Фэйк №1: «Кіберпенсіянерка» пахваліла горад
Партнёрскі матэрыялГомельскае выданне «Флагшток» выявіла, што ў газеце Гомельскага гарвыканкаму «Гомельскія ведамасці» 23 жніўня апублікавалі партрэт нібыта пенсіянеркі, згенераваны штучным інтэлектам. «Карэнная жыхарка Гомля» хваліла горад.
Падазрэнне ўзнікла ў журналістаў праз падабенства «фота» з выявамі, згенераванымі нейрасеткамі, накшталт Midjourney: партрэт выглядае моцна адрэтушаваным, ненатуральным, канструкцыя каўнера блузкі жанчыны асіметрычная, а на размытым фоне адгадваюцца рысы амерыканскага або еўрапейскага гораду.
Праверка сэрвісам aiornot.com пацвердзіла: ілюстрацыя штучная.
«Аўтарам матэрыялу ўказаная Святлана Цягунова, — піша “Флагшток". — Гэтым жа імем у газеце падпісаныя тэндэнцыйныя публікацыі пра заняпад заходніх краін, агляды культурных мерапрыемстваў і падзей у Гомлі. Верагодна, імя аўтара таксама з'яўляецца выдуманым. Святлана Цягунова не згадваецца на старонках газеты раней за сакавік 2023 года, а рэальнае фота такога карэспандэнта знайсці не ўдалося».
Усё гэта наводзіць на падазрэнне, што гераіня артыкула не існуе.
Гомельскае дзяржаўнае медыя ў адказ на выкрыццё скаардынавала ботаў, каб даказаць рэальнасць кіберпенсіянеркі. Замест прызнання фальсіфікацыі пад публікацыямі «Флагштока» ў сацсетках сталі з'яўляцца каментары, што пенсіянерка сапраўдная, проста яна вельмі добра выглядае. Як паказала праверка журналістаў, частка гэтых каментароў належыць супрацоўнікам ідэалагічных службаў, частка — ботам, гэта значыць фэйкавым акаўнтам.
Вось, да прыкладу, адзін з каментароў фэйкавага акаўнту:
«Бабулька-сімпапулька. Прыемна паглядзець, думаю без фільтра будзе выглядаць не горш. А да чаго перамыванне артыкула, цяпер моладзь фота без апрацоўкі не выстаўляе ў сеткі і гэта норм, а тут ужо ўсё — трагедыя».
А вось, што напісала, не хаваючы асобу, Кацярына Краўчанка — старшы інспектар аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лоеўскага райвыканкаму: «Як па мне фота сапраўднага чалавека, проста фота прафесійнае і фатографу рэспект. Проста трохі растушавалі фон і ярчэй адценні фарбаў».