Кантэкст: Удары ўкраінскіх беспілотнікаў па расейскіх партах у Чорным моры прывялі да скарачэння экспарту расейскага збожжа. Напрыклад, РЖД з 13 жніўня 2026 года ўвялі абмежаванні на перавозку грузаў у порт Новарасійск. Расейскі бок, у сваю чаргу, наносіць удары па складскіх магутнасцях і тэрміналах найбуйнейшага ўкраінскага порту ў Адэсе. Перавозкі праз Чорнае мора для абодвух бакоў заўважна ўскладніліся.
28 жніўня 2026 года вядоўца перадачы «PRO Армію» на СБТБ, эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка заявіў, што Украіна больш не можа экспартаваць сваё збожжа праз Чорнае мора, а еўрапейскія краіны не даюць ёй альтэрнатыўныя маршруты:
«Украіна дагулялася, і яе парты ў Чорным моры асабліва ўжо не працуюць. Да іх ніхто не падыходзіць, і ўсе іх баяцца. Здавалася б, ну, еўрапейцы, падстаўце плячо, давайце праз румынскія гавані паспрабуем пайсці, чыгункай скарыстаемся, аўтатрасай. Не пускаюць».
Экспарт украінскага збожжа сапраўды сур’ёзна запаволіўся, але не спыніўся. З 1 па 26 жніўня Украіна вывезла 822 тыс. тон збожжа. Гэта каля пятай часткі ад аб’ёму, які краіна патэнцыйна магла экспартаваць за гэты перыяд.
Змяніліся і маршруты чыгуначных перавозак. Украінская чыгунка накіроўвае ўсё менш вагонаў са збожжам у парты Вялікай Адэсы і больш — у дунайскія парты і ў бок заходняй мяжы. У жніўні да мяжы з краінамі ЕЗ накіроўвалася ў сярэднім каля 160 вагонаў са збожжам за содні. Праз Румынію праходзіла ў сярэднім 49 вагонаў за дзень, праз Польшчу — 48, праз Славакію — 35, праз Вугоршчыну — 29. Пры гэтым, напрыклад, яшчэ ў ліпені праз Румынію праходзіла ўсяго каля двух вагонаў з украінскім збожжам за содні. То бок за месяц паток па гэтым кірунку вырас у дзясяткі разоў. Акрамя збожжа, праз чыгуначны пераход паміж Украінай і Румыніяй перавозяць і іншыя тавары. З улікам гэтых грузаў паток перавышае 100 вагонаў за содні.
Украіна хацела б удвая павялічыць чыгуначны транзіт збожжа, аднак з гэтым ёсць складанасці. Для кожнай з суседніх краін у прыярытэце перавозка ўласнай сельскагаспадарчай прадукцыі. Мясцовыя фермеры таксама асцерагаюцца, што таннейшае ўкраінскае збожжа пры недастатковым кантролі транзіту можа застацца на ўнутраным рынку і што павелічэнне перавозак з Украіны паўплывае на транспартаванне іх уласнай прадукцыі.