Вырабленыя на «Інтэграле» мікрасхемы выкарыстоўваюцца ў расейскіх ракетах.

Нямецкі хімічны канцэрн Wacker Chemie скасаваў кантракты з UrSeCo Handels, кампаніяй з Дусэльдорфу. Раней журналісты БРЦ даказалі яе ўдзел у ланцужку паставак хлорыстага вадароду ў абыход санкцыяў на беларускае дзяржпрадпрыемства «Інтэграл».

«Мы расследавалі выпадак, у якім прадукцыя WACKER магчыма была самастойна дастаўленая нямецкім пакупніком у Беларусь праз Казахстан. У якасці захаду засцярогі мы прыпынілі ўсю дзелавую актыўнасць паміж гэтай кампаніяй і WACKER, як толькі пачалі нашае расследаванне. Кампанія пакуль не знаходзіцца ані ў адным санкцыйным спісе. Па завяршэнні нашага расследавання мы, тым не менш, вырашылі спыніць дзелавыя адносіны, паколькі дадзеная кампанія не змагла даць нам вычарпальных звестак аб тым, як і дзе ў канчатковым выніку выкарыстоўваліся нашыя прадукты», — паведаміў прадстаўнік Wacker Chemie у лісце журналісту нямецкага тэлеканала N-TV Сяргею Майеру ад 18 лютага 2025 года.

У расследаванні «Смяротныя мікрасхемы. Як “Інтэграл” абыходзіць санкцыі і дапамагае Расеі ў вайне» журналісты БРЦ раскрылі схему паставак у Беларусь з Нямеччыны звышчыстага хлорыстага вадароду, які выкарыстоўваецца на прадпрыемстве «Інтэграл» для апрацоўкі паўправадніковых пласцінаў і забяспечвае іх ідэальную чысціню і гладкасць. Еўразвяз забараніў пастаўляць гэты хімікат у 2022 годзе ў Расею і ў 2024-м у Беларусь.

Вырабленыя на «Інтэграле» мікрасхемы выкарыстоўваюцца ў расейскіх ракетах. Паводле мытных дадзеных, з сакавіка 2022 да чэрвеня 2024 года завод паставіў у Расею больш за 6 млн мікрасхемаў на суму больш за $130 млн.

Іншыя Навіны