Новае

Медыцына пасля пратэстаў і ковіду: наступствы кадравага голаду

Дзяржаўныя медыі хваляцца тым, што апошнім часам у Беларусь прыязджае ўсё больш замежнікаў, сярод іншага, на лячэнне. Але наколькі даступная беларуская медыцына для ўласных грамадзянаў?

Пад канец вясны мы атрымалі паведамленні ад нашых гледачоў, што ў Беларусі стала цяжка трапіць да дактароў. Некаторыя скардзіліся, што праблемы ёсць нават з дэрматолагамі, як у дзяржаўных медычных установах, так і ў прыватных клініках. Мы прыдумалі ўласны эксперымент і паспрабавалі запісацца на прыёмы ў розныя медычныя ўстановы.

Званок у 5-ю гарадскую паліклініку:

– Пятая паліклініка, платныя паслугі.

– Вітаю. Я хацела б запісацца на УГД сэрца.

– На УГД чаго?

– Сэрца.

– У нас не робіцца, няма спецыяліста на УГД сэрца.

– Толькі цяпер няма? Або, мабыць, увогуле не было?

– 4 гады чакаем. 4 гады чакаем спецыяліста, у нас яго няма. Трыццаць другая паліклініка, паспрабуйце патэлефанаваць.

Паводле паведамленняў медыяў, летась на пачатку чэрвеня ў Беларусі не хапала амаль 6,5 тысяч медыкаў. Каб высветліць, як змянілася сітуацыя на сёння, мы прааналізавалі вакансіі дзяржаўнай службы занятасці. І вось што заўважылі: калі на пачатку лета 2021-га былі вакансіі для 2300 дактароў-спецыялістаў, то цяпер колькасць вакансіяў павялічылася больш чым у паўтара разу. А для медычных сёстраў – на траціну. Наш суразмоўца, доктар сталічнай больніцы хуткай дапамогі, называе адну з прычынаў нястачы медыкаў у Беларусі – гэта эміграцыя ягоных калегаў.

«Ну, дапусцім, у нас ёсць адно аддзяленне, з якога загадчык, дапусцім, яшчэ летам з’ехаў у Польшчу. І, натуральна, усе думаюць, што з палітычных нібыта прычынаў, бо асабіста ніхто не размаўляе, не гаворыць пра гэтыя нагоды, вы самі разумееце. Праз гэта больш-менш распалася аддзяленне. Ну і дагэтуль не могуць сфармаваць. У нейкі перыяд быў востры недахоп. Гэта цяпер, праз год, ужо неяк падабралі людзей. З нашага аддзялення, з хірургічнага, з моманту пачатку ваенных дзеянняў дзве асобы ўжо зʼехалі».

На 1 чэрвеня 2021 года ў адной толькі Польшчы працавалі 335 дактароў з нашае краіны. То бок, калі б яны не з’ехалі – закрылі б амаль 10% вольных вакансіяў у Беларусі. У канцы 2020-га, падчас другой хвалі каронавіруса, Польшча спрасціла працаўладкаванне замежным медыкам – цяпер там не патрабуюць адразу пацвярджаць свой дыплом. Каб здаць акадэмічную розніцу і дзяржаўны медычны экзамен, прайсці стажаванне, замежныя дактары, у тым ліку і з Беларусі, маюць 5 гадоў. Дзіяна пераехала ў Польшчу год таму, перад тым працавала афтальмолагам у беларускай раённай паліклініцы.

«У мяне была такая цікавая паліклініка, увогуле, цяпер калі так глядзець здалёк, то маленькая такая сістэма лукашэнкаўская. Там быў такі галоўны лекар трошкі дыктатар. І ўвогуле, сістэма лаяльнасці была, кумаўство. Я паспрабавала яе трошкі змяніць, як магла ўставаць, штосьці казаць, ісці супраць, але з цябе проста зразаюць. Пацыенты незадаволеныя ўсім. Яны, так сказаць, ад такога не зусім выдатнага жыцця зрываюць злосць на цябе. Усе мае калегі, з кім я выпускалася пасля спецыялізацыі, усе казалі, што першы час нават плакалі, такое было. Таму трошкі апусціліся рукі, я зразумела, што не зламлю, і трэба нешта з гэтым рабіць. Прыняла рашэнне выязджаць».

