Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з вугорскім расследавальніцкім цэнтрам Atlatszo.hu, пры падтрымцы OCCRP і «Кіберпартызанаў».
Ад бананаў да серы
Еўрапейскую кампанію фігуранта папярэдніх расследаванняў БРЦ ліквідуюць. Нам удалося даведацца, што зарэгістраваная ў Вугоршчыне PS Commodities Kft належыць беларускаму бізнэсоўцу Віктару Шаўцову. [*] [*]
У пачатку верасня 2024 года Цэнтральны акруговы суд Будапешту прыняў рашэнне аб прыпыненні дзейнасці гэтай фірмы праз унясенне яе ўладальніка ў санкцыйны спіс ЕЗ. [*]
«Калі Суду становіцца вядома, што кампанія або яе ўдзельнік падпадаюць пад дзеянне міжнародных фінансавых або маёмасных абмежавальных захадаў, Суд прыпыняе дзейнасць кампаніі», — гаворыцца ў рашэнні.
У 2023 годзе выручка PS Commodities Kft склала каля €850 тыс. [*] Годам раней — каля €650 тыс. На сайце кампаніі гаворыцца, што яна прадае бананы з Эквадору і Калумбіі, угнаенні, хімічныя і гумовыя вырабы. Таксама кампанія называе сябе дыстрыбутарам вугорскіх маторных масел MOL. Пры гэтым на запыт нашых партнёраў з вугорскага выдання Átlátszó у кампаніі-вытворцы адказалі, што не супрацоўнічаюць з фірмай Шаўцова.
Зарэгістраваная PS Commodities Kft ў доме, які належыць кампаніі вугоркі Крысціны Шыман. [*] [*] [*]
Яна кіравала дзяржаўнай праграмай па выдачы ВМЖ за інвестыцыі. Вугорскія ўлады прыпынілі яе ў 2017 годзе пасля крытыкі грамадскасці за непразрыстасць схемы. Расейская «Новая газета» і вугорскія журналісты высветлілі, што сярод атрымальнікаў «залатых ВНЖ» былі ўплывовыя расейцы: напрыклад, чальцы сям'і кіраўніка Службы знешняй выведкі Расеі Сяргея Нарышкіна.
З Крысцінай Шыман Віктара Шаўцова звязвае і іншая нерухомасць вугоркі — яшчэ адзін ейны дом пазначаны ў бізнес-рэгістры Вугоршчыны як адрас для карэспандэнцыі беларускага бізнесоўцы. [*] [*] [*]
Ратуючы актывы
Шаўцоў трапіў пад санкцыі ЕЗ і Швейцарыі ў жніўні 2024 года, праз тры месяцы пасля выхаду расследавання БРЦ аб манаполіі на вытворчасць ахоўных галаграмаў у Беларусі. Мы высветлілі, што ён быў адным з галоўных бенефіцыяраў гэтага бізнесу. У іншым расследаванні мы даказалі, што Шаўцоў звязаны з кампаніяй, якая павінна была надрукаваць пашпарты «Новай Беларусі». БРЦ даведаўся, што бізнесовец блізкі да беларускіх уладаў: толькі за 2008-2013 гады мы налічылі тры дзясяткі паездак Шаўцова з чыноўнікамі і іншымі набліжанымі Аляксандра Лукашэнкі. Таксама ён вядомы як пасярэднік беларускай дзяржавы ва ўгодах з аўтарытарнымі рэжымамі, такімі як Ірак Садама Хусэйна і Венесуэла Уга Чавэса.
Віктар Шаўцоў намагаецца аспрэчыць уведзеныя супраць яго санкцыі. На сайце Суда Еўразвязу мы знайшлі рэгістрацыю справы «Шаўцоў супраць Рады ЕЗ». Таксама ён спрабуе абараніць свой беларускі бізнес. Напрыклад, у жніўні 2024 года ў дакументах аднаго з ягоных галоўных актываў — УП «Тэхнахімтрэйд» — змяніўся заснавальнік. [*] [*]
Новым уладальнікам кампаніі значыцца Максім Лапікаў. Яго можна назваць чалавекам Шаўцова: з 2019 года ён кіруе кампаніяй бізнесоўцы ТАА «Музейны комплекс старадаўніх народных промыслаў і тэхналогій "Дудуткі"», дзе да гэтага працаваў кіроўцам. [*] [*] [*] [*]
БРЦ даслаў Віктару Шаўцову і Крысціне Шыман запыты з просьбай пракаментаваць выкладзеныя вышэй факты. Адказ на момант публікацыі мы не атрымалі. Таксама мы звярнуліся ў Нацыянальную падатковую і мытную адміністрацыю Вугоршчыны па каментар аб прычынах ліквідацыі кампаніі PS Commodities Kft. Ведамства адмовілася даць якую-кольвек інфармацыю, спаслаўшыся на падатковую таямніцу.