Антыфэйк / фактчэк

09 лютага

Лукашэнка назваў Расею лідарам у вывучэнні Антарктыды. Ці гэта так?

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін узялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця зімавальнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Расея апярэджвае іншыя краіны ў даследаванні Антарктыды. Такую заяву зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас цырымоніі адкрыцця зімавальнага комплексу на даследчай станцыі «Усход» 28 студзеня. Каманда Weekly Top Fake праверыла праўдзівасць яго словаў. 

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін узялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця зімавальнага комплексу на станцыі «Усход» у Антарктыдзе ў рэжыме відэаканферэнцыі.

«З такімі тэмпамі, якія паказвае Расея, а Расея з'яўляецца лідарам вывучэння Антарктыкі на сённяшні дзень, ніхто не можа з гэтым параўнацца. У нас была вялікая краіна — Савецкі Саюз. Мы разам працавалі, шмат навукоўцаў было, з розных гарадоў-пасёлкаў працавалі там. Але калі хтосьці спадзяваўся, што гэта ўсё загіне, аказваецца не загінула, а выйшла на больш высокі ўзровень», — распавёў Лукашэнка.

Расея ўтрымлівае дзесяць антарктычных даследчых станцый, з якіх пяць працуюць увесь год, астатнія — толькі летам. Аргенціна і Чылі маюць па шэсць круглагадовых станцый. Сезонных станцый у гэтых краін таксама больш, чым у РФ.

Па колькасці персаналу на гэтых станцыях Расея таксама саступае ЗША, Чылі і Аргенціне. Пра гэта гаворыцца на сайце ЦРУ.

Паводле даследавання кітайскіх навукоўцаў з пекінскай Школы геафізікі і Нацыянальнага інжынерна-даследчага цэнтру марской выведкі нафты і газу, самымі прадуктыўнымі краінамі па вывучэнні Паўднёвага полюсу з'яўляюцца ЗША, Вялікая Брытанія і Нямеччына. Расея ў гэтым спісе на 11 месцы.

Больш за ўсё навуковых публікацый пра Антарктыку ў нямецкай Асацыяцыі Гельмгольца — каля трохсот. У Расейскай акадэміі навук — у тры разы менш.

Нават расейскія маракі не лічаць Расею за лідара ў гэтай галіне. Пра гэта сведчаць словы старшыні агульнарасейскага руху падтрымкі флоту Міхаіла Ненашава.

«Мы адстаём у Антарктыдзе. Усе, з кім я меў зносіны, у адзін голас кажуць: паглядзіце, як Кітай ступіў, Чылі, Аргентына з пункту гледжання ўкладанняў у інфраструктуру, у развіццё флоту, сваёй прысутнасці. У нас, на жаль, сорамна пра гэта казаць, многія аб'екты як пабудавалі ў 60-я гады, так яны і стаяць», — казаў ён у 2021 годзе.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі