Антыфэйк / фактчэк

28 чэрвеня

ЗША сілай прымусяць іншыя краіны карыстацца доларам — фэйк ад Аляксея Аўдоніна

Каманда WTF паслухала, што насамрэч сказаў амерыканскі палітык.

Дональд Трамп збіраецца ваяваць з краінамі, якія хочуць адмовіцца ад долара, заявіў эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (БІСД) Аляксей Аўдонін. Каманда Weekly Top Fake паслухала, што насамрэч сказаў амерыканскі палітык. 

Словы нібыта Дональда Трампа Аляксей Аўдонін пераказаў 19 чэрвеня 2024 года ў эфіры «СБ ТБ». 

«Звярніце ўвагу, усе ключавыя заявы таго ж Трампа, ён яшчэ не стаў прэзідэнтам, але 11 сакавіка ён у адкрытую заявіў: усе тыя краіны, якія будуць спрабаваць пазбавіцца ад долара як плацежнага сродку альбо сродку зберажэння, мы будзем прыходзіць у гэтыя краіны са сваім войскам. Гэта значыць шляхам гвалту мы будзем прымушаць усе краіны выкарыстоўваць далей долар», — растлумачыў эксперт БІСД.

На самай справе Дональд Трамп пра ўвод войскаў у краіны, якія адмовіліся ад долара, не казаў. У інтэрв'ю тэлеканалу CNBC 11 сакавіка 2024 года палітык сказаў:

«Я б не дазволіў краінам адмовіцца ад долара, таму што, калі мы страцім гэты стандарт, гэта будзе раўнасільна пройгрышу рэвалюцыйнай вайны, гэта будзе такім жа ўдарам для нашай краіны, як і параза ў вайне, і мы не можам гэтага дапусціць». 

У гэтым інтэрв'ю Трамп не патлумачыў, што б ён зрабіў з краінамі, якія адмовіліся ад долара. Пазней выданне Bloomberg напісала, што палітык вывучае магчымасці эканамічнага ціску на іх:

«Абмяркоўваюцца, у прыватнасці, меры пакарання для хаўруснікаў або праціўнікаў, якія шукаюць актыўныя спосабы весці двухбаковы гандаль у валютах, якія адрозніваюцца ад долара — варыянты ўключаюць экспартны кантроль, абвінавачванні ў валютных маніпуляцыях і тарыфы, распавялі людзі, якія казалі на ўмовах ананімнасці».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі