Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Пад відэа Ціханоўскай боты патрабуюць заплаціць за накрутку праглядаў. Высветлілі, што не так з гэтымі каментарамі

Каманда WTF вывучыла профілі карыстальнікаў, якія іх пакінулі.

Пад навагоднім відэавіншаваннем Святланы Ціханоўскай з'явіліся каментары з патрабаваннем аплаціць паслугі ботафермы, з дапамогай якой нібыта накручвалі прагляды на яе YouTube-канале. Пра гэта паведаміў карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла. Каманда Weekly Top Fake высветліла, адкуль узяліся гэтыя паведамленні. 

Пост са скрыншотамі каментароў пад відэавіншаваннем Святланы Ціханоўскай на YouTube-канале палітыка карэспандэнт расейскага тэлеканалу RT Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў 10 студзеня 2025 года.

«Боты зрынаюць Ціханоўскую на яе ютуб-канале! Падобна да таго, што яе супрацоўнікі, якія адказваюць за каментары і раскрутку відэа, не перавялі грошы ўладальніку ботафермы і той убіў сваім ботам тэкст з патрабаваннем аплаціць паслугі», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Пад відэа з віншаваннем Ціханоўскай сапраўды ёсць каментары, якія паказаў у скрыншотах Прыдыбайла. Каманда WTF вывучыла профілі карыстальнікаў, якія іх пакінулі. 

Напрыклад, карыстальнік пад нікам з набору літар і лічбаў напісаў: «Я спыню працу ботафермы, калі не аплаціце паслугі, дамаўляліся ж!!!!!» Канал у яго пусты, няма ні падпісчыкаў, ні відэа, ні якой-кольвек інфармацыі. Стварылі яго 10 студзеня 2025 года, у той дзень, калі Канстанцін Прыдыбайла апублікаваў пост са скрыншотамі.

Яшчэ адзін каментар: «Ботаферма сама сябе не падтрымлівае!!! За ёй стаіць чалавек якога вы нанялі!!!!» 

«Я пачну адключаць ботаў, і канал страціць падпісчыкаў, калі аплаты не будзе, папярэджваю!!!» — напісаў яшчэ нехта.

Абодва профілі пустыя, іх стварылі 10 студзеня 2025 года. 

Дакладна такая ж сітуацыя і з іншымі карыстальнікамі, якія пакінулі падобныя каментары. Гэта паказвае на тое, што паслугамі ботафермаў карыстаецца зусім не Святлана Ціханоўская. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі