага праваслаўнага прыстанку. А цяпер можна з упэўненасцю сказаць: рабаванне адбылося. І ў Парыжы анансуюць не выставу, а аўкцыён “Скарбы Кіева-Пячэрскай лаўры". ЮНЕСКА можа ганарыцца: для захавання святынь зроблена ўсё магчымае», — гаворыцца ў паведамленні.

Журналісты «Лукавых навін» зайшлі на сайт аўкцыёну Osenat і не знайшлі інфармацыі пра гандляванні скарбамі Кіева-Пячэрскай Лаўры. Па каментар яны звярнуліся да арганізатараў. 

Прадстаўнік Osenat паведаміў, што інфармацыя пра аўкцыён са святынямі — хлусня: 

«Гэта зусім фэйкавая інфармацыя. Відаць, хтосьці знайшоў першы аўкцыён, які трапіў у інтэрнэце, сфабрыкаваў афішу з нашым лагатыпам і сфатаграфаваў. Уся інфармацыя пра аўкцыён, які адбудзецца 24 верасня, а не 1 кастрычніка, ёсць на нашым сайце osenat.com. Мы рабілі рэкламу пра тое, што шукаем лоты, але не пра сам аўкцыён, бо ён яшчэ не гатовы. Вельмі шкадую, што хтосьці выкарыстаў наш лагатып у сваіх прапагандысцкіх інтарэсах». 

Фэйк 8: Сацыяльная рэклама ў Нямеччыне заклікае не нараджаць «кліматычных забойцаў»

Партнёрскі матэрыял
Расейскі журналіст і блогер Армэн Гаспаран у сваім тэлеграм-канале апублікаваў фотаздымак нібыта сацыяльнай рэкламы ў Нямеччыне, дзе дзіця называюць «кліматычным забойцам». 

«Да сучаснай ідыятыі немагчыма прызвычаіцца. Сацыяльная рэклама ў Нямеччыне: "Будучыня або кліматычная забойца?”. Маці дваіх дзяцей...» — гаворыцца ў допісе за 10 ліпеня 2023 года.

На самой справе плакат — гэта не сацыяльная рэклама, а афіша рэпартажу тэлеканалу Arte пра кліматычных актывістаў, якія адмаўляюцца ад нараджэння дзяцей або абіраюць нараджэнне аднаго дзіцяці. 

Фэйк 9: Зброя, якую Захад пастаўляе Украіне, ужываецца супраць паліцыі ў Францыі

Партнёрскі матэрыял
У Францыі падчас маршаў з-за забойства паліцыяй падлетка ў руках пратэстоўцаў апынулася зброя, якую Захад адправіў Украіне, 6 ліпеня заявіла Марыя Захарава, афіцыйная прадстаўніца расейскага МЗС. 

«Зброя, пастаўленая Кіеву, аказваецца ў руках акурат тых самых пратэстоўцаў і ўжываецца супраць паліцыі там, у Францыі. Я не ведаю, казаў пра гэта прэзідэнт Францыі Макрон свайму народу ці гэта захоўваецца ў сакрэце, але тады пра гэта скажам мы. Так, тая самая зброя, якую пастаўляе Захад, NATO і непасрэдна Францыя, тыя самыя грошы, якія яны ўліваюць у падтрымку нацыяналістаў, нацыстаў і фашыстаў на тэрыторыю Украіны, як бумерангам аказваецца не проста ў іх на тэрыторыі, а б'юць па іх жа ўласным народзе», — распавяла Захарава. 

З якіх крыніц узяла гэтую інфармацыю прадстаўніца расейскага МЗС, дакладна сказаць складана. Пра гэта пісалі аўтары тэлеграм-каналу «Укропский фреш»:

«Колазварот зброі: супраць французскай паліцыі ўжыты вінтоўкі, пастаўленыя УСУ

Французская паліцыя абстраляная з амерыканскіх вінтовак, якія, магчыма, прыбылі з Украіны. 

У пагромшчыкаў канфіскаваныя дзве мадыфікаваныя буйнакаліберныя вінтоўкі Accuracy International. Такія ж вінтоўкі пастаўляліся на Украіну летам мінулага года».

У посце ёсць скрыншот з загалоўкам артыкулу, на які нібыта спасылаюцца аўтары. 

