Антыфэйк / фактчэк

29 кастрычніка 2021

Фэйкі тыдня: з-за чаго ў Даніі ўспыхнуў «кавідны псіхоз», адкуль у Беларусі з'явіліся натоўпы турыстаў з ЗША, і чаму СААЗ так «высока» ацаніла метады барацьбы з каронавірусам у Беларусі?

Праўладныя палітолагі Баравік і Дзермант узяліся каментаваць патрабаванне ЗША аб закрыцці беларускага генконсульства ў Нью-Ёрку

Праўладныя палітолагі Баравік і Дзермант узяліся каментаваць патрабаванне ЗША аб закрыцці беларускага генконсульства ў Нью-Ёрку. Дайшлі да таго, што сталі шкадаваць амерыканскіх турыстаў, якіх, нібыта, у Беларусі было «нямала».

«Пакутуюць простыя людзі. Хтосьці сёння пражывае ў ЗША, таму што сямʼю стварыў, дзеткі там жывуць яго, так скажам, хтосьці нарадзіўся, хтосьці памёр, камусьці трэба транспартаваць якое-небудзь цела кудысьці, або, груба кажучы, адкрыць візу для грамадзян ЗША, якія хочуць наведаць Беларусь. Нязручна, так» – выказаў сваё меркаванне палітолаг Вадзім Баравік у эфіры ток-шоу «Будні».

«ЗША самі сваімі дзеяннямі пагаршаюць становішча нашых грамадзян. І сваіх таксама – нямала амерыканцаў падарожнічала, пражывае ў нашай краіне. Гэта рашэнне адабʼецца і на іх» – заявіў палітолаг Аляксей Дзермант у інтэрвʼю інфармацыйнаму агенцтву «БЕЛТА».

Калі б гэтыя два Праўладныя палітолагі мелі звычку шукаць доказы сваім словам, то зазірнулі б на сайт Нацыянальнага статыстычнага камітэту і даведаліся б, што, на самай справе, амерыканцы рэдка выбіраюць Беларусь для падарожжаў.

Паводле дадзеных Белстату, грамадзян ЗША, якія наведалі Беларусь у мінулым годзе, было ўсяго толькі 146 чалавек. У доказным 2019-м годзе – 859 турыстаў, але гэтыя лічбы таксама не паказваюць вялікага наплыву амерыканцаў у Беларусь.

У ЗША засталося працаваць пасольства Беларусі ў Вашынгтоне. А вось колькасць амбасады ЗША ў Беларусі беларускі МЗС двойчы скарачаў у 2021-м годзе. Там засталося працаваць 5 чалавек. І чамусьці ні Вадзім Баравік, ні Аляксей Дзермант не асудзілі гэтыя дзеянні праз нязручнасці для беларускіх грамадзян, якія хочуць адкрыць візу ў ЗША.

СААЗ прызнала поспехі беларускай сістэме аховы здароўя

Дзяржаўныя тэлеканалы ў сваіх сюжэтах часта падкрэсліваюць, якой высокай думкі аб беларускай сістэме аховы здароўя эксперты СААЗ. Супрацоўнікі АНТ аргументуюць гэта тым, што ў траўні Беларусь была выбрана ў склад членаў выканаўчага камітэту СААЗ.

«Той факт, што Беларусь уваходзіць у выканкам СААЗ пацвярджае эфектыўнасць лячэння і ўзровень нашай медыцыны» – заявілі ў эфіры АНТ.

Мы вырашылі праверыць гэтае зацвярджэнне і даведаліся, за якія заслугі краіну могуць абраць членам выканкаму СААЗ. Беларусь да гэтага была ў Выканаўчым камітэце СААЗ толькі аднойчы – да 1950 года. У артыкуле №24 Статуту СААЗ напісана, што выканкам складаецца з 34-х чальцоў, якія абіраюцца «прымаючы пад увагу справядлівае геаграфічнае размеркаванне». Ад кожнай рэгіянальнай арганізацыі СААЗ абіраецца не менш трох членаў на тры гады.

