Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«ЖС Premium»: маці і дачку, якія ратаваліся ад паводкі ў Польшчы, не прынялі ў гатэль, заняты ўкраінцамі. Мы паразмаўлялі з жанчынай
Аўтарку посту нібыта клічуць Дагмара Маліноўская. Каманда WTF знайшла ейны акаўнт у фэйсбуку.
Праліўныя дажджы выклікалі паводку ў Еўропе, у прыватнасці ў Польшчы. Расейскі блогер Юрый Падаляка і аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» апублікавалі скрыншот нібыта са старонкі полькі ў фэйсбуку, дзе яна падзялілася сваёй гісторыяй эвакуацыі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што эвакуацыі не было.
Скрыншот посту полькі Дагмары Маліноўскай з абурэннямі на адрас «адказных асобаў» 17 верасня 2024 года з'явіўся ў блогу расейскага блогера Юрыя Падалякі.
«Падчас паводкі мы з дачкой спрабавалі эвакуявацца ў цёплы гатэль, але нас там не прынялі, усе месцы былі ўжо занятыя ўцекачамі з Украіны. Мы былі вымушаныя ісці ў пачатковую школу №3», — напісана ў пасце на скрыншоце.
Далей у ім гаворыцца, што праз холад і недахоп коўдраў дзіця захварэла на пнеўманію, аўтар просіць валанцёраў прывезці лекі і спадзяецца, што «адказныя асобы растлумачаць, чаму ў уцекачоў умовы ўтрымання лепшыя, чым у мясцовых жыхароў».
На наступны дзень, 18 верасня, гэты ж скрыншот апублікавалі ў тэлеграм-канале «ЖС Premium».
Аўтарку посту нібыта клічуць Дагмара Маліноўская. Каманда WTF знайшла ейны акаўнт у фэйсбуку і пост з такім жа фотаздымкам, як на скрыншоце ў Падалякі і «ЖС Premium». Тэкст на арыгінальнай старонцы і на скрыншоце адрозніваецца.
«Пачатковая школа № 3 у Клодзка гатовая прыняць эвакуяваных праз паводку. Патрэбная вада, цёплая ежа, коўдры і ўсё, што дапаможа эвакуяваным перажыць бліжэйшы час!» — сказана ў сапраўдным подпісе да фота.
Мы пераслалі Дагмары Маліноўскай пост з тэлеграм-каналу і папрасілі пракаментаваць напісанае там.
«Не, гэта няпраўда. Што тычыцца гасцініцаў, якія занятыя ўкраінцамі, я не ведаю. Але ў цэлым мяне гэта не здзівіла б. Так, людзі спалі ў спартзалах, але маё дзіця не захварэла, таму што я нават не жыву ў Польшчы», — адказала дзяўчына.
Пасля нашага паведамлення Дагмара размясціла абвяржэнне ў сябе ў фэйсбуку. У ім яна дадала, што яе не эвакуявалі і ў яе няма дачкі.