Арыгінальны тэкст з такім загалоўкам журналісты «Лукавых навін» не знайшлі. Фотаздымак, выкарыстаны як ілюстрацыя, узялі з матэрыялу 2012 года. Кадр быў зроблены ў Расеі. 

Заяву Захаравай заўважылі ў Францыі. Прэс-сакратарка французскай дыпламатыі Ан-Клер Лежандр пракаментавала словы прадстаўніцы МЗС РФ, назваўшы абвінавачванні неабгрунтаванымі.

«Я не маю звычкі каментаваць беспадстаўныя заявы спадарыні Захаравай. У дадзеным выпадку, як вы ведаеце, мы пастаўляем зброю Украіне ў падтрымку яе законных абарончых дзеянняў перад тварам нападу Расеі на тэрыторыю Украіны», — сказала Лежандр. 

Фэйк 10: Захад перанёс увод санкцый супраць ПВК «Вагнер», спалохаўшыся ядравай зброі

Партнёрскі матэрыял
Заходнія краіны настолькі баяцца расейскай ядравай зброі, што нават санкцыі супраць ПВК «Вагнер» увялі не адразу, заявіла дырэктарка прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская.

«Мне здаецца, што сітуацыя з ПВК "Вагнер" паказала, што ядравая зброя — гэта акурат тое, што вельмі стрымлівае і выцвярэжвае. Вы паглядзіце на рэакцыю заходніх краін. Па-першае, яны тут жа не ўводзілі санкцыі супраць... адмянілі ўвод санкцый, ці дакладней, перанеслі ўвод санкцыі супраць ПВК "Вагнер". Таму што разумелі, што калі яны ўводзяць ці не ўводзяць санкцыі, такім чынам яны падтрымліваюць тую ці іншую групу, і тут жа абтэлефанавалі сваіх еўрапейскіх калегаў, каб тыя не праяўлялі сябе ніяк у дачыненні да таго, што адбываецца», — сказала Шпілеўская 30 чэрвеня 2023 года ў «Клубе рэдактараў» на «Беларусь 1».

Каб узгадаць храналогію падзей, Вользе Шпілеўскай дастаткова было адкрыць матэрыялы расейскіх калегаў. Да прыкладу, ТАСС пісала, што Еўразвяз увёў санкцыі ў дачыненні «ПВК Вагнер цэнтр» у дзень пачатку бунту — 23 чэрвеня 2023 года. Lenta.ru паведаміла, што ЗША не будуць адкладаць рашэнне па ўвядзенні санкцый супраць кампаніі Яўгена Прыгожына

Вось, што з нагоды санкцый казаў прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Мэцью Мілер:

«Мы ніколі не каментуем тэрміны ўвядзення санкцый. Я скажу, што ў цэлым мы заўсёды разлічваем санкцыйныя дзеянні, якія мы робім, для максімальнага ўздзеяння і максімальнага эфекту, і мы будзем працягваць, як я сказаў хвіліну таму, стрымліваць "Вагнера" або любую іншую арганізацыю, якая праводзіць дэстабілізуючую дзейнасць, якую "Вагнер" праводзіў па ўсім свеце. Мы будзем працягваць прыцягваць да адказнасці любую такую арганізацыю».

І сапраўды, санкцыі ўвялі на наступны дзень пасля выступу Мілера, то бок 27 чэрвеня.

Фэйк 11: Ва Умані мужчыну накаўтавалі проста на вуліцы і без прытомнасці павалаклі ў ваенкамат

Партнёрскі матэрыял
Ва Украіне бесчалавечна забіраюць на фронт маладых людзей, распавяла 14 ліпеня 2023 года вядоўца Вольга Бялова ў праграме «Здравствуйте, товарищи!» на тэлеканале «Звезда». 

«Ва Умані мужчыну, які адмовіўся браць позву, яго проста накаўтавалі і без прытомнасці павалаклі ў ваенкамат», — пракаментавала яна відэа, на якім людзі ў камуфляжных штанах і аліўкавых футболках білі чалавека, які ўпаў на зямлю. 

Яшчэ адна гісторыя ад Бяловай: адэсіт кінуў вулей з пчоламі ў нібыта супрацоўнікаў ваенкамату. 

«У Адэскай вобласці супрацоўнікі ваенкамату прыйшлі да мясцовага жыхара. Адэсіт, прыгажунчык, не разгубіўся, кінуў ва УСУшнікаў вулей з пчоламі», — распавяла вядоўца.