У выканкам таксама ўваходзяць Расея і Таджыкістан. А яшчэ Тонга – краіна, якая займае 171-е месца ў Глабальным індэксе бяспекі аховы здароўя з 195-і краін свету. Таксама ў выканкам уваходзіць Сірыя, якая знаходзіцца на 188-м месцы, і Тымор-Лешці (166-е месца ў спісе). І гэта паказвае, што абранне ў склад выканкаму яшчэ не сведчыць аб вялікіх заслугах краіны ў галіне аховы здароўя.

Азаронак, Тур і Прыдыбайла збіраюць поўныя залы

У малой зале Палаца Рэспублікі прайшоў адукацыйны семінар з трыма прадстаўнікамі дзяржаўнай журналістыкі. Імі апынуліся Рыгор Азаронак, Ігар Тур і Канстанцін Прыдыбайла. Супрацоўніца выдавецкага дому «Беларусь сёння» Людміла Гладкая ў сваім тэлеграм-канале паведаміла, што была поўная зала. Так і напісала: «Зала поўная, атмасфера агонь!»

А вось і фота поўнай залы ў пацвярджэнне.

Але дзякуй блогеру Антону Шабашову, які вёў стрым з мерапрыемства і прадэманстраваў рэальную колькасць прыхільнікаў таленту гэтых трох супрацоўнікаў праўладных СМІ. Малая зала Палаца Рэспублікі разлічана на 467 месцаў. Трапіць на семінар можна было бясплатна, па папярэдняй рэгістрацыі. На відэа Шабашова відаць, што зала далёка не поўная.

Мы падлічылі, акругляючы ўсе падлікі на карысць арганізатараў, што ў глядацкай зале знаходзілася каля 200 чалавек. Гэта з улікам іншых супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ і блогераў, якія таксама прыйшлі падтрымаць выступоўцаў. 200 чалавек – гэта менш за палову малой залы.

У Даніі «каранавірусны псіхоз»

Супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Марыя Пятрашка ў сваім тэлеграм-канале з паўтары тысячамі падпісчыкаў падзялілася відэа з пратэстнай акцыі супраць ковід-пашпартоў, якая праходзіла ў Даніі. Марыя назвала гэта «каронавірусным псіхозам».

Аднак, Пятрашка крыху не разабралася ў сітуацыі і не праверыла інфармацыю. Па-першае: на відэа не Данія, а горад Цілбург у Нідэрландах. На плакатах бачны надпіс, які ў перакладзе на рускую азначае «Гэтая палітыка не мае сэнсу для 1,5 метраў». Так абыгрываецца вядомы галандскі выраз – «гэта не мае сэнсу». Вось відэа журналіста з гэтай акцыі ў той дзень. Відэа зроблена 11 верасня.

Па-другое: гэта дэманстрацыя не супраць ковід-пашпартоў, а супраць абмежаванняў на івэнт-мерапрыемствы, якія ўвялі там у пачатку ліпеня. Праз рост узроўню заражэнняў каронавірусам у Нідэрландах закрылі начныя клубы і дыскатэкі, забаранілі жывыя выступы ў барах і рэстаранах, а закрывацца ўстановы грамадскага харчавання павінны да паўночы. Таму Кааліцыя індустрыі арганізацыі мерапрыемстваў заклікала моладзь у розных гарадах Нідэрландаў выходзіць на мірныя акцыі з патрабаваннем адмяніць забарону на ўсе івэнт-мерапрыемствы. Дарэчы, Цілбург лічыцца адным з найбуйнейшых студэнцкіх гарадоў у краіне.

Пратэсты пад лозунгам «Unmute us» пачаліся ў канцы жніўня. Самыя масавыя пратэсты прайшлі 11 верасня ў 11 гарадах Галандыі і сабралі больш за 100.000 удзельнікаў. Гэта значыць, што гэта не «кавідны псіхоз», як выказалася Пятрашка, а арганізаваны фармат пратэсту.

Акцыі спрацавалі. І з 25-га верасня ўлады сваю забарону аслабілі: дазволілі наведванне рэстаранаў, бараў, правядзенне культурных мерапрыемстваў, але яны могуць праводзіцца толькі да паўночы. Наведваць іх можна пры наяўнасці пашпарта аб вакцынацыі або адмоўнага тэсту на каронавірус. Зрэшты, на той момант у Нідэрландах цалкам прышчэпленымі былі амаль 70 % насельніцтва.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч
Антыфэйк / фактчэк

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам.

09 снежня 2024 Чытаць