Сёння мінімальны заробак доктара-спецыяліста ў Польшчы большы за 1400$. Медычныя сёстры, фізіятэрапеўты, фармацэўты зарабляюць 1200$ з гакам.

У Беларусі сярэдні заробак ва ўсёй галіне аховы здароўя цяпер крыху большы за 500$. Нашыя суразмоўцы-медыкі распавядаюць, што падчас пандэміі каронавіруса іхныя заробкі значна падвысіліся дзякуючы так званым ковідным надбаўкам. Пра гэта нам распавёў доктар больніцы хуткай дапамогі. 

«Ну, я магу казаць чыста пра сябе. У мяне, як у доктара з першай катэгорыяй, 1300 BYN чыстымі – гэта заробак на стаўку. І столькі ж надбаўка за каронавірусныя, калі я з гэтымі пацыентамі сутыкаюся кожнае дзяжурства». 

Фактычна гэтых надбавак не скасавалі. Але, як на ўмовах ананімнасці распавёў нам яшчэ адзін медык, які працуе ў раённай больніцы, у іхнай больніцы атрымалі загад «зверху» зрабіць усё магчымае, каб памер гэтых выплатаў зменшыўся.

«Сталі абмяжоўваць узяцце мазкоў на ПЛР і антыген, каб проста не выстаўляць дыягназам ковід. Быў выпадак, калі пацыент паступіў і яго агледзелі некалькі дактароў, начмед сказала ПЛР сёння не браць, бо пацыента паглядзелі шмат дактароў, каб ім не плаціць. Або яшчэ выпадак: пацыент праляжаў у аддзяленні трое содняў і даведаліся, што ён станоўчы, пацыента выпісалі дадому, гісторыю анулявалі, зрабілі так, быццам пацыент у больніцы не ляжаў, каб не плаціць медперсаналу». 

Але і без гэтага, кажа наш суразмоўца, колькасць ковідных пацыентаў скарацілася – хварэць на каронавірус сталі менш. Да загаду абласнога кіраўніцтва, распавядае медык, маніпулявалі ковіднымі пацыентамі і ў адваротны бок.

«У нас грошы атрымлівалі някепскія, таму ўсе кінуліся, і ўсе пры магчымасці знаходзілі як мага больш сабе пацыентаў, каб гэтыя грошы выплачваліся. Ну, то бок ты пракантактаваў, запісаў сабе пацыента, усё, ты за гэта грошы атрымаеш. І былі такія выпадкі, што нават, дапусцім, прыходзілі і прасілі: ну, напішы, што ў чалавека пнеўманія двухбаковая полісегментарная, каб доктар атрымаў, скажам так, грошыкі». 

Пасля пачатку пандэміі каронавіруса Нацыянальны статыстычны камітэт перастаў публікаваць звесткі наконт смяротнасці. У выніку Беларусь цяпер адзіная краіна ў Еўропе, што не апублікавала лічбы пра памерлых за 2020 год. Але кіберпартызаны ўзламалі сістэму, дзе захоўваюцца пашпартныя звесткі нашых суайчыннікаў. Дзякуючы гэтаму мы даведаліся, што два гады таму ў краіне памерлі 145 тысяч асобаў – гэта адзін з самых высокіх паказнікаў у пасляваеннай гісторыі Беларусі. Празмерная смяротнасць – 25 тысячаў, меркавана, менавіта столькі насамрэч памерлі ад каронавіруса. Гэта ў 17 разоў болей, чым кажуць беларускія ўлады. Вольга Равінская, патолагаанатам, выказала сваю думку, аб тым, якія хваробы будуць расці ў Беларусі. 

«Улічваючы сітуацыю з ковідам, цяпер будзе расці анкалагічная запушчанасць. Таму што людзі не звярталіся на лячэнне і на дыягностыку. Таму, так сказаць, смяротнасць будзе ў бліжэйшай перспектыве нарастаць менавіта ад анкалагічных захворванняў, я так лічу».

