Наколькі эфектыўна ўкладаюцца грошы ў беларускі АПК: як выжываюць людзі і жывёлы на вёске

Новае

Наколькі эфектыўна ўкладаюцца грошы ў беларускі АПК: як выжываюць людзі і жывёлы на вёске

Паводле Лукашэнкі, у 90-я мукі заставалася на тры дні, затое цяпер Беларусь корміць сама сябе ды яшчэ экспартуе сельгаспрадукцыі на 6,5 млрд долараў. Збірае рэкордавыя ўраджаі збожжа, а паводле экспарту масла трэцяя ў свеце. Мы звярнуліся да эксперта ў аграрнай дзейнасці, каб ён пракаментаваў гэтыя дасягненні. Ён пагадзіўся зрабіць гэта ананімна:

«Атрымалася за кошт неймаверных намаганняў, у тым ліку фінансавага плану, падняць вытворчасць малака да таго ўзроўню, які мы сёння маем. У нас дзесьці на сённяшні дзень каля 7,8 млн тонаў. Хоць 7,5 млн тонаў краіна даіла ў 1990 годзе».

Пасля 90-х пачаўся спад у вытворчасці малака, і толькі праз 30 гадоў удалося вярнуцца да савецкіх паказнікаў. Хаця планы малявалі больш грандыёзныя – да 2020 года мець 9 мільёнаў тон малака. Не выйшла. Але ж вытворчасць малака прыбытковая. Рэнтабельнасць тут складае каля 20 адсоткаў. Таксама выгадна займацца рапсам – каля 20 адсоткаў рэнтабельнасці. А вось у жывёлагадоўлі яна мінус 40 адсоткаў. 

Эксперт у аграрнай дзейнасці: «Паводле рэнтабельнасці, паводле стратнасці лідарства мае бараніна. Там мінус 70 %. Калі не памыляюся, толькі 4 буйныя гаспадаркі ў Беларусі маюць дадатную рэнтабельнасць».

Лукашэнка не аднойчы крытыкаваў жывёлаводаў. Звальняў людзей за нячышчаных кароў на магілёўскіх фермах, а на Гомельшчыне выкрыў тых, хто масава рэзаў кароў і прадаваў у Расею. Але быдла працягвае масава дохнуць. Паводле Белстату, з 1995 года колькасць кароў скарацілася на 600 тысячаў.

Наш суразмоўца працуе ў малочнатаварным комплексе і распавядае, што амаль кожны дзень бачыць, як памірае скаціна: 

«У мяне вось ужо, лічыце, за тыдзень памерлі 4 каровы і 2 цяляці. Ну, не ў мяне ў сэнсе, а на комплексе маім. Гэта як бы замоўчваецца, і вось гэтае мяса, якое больш прыдатнае, яны проста дзеляць паміж сабою, работнікі, а астатняе вывозяць, камусьці там таксама прадаюць. Ва ўлік гэта ні ў які не ідзе».

Мужчына кажа, што так адбываецца, бо на комплексе кепскія ўмовы ўтрымання жывёлы і не стае ветэрынараў-адмыслоўцаў. Кваліфікаваны ветэрынар прыязджае на ферму раз на адзін-два тыдні. Без яго, калі не ведаюць, як дапамагчы скаціне, проста пераразаюць горла. Каб пацвердзіць свае словы – мужчына даслаў нам фота і відэа з працы: 

«Пераганялі кароў у секцыю даення, дзе іх мусяць падаіць, і адну карову штурхнулі, ці яна проста ўзяла і ўпала. І больш не ўставала. Мы яе спрабавалі падняць, але нічога не выходзіла. У выніку проста прыехаў трактар, адцягнуў яе на задні двор, за кароўнікам прастору. Карова там засталася ляжаць і чакаць сваёй долі. Я на наступную раніцу прыйшоў, ужо каровы не было цэлай, былі толькі яе рэшткі. І што самае, ведаеце, і смешнае, і тым больш сумнае, ляжала проста галава. Проста каровіна галава ляжала вось за пару метраў ад месца, дзе яе цела было».

Адна з прычынаў падзяжу быдла – кепская кармавая база, то бок недастатковае і непаўнавартаснае харчаванне. Напрыклад, летась пасля кепскага ўраджаю корму назапасілі на траціну меней, чым год таму, і доля збожжа ў ім скарацілася. Эксперт у аграрнай дзейнасці лічыць, што ў Беларусі выкарыстоўваецца самы дрэнны тып кармлення – сіласна-канцэнтратны. І ўжо пара перайсці на тып кармлення сенажна-канцэнтратны. 

Тыя ж праблемы напаткалі і свінагадоўлю. За гады кіравання Лукашэнкі згублены мільён галоваў. Шмат скаціны давялося выразаць у выніку афрыканскай чумы свіней у 2013 годзе, але нават пасля гэтага пагалоўе паменела на 400 тысяч. У адной Магілёўскай вобласці за тры гады не стала паловы свіней. Пра гэта нам распавёў эксперт у аграрнай дзейнасці: 

«Глядзіце, за гэты ж час былі пабудаваныя 2 свінакомплексы. У Бялыніцкім раёне і ў Слаўгарадскім раёне. Там дзесьці ў межах 70 тыс. галоваў скаціны. Дык вось, здавалася б, яны павінны былі станоўча паўплываць на пагалоўе. Мала гэтага, пагалоўе яшчэ ў большай ступені скарацілася».

Эксперт тлумачыць гэта зноў жа кепскімі кармамі і негаспадарчым падыходам. І заўважае, што ў сельскай гаспадарцы яскрава бачны падзел на захад і ўсход краіны. Што ў малацэ, што ў мясе наперадзе тыя самыя тры рэгіёны – Гарадзенская, Берасцейская і Менская вобласці. Тры ўсходнія – сярод аўтсайдараў.

Апошнія гады Беларусь актыўна ўзялася за мадэрнізацыю і рэканструкцыю фермаў. Разлік просты: у добрых умовах утрымання карова дае малако высокай сортнасці, а яно каштуе даражэй. За апошнія 10 гадоў рэканструявалі 1600 фермаў. А вось да такіх, дзе працуе наш суразмоўца, работнік малочнатаварнага комплексу, яшчэ не дабраліся:

«Інструменту нармальнага няма. Бо калі і купляюць якія-небудзь вілы або рыдлёўку, то гэта часцей за ўсё алюмініевыя, а ён гнецца вельмі лёгка. Возьмеш якую-небудзь кучу саломы цяжэйшую, а яны могуць трэснуць банальна. Няма, напрыклад, гарачай вады. Няма душу, каб пасля працы схадзіць. Нават рукі банальна не памыць. Ніякага мыла, ні антысептыкаў, ні туалетнай паперы – нічога няма».

Ніводная галіна эканомікі не атрымлівае ад дзяржавы такога падтрымання, як сельская гаспадарка. Ёй даюць льготныя крэдыты, крэдыты на куплю збожжа, дапамагаюць аплочваць адсоткі па крэдытах, дзяржава фінансуе куплю ўгнаенняў, рамонт тэхнікі і куплю запчастак, а дызельнае паліва для калгасаў не абкладаецца акцызамі.

