Шольц — нашчадак эсэсаўца
Пра сувязь еўрапейскіх палітыкаў з нацыстамі памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных сілах, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Леанід Касінскі згадаў падчас сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці ў снежні 2024 года. Ён паказаў прэзентацыю, у якой гаварылася, што канцлер Нямеччыны Олаф Шольц — унук групэнфюрэра СС Фрыца фон Шольца.
Гэты фэйк стварыў Яўген Прыгожын. Журналісты нямецкіх медыяў выкрылі яго яшчэ ў красавіку 2022 года. Яны знайшлі ў архіве інфармацыю, што ў меркаванага родзіча Олафа Шольца не было дзяцей. Месцы жыхарства і працы продка нямецкага канцлера і групэнфюрэра СС не супадаюць.
Фрыц фон Шольц нарадзіўся ў горадзе Плзэнь, які раней уваходзіў у склад Аўстра-Вугоршчыны. З жонкай ён жыў у аўстрыйскім горадзе Пёрчах-ам-Вёртэрзе (Pörtschach am Wörthersee) і працаваў хімікам да вайны. Загінуў у 1944 годзе. Бабуля і дзядуля Олафа Шольца, паводле архіўных дакументаў, паходзілі з Гамбурга. Яны працавалі на чыгунцы.
Дзед і ўнук з рознымі прозвішчамі
Да ўнукаў нацыстаў Касінскі далучыў таксама міністра аховы здароўя Нямеччыны Карла Лаўтэрбаха і міністра фінансаў Крыст’яна Лінднэра. Дзядулям першага нібыта быў обергрупэнфюрэр СС Хартман Лаўтэрбахер. Нават без дакументальных пацверджанняў можна засумнявацца, што гэта праўда, бо ў меркаваных дзеда і ўнука адрозніваюцца прозвішчы. Але нямецкія журналісты звярнуліся да архіваў. Дзеці обергрупэнфюрэра СС Хартмана Лаўтэрбахера мелі імёны Ёрг, Клаус і Ільзе, а бацькі міністра — Вільгельм і Гертруда.
Дзедам міністра фінансаў Крыст’яна Лінднэра ідэолаг Мінабароны назваў брыгадэнфюрэра СС Герхарда Лінднэра. На самой справе нацыст Лінднэр быў генерал-маёрам і служыў у вермахце, а не ў СС. У 1945-м яго арыштавалі хаўруснікі і асудзілі, а праз два гады ён выйшаў на волю. Памёр ён у Аўрыху Ніжняй Саксоніі ў 1982 годзе.
Крыст’ян Лінднэр у аўтабіяграфіі пісаў, што ў ягоных дзядулі і бабулі была пякарня ў Вупэрталі, зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія. Яны там працавалі, калі міністр быў падлеткам, а значыць пазней, чым памёр Герхард Лінднэр, бо сучасны Лінднэр нарадзіўся ў 1979 годзе.
Гэтыя фэйкі таксама старыя. Іх стварыла прэс-служба Яўгена Прыгожына. Ілжывую інфармацыю апублікавалі расейскія медыі, а ў 2023 годзе нават агучылі ў праграме «Чалавек і закон» на «Первом канале».
Унучка чыноўніка Трэцяга Райху
У спіс «нашчадкаў» нацыстаў Касінскі занёс і кіраўніцу Еўракамісіі Урзулю фон дэр Ляен. Ідэолаг сцвярджаў, што яе дзед — былы начальнік упраўлення МЗС і гандлёва-гаспадарчых ведамстваў Трэцяга Райху Карл Альбрэхт. Ён працаваў у акупаванай Украіне і прымушаў мясцовае насельніцтва да рабскай працы.
Падобныя фэйкі пра кіраўніцу Еўракамісіі распаўсюджвалі ў 2022 годзе. Але на самой справе дзядулем Урзулі фон дэр Ляен быў вядомы псіхатэрапеўт і аўтар кнігі «Псіхалогія містычнай свядомасці» Карл Эдуард Альберт. Гэтая інфармацыя змешчана на сайце Geneastar.org.
Каманда Weekly Top Fake таксама ўжо развенчвала фэйк пра продка кіраўніцы Еўракамісіі. Тады нацыстам яго назвалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС прэміум».
Дзед Дуды сябраваў з Бандэрам
Згадаў Касінскі і польскага палітыка. Ён назваў прэзідэнта Анджэя Дуду ўнукам Міхайлы Дуды, паручыка Украінскай паўстанцкай арміі і сябра Сцяпана Бандэры. Гэтая інфармацыя неаднаразова з’яўлялася ў медыяпрасторы. Напрыклад, у 2022 годзе пра гэта распавёў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.
Дзед Анжэя Дуды па бацькавай лініі — паляк Алойзы Дуда (Alojzy Duda). Ён жыў у Старым Сончы, працаваў кушняром, памёр у 1992 годзе. Пра гэты фэйк каманда WTF ужо распавядала ў 2022 годзе.
Леанід Касінскі ў сваёй прэзентацыі паказаў і быццам дзеда прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска — рэйхсфюрэра СС Юзэфа Туска. Фэйк пра польскага палітыка развянчалі яшчэ ў 2019 годзе, піша «Наша ніва». Фактчэкеры незалежнага цэнтру расследавальніцкай журналістыкі Correctiv даказалі, што дзед Дональда Туска Юзэф працаваў на чыгунцы. Пасля таго, як яго ў 1939 годзе арыштавалі, ён прайшоў праз два нямецкія канцэнтрацыйныя лагеры, а ў 1944-м дзеда Туска прызвалі служыць ва ўзброеныя сілы Нямеччыны. У сакавіку 1945 года Юзаф Туск адтуль уцёк і вярнуўся ў Польшчу.
На пяць гадоў раней за Correctiv пра гэты фэйк пісалі і польскія медыі.