БРЦ сабраў дзесяць фактаў аб тым, з чым краіна прыйшла да гэтай даты.

З апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, фальсіфікацыі вынікаў якіх справакавалі маштабныя пратэсты, прайшло тры гады. БРЦ сабраў дзесяць фактаў аб тым, з чым краіна прыйшла да гэтай даты.

Факт №1: масавая міграцыя

Колькі дакладна беларусаў выехала з краіны пасля рэпрэсій, якія рушылі ўслед за выбарамі 2020 года, сказаць складана. Журналісты падлічылі, што ў Польшчы, Літве, Латвіі і Грузіі на травень 2023 года ім выдалі каля трохсот тысяч дазволаў на пражыванне. Дырэктар па даследаваннях Інстытуту развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Еўропы Андрэй Лаўрухін на пачатак 2023 года ацэньваў маштаб эміграцыі ў 400-500 тысяч чалавек.

Факт №2: палітвязні

На 9 жніўня 2023 года ў Беларусі праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 1494 чалавекі.

Факт №3: спіс тэрарыстаў

Тэрарыстычны спіс налічвае 333 беларуса.

Факт №4: закрыццё медыяў

Колькасць недзяржаўных СМІ ў Беларусі з верасня 2020 па чэрвень 2023 г. скарацілася ў два разы. Было 1285 – стала 646. Некаторыя беларускія медыі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі. У лютым 2023 года на прапанову КДБ генпракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны суд заяву аб прызнанні БРЦ экстрэмісцкай арганізацыяй і забароне яго дзейнасці на тэрыторыі Беларусі.

Факт №5: краіна-ізгой

ЕЗ і Украіна закрылі паветраную прастору для Беларусі, а таксама спынілі пасажырскі рух па чыгунцы з нашай краінай. Цяпер з Беларусі паляцець ці паехаць на цягніку можна толькі ў Расею ці праз яе тэрыторыю ў некаторыя іншыя краіны.

Факт №6: падтрыманне вайны

Афіцыйны Менск падтрымаў Расею ў вайне супраць Украіны, прадставіўшы тэрыторыю краіны расейскім войскам для наступу на Кіеў. Толькі за першыя восем дзён поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, па заявах Пентагону, з Беларусі па Украіне былі выпушчаны больш за 70 ракет.

Факт №7: санкцыі

Многія беларускія тавары патрапілі пад санкцыі ЕЗ. Еўразвяз больш не імпартуе нашыя драўніну, цэмент, мінеральныя, хімічныя і іншыя ўгнаенні, гуму і шмат іншага.

Факт №8: удар па эканоміцы

У 2022 годзе абʼём грузазвароту ў Беларусі ўпаў да 88 млрд тона-кіламетраў. Гэта мінімум за ўсю гісторыю назіранняў – з 2000 года. У 2023 годзе паказнік працягвае падаць.

Факт №9: абясцэньванне рубля

Курс долара на 9 жніўня 2020 года быў 2,45 рублі. На 9 жніўня 2023 г. – 3,15 рубля.

Факт №10: патрэбнасць у спецыялістах

Колькасць вакансіяй у Беларусі бʼе рэкорды. Запатрабаванасць у спецыялістах дасягнула найвышэйшага ўзроўню як мінімум за апошнія 10 гадоў. За тры гады ў краіне зʼявілася 47,6 тысячы вольных працоўных месцаў. На 1 ліпеня 2020 года ў агульнарэспубліканскім банку вакансіяў было 76,1 тыс. заявак. На 1 ліпеня гэтага года – 123,7 тыс.

Іншыя Навіны