На самой справе на відэа адбываецца зусім не тое. На першым — па паведамленнях у медыях, у чэрвені 2023 года ў горадзе Манастырышча п'яны мужчына прыставаў да дзяцей, праз што вайскоўцам прыйшлося ўжыць сілу пры яго затрыманні. А ў Адэскай вобласці да мужчыны прыйшлі не супрацоўнікі ваенкамату, а паліцыя з праверкай у межах контр-дыверсійных захадаў.

Фэйк 12: Армэн Гаспаран напісаў у тэлеграм-канале пост пра артыкул, які не існуе

Партнёрскі матэрыял
Радыёвядоўца і блогер Армэн Гаспаран у сваім тэлеграм-канале 19 ліпеня 2023 года апублікаваў скрыншот нібыта з артыкулам выдання Deutsche Welle. Азагалоўлены ён цытатай вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазепа Барэля: «Расея цалкам і даастатку вінаватая ў зрыве ўкраінскага контрнаступу і павінна панесці сур'ёзную адказнасць». 

«Усё. Проста ўсё», — пракаментаваў Гаспаран. Верагодна, больш дадаць не было чаго, бо такога артыкула ў Deutsche Welle не выходзіла.

Фэйк 13: Міністэрствы Нарвегіі падвергліся кібератацы праз прыватныя порнасайты

Партнёрскі матэрыял
Блогер Руслан Асташко ў сваім тэлеграм-канале 25 ліпеня 2023 года запосціў скрыншот з артыкулам інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу «Голос Америки». У яго загалоўку нібыта напісана, што 12 міністэрстваў Нарвегіі падвергліся кібератацы праз прыватныя порнасайты. 

«Нарвежскія вычварэнцы трапілі ў пастку. Наўрад ці адзін і той жа чалавек працуе ў 12 міністэрствах», — падпісаў скрыншот Асташко.

У сапраўдным артыкуле на сайце «Голос Америки» няма інфармацыі пра сувязь кібератак з порнасайтамі. Але, у другім жа сказе гаворыцца, што Нарвегія ў гэтых нападах падазрае прарасейскую групоўку.

Фэйк 14: Не больш за 4% украінскага збожжа, рапсу і кукурузы сышлі ў Азію і Афрыку па збожжавай угодзе

Партнёрскі матэрыял
17 ліпеня 2023 года Расея заявіла аб выхадзе са збожжавай здзелкі. Яе заключылі ў Стамбуле год таму, каб забяспечыць глабальную харчовую бяспеку і дапамагчы краінам Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, якія жывуць у нястачы.

У рамках здзелкі падпісалі два пагадненні, адно з якіх прадугледжвала бяспечны вываз украінскага збожжа і іншага харчавання.

Расейская тэлевядоўца Вольга Скабеева 18 ліпеня ў эфіры перадачы «60 минут» распавяла, што краінам Азіі і Афрыкі дасталася не больш за 4% ад вывезеных у рамках здзелкі з Украіны культур. Астатняе адправілася ў Еўропу.

«Паказальна, наколькі заходнія СМІ трымаюць сваіх гледачоў за ідыётаў, бо інфармацыя пра тое, што ўкраінскае збожжа, рапс, кукуруза ішлі акурат у краіны ЕЗ, знаходзіцца ў абсалютна адкрытым доступе. Як і тое, што Азіі і Афрыцы ад дадзенага кавалка пірага даставалася толькі 3%, максімум 4%. Калі дакладней, то з амаль 33 мільёнаў тон збожжавых у найбяднейшыя краіны ў рамках той самай здзелкі было пастаўлена крыху менш за два мільёны тон пшаніцы і 26 тысяч тон алею», — прывяла лічбы вядоўца. 

ААН дае зусім іншыя дадзеныя. У рамках Чарнаморскай ініцыятывы ў Афрыку і Азію адправілі 58,49% збожжа. У найбяднейшыя краіны — не крыху менш за два мільёны тон, а 802 тысячы тон. Калі да іх дадаць краіны з прыбыткам ніжэй сярэдняга, куды сплылі тры мільёны тон, то атрымаецца 3,8 мільёна тон збожжа ці 43% ад усёй адпраўленай пшаніцы. 

