Антыфэйк / фактчэк

10 жніўня 2023

Фэйкі тыдня: англічане ядуць чалавечае мяса, польская паліцыя збівае беларусаў, якія хочуць вярнуцца на радзіму

А таксама — Расея ладзіць унікальны саміт і адмаўляецца тушыць грэцкія пажары, пакуль Польшча рыхтуецца да наступу. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Беларускага актывіста збіла польская паліцыя

Дата фэйка: 3.08.2023

Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры «Радыё-Менск» 2 жніўня распавёў, што польскія ўлады чыняць перашкоды беларусам, якія хочуць вярнуцца на радзіму. Ён прывёў у прыклад актывіста Іллю Дабратвора, якога нібыта збіла паліцыя.

«У мяне ёсць прыяцель, Ілля Дабратвор, які з'ехаў не па ўласнай волі, а па ідыятызме сваёй былой жонкі, прашу прабачэння за выраз, якая ў 20-м годзе кулялася, весялілася ды іншае, — распавёў Пятроўскі. — Хоць ён — сябра БНФ, кіраўнік быў менскай раённай арганізацыі БНФ. І сутыкнуўся з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Польшчы: ён купіў кнігу Васкрасенскага праз інтэрнэт, сфатаграфаваўся з гэтай кнігай насупраць Палаца культуры, сталінкі ў цэнтры Варшавы, і праз два дні да яго прыйшлі нейкія... Дарэчы, грамадзяне Украіны збілі яго, збілі яго кватэрадаўцу, ён жыве ў прыватным доме. Калі выклікалі паліцыю, паліцыя адмовіла. Ён вырашыў вярнуцца ў Беларусь, звярнуўся да Васкрасенскага. Васкрасенскі адказаў, што дапаможа. І ён напісаў, што “я прыязджаю праз тыдзень у Беларусь, Юрый Васкрасенскі мне дапамог”. Праз два дні да яго прыходзіць ужо паліцыя, ломіць два рабры. І тлумачыць: ты нікуды не з'едзеш, супраць цябе заведзеная крымінальная справа, аказваецца».

Гэтую гісторыю аспрэчыў сам Ілля Дабратвор. 

«Па-першае, кнігу я не купляў, мне яе Васкрасенскі падарыў, відавочна, што ён крыху ператоргнуў. Ён ведае факт з фэйсбука», — распавёў актывіст у каментары БРЦ.

Пра збіццё ўкраінцамі ён паведаміў наступнае: «Сапраўды быў факт таго, што мяне збілі, але звязваць гэта можна на такім жа ўзроўні, што з беларускімі спецслужбамі, што з іншапланецянамі — любая версія мае права на існаванне».

Пра вяртанне ў Беларусь Ілля Дабратвор думаў даўно: «Я сапраўды пачаў задумвацца над гэтым і, верагодна, яны [ведаюць пра гэта], чытаючы мае пасты на фэйсбуку, таму на мяне Васкрасенскі і выходзіў. Таму што, груба кажучы, яны (прапагандысты — рэд.), шукаюць слабое звяно». 

Ён пацвердзіў журналісту Weekly Top Fake, што польская паліцыя да яго праяўляе ўвагу, але рэбры ніхто не ламаў: «Мяне пачалі часта спыняць, правяраць, і маю машыну. І тут, дзе я жыў, таксама прыехала паліцыя і правяла дагляд. Паліцыя паводзіла сябе досыць карэктна, прэтэнзіяў я не маю да паліцыі польскай. <...> Паліцыя не збівала, безумоўна».

Аповед Пятроўскага актывіст падсумаваў так: «Ён узяў факты некаторыя і інтэрпрэтаваў так, як яму выгадна».

Фэйк №2: Расея адмовілася дапамагаць Грэцыі з тушэннем пажараў

Дата фэйка: 28.07.2023

Расея адмовілася дапамагаць Грэцыі тушыць лясныя пажары, заявіў галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў 28 ліпеня ў эфіры «Радыё-Менск»: «У Грэцыі ў чарговы раз гараць лясы. Там на курорце стаяць мясцовыя жыхары, якія патрабуюць паклікаць рускіх. Таму што рускія адмовіліся. Супраць іх грэкі ўвялі санкцыі — рускія адмаўляюцца тушыць пажары. А той тэхнікі, самалётаў, амфібіі, якія могуць гэта ўсё рабіць, у Грэцыі і, аказваецца, у краінах НАТА, а тым больш у такой, божа захоўвай, краіне Амерыка, натуральна, для Грэцыі няма. А ў Расеі ёсць. Але рускія пад санкцыямі».

Афіцыйна Грэцыя не звярталася да Расеі з такой просьбай. Пра гэта распавяла прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава, адказваючы на пытанне журналіста.

«Зваротаў з Афінаў наконт дапамогі не было. Таму канкрэтныя каментары мне даваць няма ніякіх падстаў», — сказала яна на брыфінгу 26 ліпеня.

Захарава дадала, што калі б такі зварот паступіў, яго б разгледзелі ва ўстаноўленым парадку.

Фэйк №3: Большасць лідараў Афрыкі прыехалі на саміт у Расею

Дата фэйка: 28.07.2023

У канцы ліпеня ў Санкт-Пецярбургу прайшоў саміт «Расея – Афрыка». Галоўныя рэдактары газеты «СБ Беларусь сёння» Дзмітрый Жук і агенцтва «Менск-навіны» Андрэй Крывашэеў у эфіры «Клуба рэдактараў» 28 ліпеня сцвярджалі, што на яго з'ехалася большасць лідараў афрыканскіх краін.

— Нягледзячы на ціск Захаду большасць афрыканскіх кіраўнікоў, лідараў краін прыехалі ў Расею, — заявіў Дзмітрый Жук. 

— 47, калі я не памыляюся, — адказаў яму Крывашэеў.

На саміт «Расея – Афрыка» запрасілі 54 краіны. Шэсць з іх зусім не даслалі дэлегацыі.

«Афіцыйныя дэлегацыі 48 краін прынялі ўдзел. 27 краін былі прадстаўлены на ўзроўні першых і другіх асоб», — падсумавала прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава.

На мерапрыемства прыбылі 17 першых асоб афрыканскіх краін. На папярэдні саміт «Расея – Афрыка», які прайшоў у 2019 годзе, дэлегацыі даслалі ўсе 54 запрошаныя афрыканскія краіны. 45 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў тады наведалі яго асабіста. Гэта значыць куды больш, чым сёлета. 

Таксама тыражуецца сцвярджэнне, што такі ўзровень кантактаў, як з Расеяй, паміж афрыканскімі краінамі і Захадам немагчымы. 

«Саміт “Расея – Афрыка” прайшоў з поспехам і з такім маштабам, які нікому ў NATO і не сніўся», — заявіла Марыя Захарава на брыфінгу 2 жніўня.

Вось, што казалі пра гэта ўдзельнікі таго ж  «Клуба рэдактараў»:

— Афрыка ўжо іншая. Мы бачылі, вось цяпер быў саміт  «Расея – Афрыка», ужо не будзе так, як раней было, — заявіў кіраўнік «Беларусь 1» Іван Эйсмант.

— Вы бачылі калі-небудзь саміт «Еўропа – Афрыка»? — спытаў прысутных дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў.

— Ну, французы рабілі, — заўважыў галоўны рэдактар агенцтва «Менск-Навіны» Андрэй Крывашэеў.

— У падручніках чытаў пра іх, — адказаў Эйсмант.

Саміты паміж Еўразвязам і Афрыкай праходзяць рэгулярна раз на некалькі гадоў з 2000 года. Апошні адбыўся ў 2022 годзе ў Бруселі. У ім узялі ўдзел кіраўнікі 40 афрыканскіх краін.

Саміты з Афрыкай праводзілі і ЗША. Апошні адбыўся таксама летась. З 49 запрошаных на яго афрыканскіх краін усе прыбылі — на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. 

Асобна праводзяць саміты з афрыканскімі дзяржавамі Францыя, Вялікая Брытанія, Індыя, Кітай і Японія. 