Але вернемся да праблемаў з медычнымі кадрамі ў Беларусі. Вось што пра гэта распавядае нашая суразмоўца, якая жыве ў рэгіёне. 

«Ведаеце, напэўна, першая праблема – гэта адсутнасць вузкіх спецыялістаў. У нас у горадзе прыкладна 20 000 насельніцтва, плюс яшчэ прыкладна столькі ж насельніцтва раёну. У нас у нашай цэнтральнай раённай больніцы часам часта адсутнічаюць вузкія спецыялісты. Напрыклад, у нас гадамі можа не быць лора, у нас гадамі можа не быць акуліста, неўролага, ну і гэтак далей. Добра, што яшчэ хірургі не перавяліся, а то хірург у нас пастаянна за сябе і за таго хлопца. Калі б не было хірургаў яшчэ, дык я не ведаю, хто прымаў бы людзей». 

Не стае ў Беларусі малодшага ды сярэдняга медычнага персаналу. Галоўная прычына – нізкія заробкі. Дзяржаўная служба занятасці прапаноўвае цяпер вакансіі на пасады медычных сёстраў з заробкам каля 750 рублёў, санітаркам гатовыя плаціць каля 600 рублёў. Са словаў доктара больніцы хуткай дапамогі, яны маюць праблемы з кадрамі ў кардыялагічным, хірургічным, прыёмным аддзяленнях. 

«Ну, у нашай больніцы з сярэднім медперсаналам у прыёмным аддзяленні праблемы заўсёды. Бо праца вельмі цяжкая, малааплатная – і яна заўсёды была. І гэта праблема сапраўды. З санітарамі вострая праблема стаіць. З медсёстрамі не такая вялікая праблема, але больш, чым з дактарамі. Бо ў медсёстраў для Менску малы заробак і ім усім выгадна працаваць проста ў тым жа «Еўраопце» прадаўцом, сядзець і не адказваць за жыццё чалавека. Але гэта заўсёды такая праблема была. Гэта ўсё праз заробак». 

Трэба адзначыць, калі мы праводзілі свой эксперымент і спрабавалі запісацца на прыёмы ў розныя медычныя ўстановы, мы не адчулі крытычнай нястачы медыкаў. Адмаўлялі нам часцей з прычыны непрацоўнага абсталявання.

Званок у абласную больніцу:

– Абласная.

– Вітаю.

– Вітаю.

– Хацела б запісацца на КТ галавы.

– Спадарыня, пакуль запіс у нас прыпынены. У нас зламаўся апарат. А на стары апарат мы платных не бяром – там вельмі вялікая доза.

– А колькі чакаць?

– Не ведаю. Не магу сказаць.

– Ну, тыдзень…

– Паспрабуйце ў анкалогію, паспрабуйце ў кардыя, паспрабуйце РНПЦ – у іх па два апараты і там будуць платныя паслугі.

– А, мабыць, праз тыдзень ужо будзе ў вас? Ці тут ужо гаворка ідзе пра месяцы? Гады?

– Не, гэта не гады, не месяцы, хоць я не магу нічога сказаць. Калі дэталі будуць з Расеі, то гэта, магчыма, можа быць цягам месяца. Калі далей, то я нічога не магу сказаць, колькі гэта будзе.

Пра праблемы з абсталяваннем нам кажуць і медыкі. 

Дзіяна, афтальмолаг: «працаваць няма на чым, гэта быў дзікі жах, калі ты выязджаеш на прыём на раёне з простай звычайнай лямпай школьнай і з старым дзедаўскім афтальмаскопам. Гэта значыць як бы трошкі страшна, калі ты ведаеш, якая тэхніка наогул павінна быць, якія інструменты».

Медык у раённай больніцы: «нібыта апаратаў УГД і ШВЛ стае, кісларод таксама пастаўляюць у дастатковай колькасці. Але вось наш рэнтген самы шматпакутны. У 2021-м мусілі замяніць апарат КТ, але міністэрства дало нам новы рэнтгенаўскі апарат, паводле дакументаў яго мусілі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў снежні. Але, натуральна, усё зацягнулася, цяпер абяцаюць у канцы траўня пачаць працу, каб усталяваць. А так у нас амаль усё абсталяванне старое, адпрацавала 10-15 гадоў. Таму і паломкі бываюць, а рамонты прасоўваюцца цяпер павольна. На гэты момант у рэнтгенаўскі апарат патрэбная дарагая дэталь замежнай вытворчасці, чакаем, бадай, з восені. Да канца траўня таксама абяцаюць прывезці. Рэнтгенаўскай стужкі няма – і не ведаем, калі будзе. Пастаўкі кантрастаў для рэнтгену і лекаў таксама ідуць з перабоямі».

