Навіны

02 лютага

«Наносіць шкоду рэпутацыі Швейцарыі». Праваабаронцы Libereco просяць пазбавіць статусу ганаровага консула Беларусі — пасля выхаду расследавання БРЦ

Libereco называе Беелера «вядомым прапагандыстам тэорый змовы і верным прыхільнікам беларускага дыктатара Лукашэнкі».

Герман Аляксандр Беелер
Крыніца: LidaNews.by / Герман Аляксандр Беелер
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco просіць адклікаць прызнанне Германа Аляксандра Беелера ганаровым консулам Беларусі ў Люцэрне. Яна накіравала ліст з такой просьбай міністру замежных спраў Швейцарыі, федэральнаму дарадцу Ігнац’ё Кассісу пасля расследавання БРЦ аб эндапратэзаванні ў Беларусі. 

Кампанія швейцарскага бізнесмена і ганаровага консула Беларусі ў Люцэрне Германа Аляксандра Беелера HAB Invest AG у 2023 годзе стала трэцім па велічыні пастаўшчыком эндапратэзаў каленных і тазасцегнавых суставаў на беларускі рынак. Яна прадала Беларусі імплантаў крыху менш чым на 8,7 млн рублёў (€2,7 млн). У 2022 годзе — на 13,2 млн рублёў (€4,8 млн). Супрацоўнічаць у гэтым кірунку з Беларуссю фірма пачала ў канцы 2022 года, пасля рэзананснай «справы артапедаў» і манапалізацыі дзяржавай закупак імплантаў. Выключнае права на іх набыццё атрымала дзяржпрадпрыемства «Белмедтэхніка». 

Сам па сабе продаж эндапратэзаў Беларусі швейцарскай кампаніяй — не парушэнне. Аднак праваабаронцы лічаць, што Беелер мог атрымаць права на пастаўку імплантаў як узнагароду «за яго лаяльнае стаўленне да беларускага рэжыму», піша швейцарская газета Tages-Anzeiger.

Libereco называе Беелера «вядомым прапагандыстам тэорый змовы і верным прыхільнікам беларускага дыктатара Лукашэнкі». У інтэрв'ю швейцарскаму выданню Luzerner Zeitung Беелер раскрытыкаваў санкцыі ЕЗ супраць Беларусі.

«З нашага пункту гледжання, публічныя выступы Беелера ў Беларусі знаходзяцца ў відавочнай супярэчнасці са швейцарскімі санкцыямі, з патрабаваннямі Швейцарыі ў галіне правоў чалавека да беларускага рэжыму і з мэтамі швейцарскай вонкавай палітыкі, якія закліканы спрыяць захаванню правоў чалавека і прасоўванню дэмакратыі», — заявіў прэзідэнт Libereco Switzerland Ларс Бюнгер.

Праваабарончая арганізацыя ў лісце федэральнаму дарадцу Ігнац’ё Кассісу напісала, што «ён [Беелер] шкодзіць мэтам швейцарскай вонкавай палітыкі і зрывае швейцарскія санкцыі супраць Беларусі». Libereco у жніўні 2022 года ўжо заклікала Беелера сысці ў адстаўку з пасады ганаровага консула.

Пра бізнес-інтарэсы Беелера ў Беларусі і яго сувязі з мясцовымі чыноўнікамі БРЦ распавёў у расследаванні «Узяўся за эндапратэзы... Вынікі і бенефіцыяры перадзелу рынку пасля "справы артапедаў"». 

Кампанія Беелера, HAB Invest, патлумачыла журналістам газеты Tages-Anzeiger, што да арыштаў 2022 года і цэнтралізацыі закупак у сферы аховы здароўя ў Беларусі не мае ніякага дачынення: «[Гэтыя інцыдэнты] нас не датычаць, і мы не можам даваць ніякіх падрабязнасцяў». У кампаніі дадалі, што ліст Libereco федэральнаму дарадцы Кассісу «цалкам відавочна заснаваны на няслушных здагадках».

Сам жа Беелер летам 2022 года заяўляў, што вядзе гуманітарную дзейнасць і не каментуе палітыку. Аднак бізнесовец неаднаразова выказваўся пра палітыку, да прыкладу, у Нямеччыне. У сваім фэйсбуку Беелер амаль штодня публікуе кароткія відэаролікі і заявы ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны». Акрамя таго, Беелер заўважаны ў антыўкраінскай агітацыі.

Герман Аляксандр Беелер
Крыніца: LidaNews.by / Герман Аляксандр Беелер
Герман Аляксандр Беелер
Крыніца: LidaNews.by / Герман Аляксандр Беелер

Іншыя Навіны