Навіны

23 мая 2023

Расейскія медыі паведамілі пра затрыманне ў Маскве сямейнай пары, якая «прыехала з Гомля». БРЦ знайшоў сямʼю ў сацсетках

Затрымалі за запуск паветраных шароў з бела-сіне-белым сцягам.

Першым аб затрыманні сямейнай пары паведаміў паблік «Асцярожна, Масква». Паводле інфармацыі выдання, 34-гадовага Дзмітрыя Г. і 33-гадовую Юлію Г. затрымалі за запуск паветраных шароў з прымацаваным бела-сіне-белым сцягам. Тэлеграм-канал «Асцярожна, Навіны» сцвярджае, што пара «прыехала ў Маскву з Гомля». Baza апублікавала фатаграфію мужа і жонкі. Па інфармацыі выдання, на момант публікацыі яны былі затрыманыя, паліцыя праводзіць праверку.

БРЦ знайшоў акаўнты мужа і жонкі ў сацсетках і высветліў, што жанчына пражывае ў Маскве як мінімум 13 гадоў, мужчына, верагодна, з 2021 года пастаянна знаходзіўся ў Маскве, дзе працаваў таксістам. Пра тое, што яны бралі шлюб, сведчаць фатаграфіі ў сацсетках, на якіх Дзмітрый і Юлія ў вясельных строях.

Дзмітрый Г. апошні раз ён заходзіў у «ВК» дзень таму – 22 траўня. Горадам пражывання там у яго пазначана Масква, у «Аднакласніках» родным горадам названы Гомель. Мяркуючы па фатаграфіях на старонцы, Дзмітрый з 2016 года неаднаразова бываў у Расеі. БРЦ таксама знайшоў ягоны акаўнт у Тэлеграме – у апісанні кантакту фігуруе слова Camry. Менавіта з багажніка Toyota Camry, па словах відавочцаў, у Чартанава выпусцілі паветраныя шары.

Акрамя таго, мужчына з пачатку гэтага года знаходзіцца ў групах маскоўскіх таксістаў у Тэлеграме, апошнія паведамленні там ён пакідаў у мінулую пятніцу. Мяркуючы па захаваных геаметках «Яндекса», Зміцер як мінімум у красавіку і сакавіку 2021 года знаходзіўся ў Маскве. Якіх-небудзь антываенных ці палітычных пастоў на ягонай старонцы ў «ВК» БРЦ не знайшоў. Пры гэтым ён падпісаны на праўладны расейскі паблік «Мой Пуцін».

Юлія Г. два апошнія дні не заходзіла на сваю старонку ў «ВК». Паводле злітых баз дадзеных, яна – грамадзянка Расеі, пражывае ў маскоўскім раёне Царыцына. Пра гэта таксама сведчаць дадзеныя з гісторыі заказаў ежы і абʼяваў на «Авіто». З 2019 года Юлія размяшчала там прапановы аб нарошчванні веек. У злітых базах жыхароў Масквы як мінімум з 2010 года яна фігуруе пад іншым прозвішчам, на якое рэгістравала адзін з тэлефонных нумароў.

БРЦ спрабаваў датэлефанавацца да Дзмітрыя і Юліі, але ўсе званкі былі скінутыя.

Затрыманне можа быць звязана з тым, што бела-сіне-белы сцяг сярод іншых выкарыстоўваюць у сваёй сімволіцы чальцы легіёна «Свабода Расеі», якія напярэдадні, 22 мая, атакавалі Белгарадскую вобласць. У Расеі гэтая арганізацыя прызнана тэрарыстычнай.

Іншыя Навіны

«Наносіць шкоду рэпутацыі Швейцарыі». Праваабаронцы Libereco просяць пазбавіць статусу ганаровага консула Беларусі — пасля выхаду расследавання БРЦ

Навіны

«Наносіць шкоду рэпутацыі Швейцарыі». Праваабаронцы Libereco просяць пазбавіць статусу ганаровага консула Беларусі — пасля выхаду расследавання БРЦ

Libereco называе Беелера «вядомым прапагандыстам тэорый змовы і верным прыхільнікам беларускага дыктатара Лукашэнкі».

02/02 Чытаць