Дзяржава набылА для калгасаў 460 камбайнаў, 650 трактароў і 2,5 тысячы адзінак іншай тэхнікі. Яшчэ ў 2011 годзе Лукашэнка прызнаўся, што за дзесяць гадоў, то бок з 2000 года, у сельскую гаспадарку ўклалі ажно 40 млрд долараў. Эканамісты падлічылі, колькі яшчэ набегла за наступныя дзесяць гадоў. Па стане на 2021 год,  сукупныя грашова-рэсурсныя ўкладанні ў сельскую гаспадарку перавысілі 55 мільярдаў долараў, пра гэта нам рапавёў эканаміст Яраслаў Раманчук. То бок за 20 гадоў у сельскую гаспадарку ўклалі 80 адсоткаў леташняга ВУП краіны. Прыхільнікі Лукашэнкі лічаць галоўным, што ён дасягнуў мэты – сельская гаспадарка працуе і зарабляе грошы для краіны. Ягоныя праціўнікі – што грошы ўкладзеныя неэфектыўна, гэта пракаментаваў нам эканаміст Яраслаў Раманчук :

«Калі ўзяць апошнюю статыстыку за 2021 год, то стратнымі з дзяржпадтрымкай былі ўсяго толькі 5% сельгасарганізацый, а калі браць без дзяржпадтрымкі, то 52%».

Была мэта дасягнуць рэнтабельнасці продажу ў аграрнай сферы памерам 10 адсоткаў. Атрымалася толькі 4,7 адсотка. Лукашэнка ганарыцца тым, што летась за мяжу прадалі сельскагаспадарчай прадукцыі на 6,5 мільярдаў долараў. Аднак паводле планаў экспарт мусіў дасягнуць 7,5 млрд яшчэ ў 2020 годзе. Цяпер гэтую мэту перанеслі на 2025-ы.  Кожны год урад сваёй пастановай вызначае выплаты на адзінку рэалізаванай сельгаспрадукцыі. Напрыклад, за кожную тону малака, мяса, воўны, проса, грэчкі і льну, прададзеную на перапрацоўчыя прадпрыемствы, сельгасарганізацыі атрымліваюць з мясцовых бюджэтаў грашовыя даплаты. Пра гэта нам распавёў эксперт у аграрнай дзейнасці:

«Спрабаваў знайсці звесткі пра эфектыўнасць экспарту, апошнія звесткі былі апублікаваныя недзе ў 2009 г., калі было намі высветлена, што экспарт малака дае на год прыкладна 50 млн долараў стратаў».

І галоўнае пытанне, ці пабагацелі ад гэтых велізарных інвестыцыяў у вёску самі вяскоўцы? Мы вывучылі статыстыку і заўважылі, што ў 1990 годзе заробак у сельскай гаспадарцы быў на ўзроўні 93 % ад сярэдняга ў краіне. То бок розніцы паміж горадам і вёскаю амаль не было. Потым ён упаў да 62 % і дзякуючы фінансавым уліваннем у аграрную сферу дарос да 70 % ад сярэдняга заробку ў краіне. Напрыканцы мінулага года вяскоўцы ў сярэднім зараблялі 1075 рублёў. Нашая суразмоўца працавала эканамістам у паспяховым саўгасе і ананімна распавяла, колькі зарабляюць там:

«Даяркі могуць атрымліваць ад 800 да 1400 руб. прыкладна. У жывёлаводаў таксама ўсё па здзельных расцэнках, залежыць ад прыбаўлення ў вазе. І там заробак складае ад 500 (у самых дрэнных выпадках), 800 да 1200 руб. Калі казаць пра майстэрні, там недзе ад 700 да 1100 руб. Гэта слесары, наладчыкі, спецыялісты, звычайныя спецыялісты. А галоўныя спецыялісты зарабляюць недзе каля 1800 руб. у месяц. Гэта без уліку прэміяў».

Заробкі залежаць ад колькасці надоенага малака, яго якасці, наяўнасці хворых кароў. Дырэктар не можа зарабляць больш за чатыры сярэднія заробкі сваіх работнікаў. Нашая суразмоўца кажа, што ў яго звычайна выходзіла ад 2 да 4 тысяч рублёў.