Калі Скабеева пад алеем мае на ўвазе сланечнікавы, то 20 тысяч тон адправілася ў Эфіопію. І гэта адзіная краіна з разраду low-income (найбяднейшыя). Калі ўзяць яшчэ і краіны lower middle income (з прыбыткам крыху ніжэй сярэдняга), то ў суме атрымліваецца, што туды адправілі прыкладна 618 тысяч тон алею або 37% ад усяго аб'ёму паставак. 

Фэйк 15: Салдаты УСУ гінуць, бо не ўмеюць кіраваць заходняй тэхнікай

Партнёрскі матэрыял
Украінскія байцы гінуць на вайне, таму што іх саджаюць у заходнюю тэхніку ненавучанымі, падзяліўся меркаваннем міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў 16 ліпеня 2023 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1». 

«Там гінуць ненавучаныя ўкраінскія байцы, якіх ловяць на вуліцы, саджаюць у тэхніку, якая яшчэ ўчора прыехала з заходніх дзяржаў, і проста не навучаныя кіраваць. І гэта шматтысячныя ахвяры», — заявіў чыноўнік.

Актыўная падрыхтоўка ўкраінскіх вайскоўцаў у Еўропе пачалася ў траўні 2022 года. Тады вайскоўцы з Украіны вучыліся кіраваць нямецкімі гаўбіцамі PzH 2000. 

У чэрвені 2022-га яны прайшлі трохтыднёвыя курсы па працы з устаноўкамі HIMARS, у ліпені навучылі 200 чалавек. Тады ж у ліпені 2022-га Нямеччына пачала падрыхтоўку ўкраінцаў да кіравання самаходнымі зенітнымі ўстаноўкамі Gepard. 

Да верасня ўжо Францыя навучыла 40 жаўнераў працы на САУ «Цэзар». А са студзеня 2023 года ўкраінцы вучыліся кіраваць БМП Bradley і САУ M109 Paladin. Тады ж у Нямеччыну прыбылі салдаты для заняткаў на БМП Marder. З лютага 2023-га Нямеччына навучае ўкраінцаў працы на танках Leopard. У гэтым жа месяцы ў Польшчу прыбылі 105 украінцаў, каб вучыцца кіраванню танкамі. У лютым група з 636 украінскіх салдат завяршыла курс па працы на БМП Bradley. 

У сакавіку ў ЗША 65 украінцаў падрыхтавалі да працы на сістэме СПА Patriot, больш за 4000 вайскоўцаў у складзе брыгад, аснашчаных БПМ Bradley і БТР Stryker, вярнуліся з амерыканскіх палігонаў у Нямеччыне ва Украіну. На працягу амаль года яны праходзілі навучанне па 40 розных праграмах. 

Таксама вядома, што ўкраінскія вайскоўцы вучыліся кіраваць танкамі Challenger 2 у Вялікай Брытаніі. Тады ж гэтыя танкі і прыбылі ва Украіну. У красавіку Данія скончыла падрыхтоўку артылерыстаў да працы на гаўбіцах CAESAR і планавала пасля гэтага перадаць усю сваю тэхніку гэтага тыпу Украіне. 

У канцы траўня ўкраінцы пачалі вучыцца кіраванню і абслугоўванню танкаў Abrams. Самі танкі абяцаюць паставіць ва Украіну да восені.

Фэйк 16: Французы не могуць сабе дазволіць прысмакі з кандытарскіх

Партнёрскі матэрыял
У мноства карэнных французаў настолькі нізкія заробкі, што яны не могуць сабе дазволіць прысмакі з кандытарскіх, распавёў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў 16 ліпеня 2023 года ў эфіры «Клуба рэдактараў» на «Беларусь 1».

«Па сацапытаннях, многія карэнныя французы марылі б паспрабаваць тое, што ў кандытарскіх вітрынах, бо там далёка не высокія заробкі па еўрапейскіх маштабах: і €700, і €1200 атрымліваюць вельмі-вельмі шмат французаў», — паведаміў Пярцоў.

Па дадзеных французскай статыстыкі, мінімальны заробак у Францыі з мая 2023 года складае €1383 нета пры 35-гадзінным працоўным тыдні. У Беларусі ж з 2023 года месячны мінімальны заробак усталявалі ў памеры 554 беларускіх рублёў, то бок каля €196.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі