Навіны

20 чэрвеня 2023

У першы год вайны ва Украіне грузаабарот у Беларусі ўпаў да мінімуму за ўсю гісторыю назіранняў

Як падлічыў БРЦ, гэта горшы вынік за ўсю гісторыю назіранняў – з 2000 года.

У 2022 годзе абʼём грузаабароту ў Беларусі склаў 88 млрд тона-кіламетраў, знізіўшыся на 25% у параўнанні з 2021-м. Як падлічыў БРЦ, гэта горшы вынік за ўсю гісторыю назіранняў – з 2000 года.

Грузаабарот краіны – гэта паказнік працы транспарту, які адлюстроўвае, які абʼём грузаў быў перавезены за нейкі час на пэўную адлегласць. Вымяраецца ён у тона-кіламетрах.

З 2005 года абʼём грузаабароту вагаўся ў межах 118-138 млрд тона-кіламетраў. У 2022-м паказнік апусціўся да ўзроўню пачатку стагоддзя. Грузаабарот працягвае падаць і сёлета – за пяць месяцаў ён склаў 28 млрд тона-кіламетраў, знізіўшыся амаль на траціну ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022-га.

Абʼёмы перавозак грузаў таксама падаюць з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Напрыклад, у 2019 годзе Беларусь перавезла 427,85 млн. тон грузаў. У кавідны 2020-ы – 398,67 млн тон (прыкладна на 7% менш). У 2021 годзе абʼём перавозак грузаў знізіўся яшчэ на 3,5% – да 384,90 млн тон. Дадзеныя за 2022 год Белстат не апублікаваў – звычайна яны зʼяўляюцца ў траўні.

На зніжэнне тавараабароту транспарту і абʼёмаў перавозак у Беларусі ў апошнія гады маглі паўплываць некалькі фактараў. Па-першае, эпідэмія каронавіруса, якая пачалася ў 2020 годзе. Па-другое, сектаральныя санкцыі, уведзеныя ўлетку 2021 года. Пад забарону на экспарт у ЕЗ патрапілі многія беларускія тавары: калійныя ўгнаенні, прадукцыя дрэваапрацоўкі, цэмент і іншае.

У красавіку 2022 г. ЕЗ зусім забараніў беларускім кампаніям перавозіць грузы на аўтатранспарце па сваёй тэрыторыі. У тым ліку і транзітам. Выключэнне зрабілі толькі для прадуктаў харчавання, медыкаментаў і некаторых іншых тавараў. Украінскі рынак таксама закрыўся для Беларусі – яна стала суагрэсарам у вайне, якую развязала Расея супраць Украіны.

Іншыя Навіны