Навіны Сёння

«Там просяць здаваць пазіцыі». Украінскіх ухілістаў дапытваюць у Беларусі

Людзей у цывільным цікавіць перамяшчэнне ваеннай тэхнікі і эфектыўнасць расейскіх бамбардаванняў.

Украінскіх мужчын прызыўнога ўзросту, якім удаецца незаконна перайсці мяжу з Беларуссю, дапытваюць людзі ў цывільным. Пра гэта БРЦ распавялі ўдзельнікі чатаў у Telegram, дзе тыя, каму ўдалося ўцячы, дзеляцца досведам з тымі, хто толькі плануе. Падчас допытаў цікавяцца перамяшчэннем украінскай ваеннай тэхнікі, кропкамі прылётаў расейскіх ракет і беспілотнікаў.

Звычайная практыка

«Ты туды сядаеш, цябе зачыняюць, і ты там гутарыш з гэтым вось... Ну гэта, зразумела, што гэта або кадэбіст, або эфэсбэшнік. <...> Там просяць здаваць пазіцыі», — распавёў БРЦ на ўмовах ананімнасці адзін з удзельнікаў Telegram-чата. Ён сцвярджае, што выехаў у Еўразвяз пасля незаконнага перасячэння мяжы Украіны з Беларуссю.

«Наконт перамяшчэння ваеннай тэхнікі пыталіся. <...> Што бачыў? Чаго не бачыў? Куды прылятала, куды не прылятала. Я маю на ўвазе “Шахеды”, ракеты», — дадаў іншы ўдзельнік чата.

Журналіст БРЦ патэлефанаваў на гарачую лінію Гомельскай памежнай групы, каб удакладніць, хто менавіта праводзіць допыты. «Хто ж вам такое скажа», — адказалі там.

Беларускі напрамак для ўцёкаў з Украіны, паводле словаў памочніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэя Дземчанкі, становіцца ўсё больш папулярным. У 2025 годзе памежнікі затрымалі на ўкраінска-беларускай мяжы 1424 мужчын прызыўнога ўзросту — гэта ў чатыры разы больш, чым у 2024-м. Падрабязней пра гэта мы распавялі ў навіне «За год колькасць затрыманых украінскіх ухілістаў, якія спрабавалі ўцячы ў Беларусь, вырасла ў чатыры разы». У гэтай жа публікацыі мы апісалі перапіску з чалавекам, які прапануе за грашовае ўзнагароджанне дапамогу ў арганізацыі ўцёкаў у Беларусь. Паводле яго словаў, допыты — звычайная практыка, і гэтага баяцца не варта.

Выгадны допыт

Публічны прадстаўнік BelPol Уладзімір Жыгар у каментары БРЦ сказаў, што для сістэмы Аляксандра Лукашэнкі плыня ўхілістаў у Беларусь выгадная:

«Гэтыя людзі ставяцца на кантроль, пасля чаго гэтых людзей, сапраўды, адвозяць, умоўна кажучы, на мяжу з Еўрапейскім звязам. <...> Таму што іх асноўная мэта, у прынцыпе, выкананая — гэта збор інфармацыі».

Галоўны рэдактар сайта Agentura.ru Андрэй Салдатаў мяркуе, што сабраная такім чынам інфармацыя «можа быць прадстаўленая або абяцаная таму ж [дырэктару Службы вонкавай выведкі РФ Сяргею] Нарышкіну, або [дырэктару ФСБ Аляксандру] Бортнікаву, або [памочніку Уладзіміра Пуціна Мікалаю] Патрушаву».

Паводле дадзеных ДПСУ, большую частку ўкраінскіх ухілістаў, якія хочуць уцячы праз Беларусь, у 2025 годзе затрымлівалі на памежнай тэрыторыі Ровенскай і Жытомірскай вобласцяў, радзей — у Валынскай, Кіеўскай і Чарнігаўскай.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць