Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч 27 траўня ў эфіры «Радыё Менск» заявіў, што ў заходніх дзяржавах, у адрозненне ад Беларусі, няма дармовых сняданкаў у школах. Ён дадаў, што з-за гэтага Захад хоча зруйнаваць нашу краіну:
«Уласцівы нашаму грамадству такі панятак, як сацыяльнае ўтрыманства. Пра яго таксама трэба ўвесь час казаць. Пра тое, што сняданкі ў школах з 1 па 4 клас для дзетак, якія сплачвае дзяржава, гэта не богам было прыдумана, калі ён ствараў нашу планету тысячу гадоў назад, ці колькі там часу прайшло з той пары. Гэта сацыяльная заваёва дзяржавы, якую сёння не проста трэба шанаваць, а трэба абараніць. Таму што мы — бяльмо ў воку таго ж заходняга свету. Адна з прычын, чаму ён хоча нас абрынуць, — таму што іх народы, іх людзі пытаюць, тыя ж прыбалты, палякі і іншыя: "Чаму ў нас такога няма?"».
У Літве задарма сілкуюцца дзеці ў рыхтавальных, 1 і 2 класах. Калі прыбыткі сям'і ніжэйшыя за пэўны ўзровень, дармовае сілкаванне атрымліваюць і дзеці больш старэйшага веку.
У Латвіі дармовае сілкаванне, як і ў Беларусі, для дзяцей з 1 па 4 клас. Для старэйшых — на меркаванне мясцовага самакіравання. Багатыя гарады сплачваюць сілкаванне ўсіх школьнікаў, меней багатыя — субсідзіруюць частку кошту, іншае даплачваюць бацькі.
Падобная сітуацыя ў Эстоніі. У Талліне сілкаванне дармовае для ўсіх школьнікаў, а ў гарадах з меншымі бюджэтамі за яго часткова даплачваюць бацькі.
Дармовыя абеды з 1 па 5 клас ёсць і ў Шатландыі. У Швецыі — для ўсіх дзяцей ад 6 да 16 гадоў, а для шмат каго — і да 19. У Фінляндыі задарма кормяць усіх школьнікаў, незалежна ад веку і прыбытку.
У іншых краінах Еўропы дзяржава плаціць, зазвычай, за сілкаванне асобных катэгорый дзяцей.