Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Кампаніі Boeing пагражае фінансавы крызіс праз санкцыі супраць Расеі? Правяраем інфармацыю «Беларусь 1»
Санкцыі парушылі адладжаны механізм паставак цеплаабменнікаў для Boeing.
Сур'ёзныя праблемы чакаюць кампанію Boeing праз санкцыі супраць Расеі, паведамілі ў эфіры «Беларусь 1». Нібыта толькі нашыя суседзі ў прамысловых маштабах вырабляюць цеплаабменнікі, неабходныя для самалётаў. Каманда Weekly Top Fake праверыла праўдзівасць гэтых заяваў.
Пра ўнікальныя запчасткі для Boeing, якія вырабляюцца толькі ў Расеі, распавялі 22 траўня 2024 года ў праграме «Трэнды» на «Беларусь 1».
«Механічнай дэталлю сістэмы з'яўляюцца цеплаабменнікі. Іх робяць у Расеі. Пасля ўвядзення ЗША санкцый супраць Расеі пастаўкі спыніліся. Аказваецца, больш ніхто іх у прамысловых маштабах не робіць акрамя абкладзенай санкцыямі Расейскай Федэрацыі», — прагучала ў эфіры.
Па запыце «цеплаабменнікі для Боінга з Расеі» гугл выводзіць на амерыканскую газету The Wall Street Journal. У пачатку траўня там выйшаў артыкул пра гэтыя дэталі. Відаць, з яе вядоўца АТН і ўзяў інфармацыю. Толькі перадаў яе няправільна.
Расея не робіць унікальныя цеплаабменнікі для Boeing. Іх вырабляе амерыканская кампанія Raytheon Technologies Corp. У РФ у яе было сумеснае прадпрыемства «Хамільтан Стандарт-Навука».
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, у сакавіку 2022 года амерыканская кампанія закрыла там вытворчасць і перанесла яе на заводы ў ЗША і Вялікую Брытанію. Першы час заказаў было няшмат, таму прадпрыемства спраўлялася. А цяпер яго магутнасцяў недастаткова, каб закрыць патрэбы ў дэталях.
Гэта значыць, што санкцыі парушылі адладжаны механізм паставак цеплаабменнікаў для Boeing.