Паводле іншага інсайдара, кіраўніцтва ягонай фермы анансавала хуткім часам падвышэнне заробкаў. У той жа час сярэдні заробак у краіне перавысіў 1600 рублёў. Вёска да яго нават з дзяржпадтрыманнем моцна не дацягвае. Мы захацелі даведацца, ці могуць зарабіць на зямлі тыя, хто працуе сам на сябе. 3 тысяч фермераў, якія працуюць у Беларусі, большасць занятыя ў раслінаводстве – вырошчваюць гародніну, садавіну і ягады. Тлумачыцца гэты тым, што для гэтага не трэба такіх вялікіх укладанняў, як з жывёлагадоўляй. Пра гэта нам распавёў беларускі фермер Юрый Ганцэвіч:

«Кошт малака – 6.50 за тры літры малака. Прасцей прадаць малако, таму што за тры месяцы гэты цяля выпівае 1000 рублёў. А трохмесячны цяля ён сёння столькі не каштуе».

Атрымліваецца, нявыгадна, каб у каровы ўвогуле былі цяляты, бо губляеш на малацэ. Каб прадаць тую ж цяляціну, на рынках прыходзіцца жорстка канкураваць з прадпрымальнікамі-перакупамі. Але самае цяжкае – цягацца з сеткавымі крамамі. Бо ў іх мяса таннейшае за фермерскае.

Асноўная праблема з якой сутыкаюцца фермеры - зямельнае пытанне. Пра гэта нам распавёў на ўмовах ананімнасці Алесь, былы беларускі фермер, які восем гадоў вырошчваў гародніну:

«Мне выдзелілі зямлю, як было напісана ў загадзе, «са складу палепшаных урадлівых зямель», я атрымаў 10 га пад гародніну. У выніку потым высветлілася, што насамрэч гэтыя палепшаныя зямлі наогул не прыдатныя для вырошчвання гародніны. Таму што склад зямлі быў непрыдатны. Ні для гародніны, ні для збожжа, ні для чаго».

Каб падвысіць урадлівасць зямлі, дастаткова было ўнесці ў яе даламітавую муку. Гэта нават робіцца за кошт дзяржавы, але каб гэтага дамагчыся, сышло не менш за 2 гады. Крэдыты фермерам цяпер даюць толькі пад заклад, і стаўкі адсоткаў моцна выраслі, распавядае Алесь:

«Я звярнуўся да старшыні суседняга калгасу з просьбаю дапамагчы тэхнікаю. Натуральна, гарантаваў аплату. І ведаеце, што ён мне адказаў: а чаму я дапамагаць наогул табе павінен? Вось так у нас і скончылася з ім размова. Але потым, праз тыдзень, я патэлефанаваў яму яшчэ раз і назваўся як бы паводле рэкамендацыі старшыні выканкаму. Хоць аніякай рэкамендацыі не было. І на наступны дзень, нават без аплаты, у мяне ўжо быў трактар, заворваў маё поле».

Алесь кажа, што ўся дзяржаўная дапамога, на якую можа разлічваць фермер, – гэта тое, што ўлада хаця б не будзе замінаць працаваць. Кажа, што без 15–20 тысяч долараў у фермерства няма чаго і сунуцца. Ён сам прадаў два свае аўты, каб укласці грошы ў зямлю:

«Калі фермер займаецца, дапусцім, гароднінай, і ў яго каля 50 га, калі год прайшоў паспяхова, то выключаючы ўсе выдаткі, чыстымі можна адкласці прыкладна, напэўна, 30–35 тыс. долараў».

Выходзіць, што на зямлі, якая ў Беларусі адна з самых неўрадлівых у Еўропе, можна зарабляць нават без дзяржаўнага падтрымання. Статыстыка таксама сведчыць, што сярэдняя рэнтабельнасць продажу прадукцыі ў фермераў не меншая за 20 адсоткаў супраць няпоўных 5 у калгасаў. Між тым, найлепшыя землі акурат у калгасаў. Да 2025 года дзяржава накіруе ім яшчэ 8 мільярдаў рублёў дапамогі і больш за 30 мільярдаў крэдытаў.