Чаму ў Беларусі медыкі працуюць са старым абсталяваннем? Прычынай можа быць ужо сталая праблема з карупцыяй у гэтай галіне. Эксперты кажуць, што дзяржава ашчаджае на ахове здароўя даволі часта, а малыя заробкі робяцца адной з прычынаў, чаму дактары ідуць на злачынствы. Так, у 2013 годзе даволі гучным стаў працэс супраць віцебскага доктара Леаніда Шылько. Ён атрымаў 6 гадоў турмы за крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Сілавікі налічылі, што доктар, які зрабіў з касцюковіцкай больніцы адну з найлепшых у краіне, скраў каля трох тысяч долараў ЗША. Але шэраг расследаванняў праграмы «Давайце разбірацца», якую, як і «Шчыра кажучы», выпускае Беларускі расследавальніцкі цэнтр, выявіў, што бізнесоўцы і чыноўнікі, звязаныя з уладамі і непасрэдна з сям’ёю Аляксандра Лукашэнкі, раскрадаюць медычны бюджэт не тысячамі, а мільёнамі і дзясяткамі мільёнаў долараў.

Гэтак, з расследавання вынікае, што дзяржава закупляла шэраг проціракавых прэпаратаў у адной фірмы – «Націвіта», якая належыць віцебскаму бізнесоўцу Аляксею Сычову. Іх выдавалі за айчынныя, але насамрэч «Націвіта» завозіла іх з Расеі і прадавала дзяржаве гуртам у 7 разоў даражэй, чым яны каштавалі там ураздроб. Гэтае расследаванне абурыла нават міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча.

Нашыя калегі выявілі, што ўласнік «Націвіты» быў звязаны з экс-міністрам аховы здароўя Васілём Жарко, якога называюць пратэжэ былой цывільнай цешчы Аляксандра Лукашэнкі – бабулі ягонага малодшага сына Мікалая. У 2011 годзе жонка Сычова заплаціла дачцэ Жарко як мінімум дзясяткі тысяч долараў за адну з кватэраў міністравай сям’і ў Менску.

У выніку, нягледзячы нават на рэакцыю міністра Піневіча, сілавікі не зацікавіліся ні схемамі раскрадання дзясяткаў мільёнаў долараў (яны працягваюцца дагэтуль), ні фігурантамі гэтае схемы. Затое гэтай вясной улады затрымалі 35 траўматолагаў, якіх абвінавацілі ў атрыманні ўзнагароджання ад замежных кампаніяў-вытворцаў за ўсталяванне імпартных пратэзаў. 

Доктар з больніцы хуткай дапамогі: «такую вялікую колькасць людзей разам забралі з медыцыны – і гэта чуваць штокрок. То бок, людзі, якія чакалі нейкіх планавых аперацыяў у траўматалогіі, ім адтэрміноўвалі гэтыя аперацыі праз каронавірус, яны не маглі зрабіць аперацыі, цяпер яны не могуць зрабіць аперацыі, бо няма спецыялістаў. У маёй больніцы два загадчыкі траўматалагічных аддзяленняў з’ехалі. Ад гэтых дзеянняў наступствы такія, што не стае цяпер траўматолагаў паўсюль, прынамсі ў Менску».

Што цікава, пасля гэтага ўлады забаранілі ўвогуле рабіць аперацыі з платнымі імпартнымі пратэзамі ва ўсіх дзяржаўных клініках па ўсёй Беларусі. Напрыклад, у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі аперацыю можна зрабіць толькі з выкарыстаннем айчынных матэрыялаў. Аднак, як высветлілі нашыя калегі з Беларускага расследавальніцкага цэнтру (каманда праграмы «Давайце разбірацца»), зрабіць імпартныя пратэзы ў Беларусі ўсё ж такі магчыма. Але ў адной прыватнай клініцы пад назваю «Мерсі» і за цэны нашмат большыя, чым рабілі ў дзяржаўных больніцах. Мы патэлефанавалі ў клініку «Мерсі».

ЗВАНОК У «МЕРСІ»: 

– Пратэзаванне каленнага сустава колькі будзе каштаваць?

– Хвілінку пачакайце.

– Ага.

– Дзякуй вам за чаканне. Артраскапія каленнага сустава каштуе 2800–2900 рублёў.

– 2900 беларускіх рублёў?

– Артраскапія… Так. Артраскапія каленнага сустава, анкернае шво ўнутранага і бакавога вяза – 7600 рублёў.

– А падкажыце, калі ласка, хто вытворцы?

– Швейцарыя і ЗША.

– Швейцарыя і ЗША. Ага. А што лепшае?

– Гэта ўжо з доктарам трэба.

– А ці ёсць нейкія чэргі? Ці гэта можна зрабіць неўзабаве?

– Трэба запісацца на кансультацыю да доктара – і ўжо ён прызначае аперацыю.

– Калі ласка, вось яшчэ я знайшла: татальнае эндапратэзаванне каленнага сустава, кошт аперацыі – 17 300 беларускіх рублёў.

Як удалося высветліць нашым калегам з Беларускага расследавальніцкага цэнтру, у клінікі «Мерсі» чатыры ўласнікі і ўсе яны тым ці іншым чынам звязаныя з бізнесоўцамі Аляксеем Алексіным і Аляксандрам Зайцам, якіх Еўразвяз абклаў санкцыямі як «гаманцоў» Аляксандра Лукашэнкі.

Апошні, дарэчы, дазволіў міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу тых дактароў-артапедаў, якія сплацілі шкоду дзяржаве, узяць на парукі і даць працаваць. А замежныя пратэзы цяпер будуць закупляць без пасярэднікаў праз «Белмедтэхніку».

Але ж такая навука ўжо была для Мінздароўя ў 2018 годзе, калі засудзілі каля паўсотні асобаў у так званай карупцыйнай справе медыкаў, у тым ліку і былых намесніка міністра аховы здароўя і кіраўніка РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Ім прысудзілі па 6-7 гадоў пазбаўлення волі, але праз два гады памілавалі. Бізнесовец Аляксандр Кныровіч тады ўтрымліваўся ў той жа калоніі, што і памілаваныя дактары. Ён кажа, што гэта рэдкасць, каб некага там памілавалі.

«За час майго адбыцця пакарання ў калоніі, да гэтых двух медыкаў было два іншых чалавека, якія былі памілаваныя. Адзін быў нейкім з не радавых Пдвшнікаў-дэсантнікаў. А другі чалавек- намеснік старшыні Беларусбанку».

Тады медыкаў таксама абвінавацілі ў хабарах за допуск лекаў і медабсталявання на рынак Беларусі. Але цэны пасля той справы моцна не змяніліся. Былы міністр аховы здароўя Ігар Зелянкевіч лічыць гэтыя справы адгалоскамі сістэмы і кажа, што караць трэба тых, хто стварыў умовы для злоўжыванняў.

«Гэта ж хтосьці стварыў умовы для таго, каб гэта адбывалася. Хто вінаваты ў гэтым? Гэтыя вінаватыя вядомыя. Але я не буду іх называць, таму што толькі суд можа назваць вінаватым чалавека. Зараз гэта ўсё адгалоскі сістэмы, я падкрэсліваю. Разумееце? Сістэма. Што тычыцца тых жа траўматолагаў, артапедаў. Трэба развіваць сваё і адсочваць. Трэба ставіць задачы перад вытворчасцю. А не набівайце кішэні».

А тым часам рэйтынг беларускай медыцыны ў свеце падае. Паводле міжнароднай арганізацыі «Намбэёў», цяпер нашая краіна займае дзевяностае месца. Пяць гадоў таму Беларусь у гэтым жа рэйтынгу стаяла на дваццаць тры пазіцыі вышэй.