Антыфэйк / фактчэк

27 снежня 2024

«ЖС Premium»: Апошнюю прэзідэнтку Грузіі абралі непрамым галасаваннем. Праверылі і абверглі

Змены сістэмы галасавання ў Грузіі ў 2017 годзе ініцыявала партыя «Грузінская мара».

Грузінская апазіцыя спачатку схілялася да змены сістэмы прамых выбараў прэзідэнта краіны на галасаванне калегіі выбаршчыкаў, а цяпер выступае супраць сваіх жа ініцыятываў, напісалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium». І дадалі, што цяперашнюю прэзідэнтку краіны Саламэ Зурабішвілі абрала калегія выбаршчыкаў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці так гэта. 

16 снежня ў Грузіі ўпершыню прайшлі выбары прэзідэнта па новай працэдуры: не прамым галасаваннем грамадзян, а калегіяй выбаршчыкаў. Яна складаецца з 300 чалавек, палова з якіх — дэпутаты парламенту, другая палова — прадстаўнікі рэгіёнаў. Цяпер большасць месцаў у парламенце належыць кіруючай партыі «Грузінская мара». Новым прэзідэнтам амаль адзінагалосна абралі адзінага кандыдата — былога футбаліста і дэпутата Міхаіла Кавелашвілі. Апазіцыйныя партыі адмовіліся прызнаваць гэтыя выбары легітымнымі.

У тэлеграм-канале «ЖС Premium» 18 снежня 2024 года напісалі, што сістэму непрамога галасавання грамадзян у 2017 годзе ініцыяваў «папярэдні праеўрапейскі ўрад», а цяпер апазіцыя змяніла меркаванне і выступае супраць сваіх жа прапановаў.

«Дарэчы, у Грузіі цяпер апазіцыяй актыўна будзіруецца думка, што выбары былі несумленнымі і наогул няправільна гэта, калі прэзідэнта выбірае не народ на ўсеагульным галасаванні, а дэпутаты. Але самае прышпільнае, што гэта электаральнае новаўвядзенне прыдумалі зусім не цяперашнія парламентарыі. Такую ініцыятыву праштурхнуў папярэдні, праеўрапейскі ўрад у 2017 годзе. І, дарэчы, мадам прэзідэнтка ў сваё крэсла трапіла менавіта такім чынам», — гаворыцца ў посце.

Змены сістэмы галасавання ў Грузіі ў 2017 годзе ініцыявала партыя «Грузінская мара». Прэзідэнт Грузіі (на той момант гэтую пасаду займаў Георгій Маргвелашвілі) наклаў вета на закон, але парламент яго пераадолеў большасцю галасоў. Большая частка апазіцыйных дэпутатаў абвясціла байкот і не ўдзельнічала ў галасаванні. Гэты праект назвалі дакументам адной партыі.

У 2018 годзе ў Грузіі прайшлі апошнія наўпроставыя выбары прэзідэнта, на якіх на гэтую пасаду абралі Саламэ Зурабішвілі. Яна набрала амаль 60% галасоў выбаршчыкаў у другім туры выбараў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ
Антыфэйк / фактчэк

Вядоўца Лебедзева заявіла, што навукоўцы з нацысцкай Нямеччыны працавалі на NATO. Высветлілі, на каго яшчэ

Вернер фон Браўн сапраўды працаваў на Трэці Рэйх, ён распрацаваў ракету V-2 — папярэдніцу амерыканскіх і савецкіх міжкантынентальных балістычных ракет.

20 снежня 2024 Чытаць