Незалежнасць Беларусі і Расеі ад заходніх тэхналогій палітолаг Вадзім Ялфімаў абмеркаваў 1 красавіка 2025 года ў эфіры «Радыё Менск» і ютуб-канала агенцтва «Менск Навіны» з палітычным экспертам Сяргеем Дзіком.
«Я ўвогуле скажу: санкцыі — гэта добра. Вось, слова гонару. Давайце ўспомнім, пачынаючы з Расейскай імперыі — яна таксама заўсёды была пад санкцыямі. Можа, нехта нам прывозіў якія тэхналогіі з Нямеччыны, з Англіі? Раскажыце мне, калі ласка, я абавязкова з гэтай нагоды складу дысертацыю доктарскую. Але такога факта ніколі і не было. І ў савецкі перыяд тое ж самае. Гэта знакамітае ГАТМ, так, — Генеральнае агенцтва па тарыфах і мытням (напэўна, маецца на ўвазе Генеральнае пагадненне па тарыфах і гандлі — General Agreement on Tariffs and Trade, GATT — рэд.), якое насамрэч было цэнзурай, каб не пусціць заходнія тэхналогіі», — расказаў Ялфімаў.
Дысертацыі на тэму пазычання СССР заходніх тэхналогій ёсць і не адна. Напрыклад, расейскі кандыдат навук Максім Ганін у 2022 годзе напісаў працу пад назвай «Трансфер прамысловых тэхналогій паміж СССР і Нямеччынай у 1920-е – пачатку 1930-х гг.» На прыкладзе Ленінграда аўтар даследуе, навошта савецкія навукоўцы і інжынеры ездзілі ў Нямеччыну, як замежныя спецыялісты дапамаглі аднавіць заводы ў гэтым горадзе, якое абсталяванне і тэхналогіі Савецкі Саюз там закупляў і наколькі яно апынулася эфектыўным.
Больш раннюю — 2018 года — напісала кандыдатка навук Вольга Рэзаненка. Яна даследавала тэму замежных спецыялістаў на прамысловых прадпрыемствах Сталінграда пад канец 1920-х – 1930-х гадоў. У гады НЭПа савецкая ўлада актыўна карысталася замежным досведам: яна адпраўляла супрасоўнікаў у камандзіроўкі і запрашала да сябе замежных спецыялістаў, складала дамовы з замежнымі кампаніямі пра прадстаўленне абсталявання і патэнтаў.
Аўтамабільны завод ГАЗ, паводле дадзеных расейскіх гісторыкаў, праектавала кампанія Генры Форда, а першыя аўтамабілі на ім збіраліся па змененых рысунках мадэляў Ford. Сталінградскі, Харкаўскі і Чалябінскі трактарныя заводы, Магнітагорскі металургічны камбінат праектавала кампанія амерыканскага архітэктара Альберта Кана. Абсталяванне для гэтых прадпрыемстваў таксама выраблялі ў ЗША. А Дняпроўскую ГЭС пабудавалі па савецкім праекце, але з удзелам амерыканскіх і нямецкіх кансультантаў.
Першы савецкі трактар на гусенічным ходзе «Камунар» распрацавалі на падставе папулярнага нямецкага трактара Hanomag. Першы колавы трактар «Фордсан-Пуцілавец» збіралі па ліцэнзіі Ford.
Аўтамабіль «Масквіч» — гэта копія Opel. Канструктары ўзялі за аснову дакументацыю нямецкага завода, што ацалела пасля вайны. «Жыгулі» стварылі на базе італьянскага Fiat, «Волга» — гэта спалучэнне амерыканскіх Ford і Chevrolet. Іншы амерыканскі аўтамабіль — Packard — натхніў савецкіх канструктараў на стварэнне «Чайкі» і ЗІС. У іх ёсць элементы ад Chrysler. Навукова-даследчы аўтамабільны інстытут СССР закупляў узоры заходніх машын для аналізу і праз пэўны час выпускаў айчынны аналаг. Часам аўто цалкам капіявалі, часам запазычвалі асобныя элементы дызайну і канструкцыі.