Аўтарам яшчэ аднаго фэйка пра Афрыку стаў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў.

«Афрыка была выпілаваная на працягу ўсіх папярэдніх стагоддзяў наогул з сусветнай палітыкі, не мае свайго прадстаўніцтва ў тым жа ААН, не мае магчымасці заявіць пра сябе», — распавёў ён у той жа праграме.

Афрыканскія краіны з'яўляюцца членамі ААН. Цяпер у Радзе Бяспекі арганізацыі знаходзяцца Габон, Гана і Мазамбік. Гэта непастаянныя члены Савету бяспекі, якія выбіраюцца на два гады. Месцы для іх размяркоўваюць паміж рэгіёнамі па квотах. За Азіяй і Афрыкай заўсёды замацавана 5 месцаў з 10 — іх абавязкова займаюць якія-небудзь краіны з гэтых рэгіёнаў.

Фэйк № 4: Польскае войска павялічвае запасы донарскай крыві

Дата фэйка: 01.08.2023

Аўтары тэлеграм-канала «Невальфовіч» сцвярджаюць, што польскае войска павялічвае запасы донарскай крыві.

«Польскае МА (Міністэрства абароны — рэд.) пахвалілася маштабным зборам донарскай крыві ў ліпені. Аж 1010 літраў! Гэта з'яўляецца яшчэ адным фактам, ускосна пацвярджае высокія страты замежных наймітаў ва Украіне (у асноўным польскіх)», — напісалі ў канале 1 жніўня.

Запас донарскай крыві неабходны для нарошчвання баявога патэнцыялу Узброеных сіл Польшчы, сцвярджаюць аўтары «Невальфовіч» і робяць выснову: Польшча рыхтуецца да наступальных дзеянняў.

Факты кажуць пра адваротнае. У сакавіку 2021 года ў польскім войску сабралі 2400 літраў крыві. Вайны тады яшчэ не было. Па выніках 2021 года Мінабароны Польшчы паведаміла, што салдаты і грамадзянскія супрацоўнікі войска польскага здалі амаль 14 тысяч літраў крыві. У сярэднім па 1150 літраў у месяц. За 2022 год сабралі 10 200 літраў — па 850 літраў у месяц. Атрымліваецца, з пачаткам баявых дзеянняў ва Украіне нарыхтоўка запасаў крыві для войска скарацілася.

Фэйк №5: У Вялікай Брытаніі ядуць чалавечае мяса 

Дата фэйка: 02.08.2023

У эфіры АТН 2 жніўня палітычны аглядальнік Андрэй Сыч распавёў, што ў Вялікай Брытаніі ядуць чалавечае мяса, а рэкламуе яго вядучы кулінарнага шоу.

«Вытворцы часам пераходзяць грань здаровага сэнсу ў павелічэнні асартыменту і ўзроўню вынаходстваў. У Брытаніі паміж справай пачалі рэкламаваць чалавечыну. Вядоўца брытанскага рэаліці-шоў пра кулінарыю Грэг Уоллес на 4-м канале (Channel 4 — ред.) рэкламуе чалавечае мяса для гатавання. У лабараторыі чалавечую тканіну ператвараюць у больш буйныя кавалкі мяса, якія можна выкарыстоўваць для гатавання стэйкаў, гамбургераў і сасісак. На ўпакоўцы проста так і напісана: зроблена людзьмі з людзей».

Фільм пад назвай «Грэг Уоллес: брытанскае цуда-мяса» сапраўды паказвалі па ТБ, але гэта быў розыгрыш, пародыя на сатырычны памфлет Джонатана Свіфта «Сціплая прапанова», у якім па сюжэце ірландскіх дзяцей прапаноўвалі прадаваць як ежу багатым грамадзянам. 

Розыгрыш выклікаў бурную і неадназначную рэакцыю ў англійскім грамадстве, пра яго пісала мясцовая прэса. Аўтар праграмы ў інтэрв'ю Бі-бі-сі 28 ліпеня патлумачыў, што мэта фільму — высмеяць, як галеча праз рост кошту жыцця стала нормай, і прыцягнуць увагу да гэтай праблемы.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі