Азаронак даў прыклад расейцам

Новае

Азаронак даў прыклад расейцам

За студзень – сакавік у Расеі з федэральнага бюджэту на сродкі масавай інфармацыі вылучылі ў тры разы больш грошай, чымся летась за аналагічны перыяд. Паводле дзяржаўных крыніцаў, рэйтынг даверу Пуціну, які паўгода да вайны ва Украіне складаў каля 65%, дасягнуў 80% – прыблізна столькі ж, колькі, нават паводле звестак непраўладнага Левада-Цэнтру, падтрымлівала расейскую ваенную аперацыю на яе пачатку. У гэты ж час у Расеі закрываюцца незалежныя медыі, але вырастае папулярнасць «Тэлеграму» і колькасць падпішчыкаў на яго каналы.

У першы тыдзень вайны ва Украіне нашая здымачная група спытала жыхароў Санкт-Пецярбургу, ці падтрымліваюць яны расейскае ўварванне. Каля 90%  адказалі, што так. Праз паўтара месяца, калі расейцы ўжо пачалі адчуваць на сабе санкцыі, мы паўтарылі апытанне. Адзначым, што яго нельга ўспрымаць як сацыяльнае даследаванне:

«У нас вельмі мала інфармацыі наконт мэтаў гэтага ўсяго, таму прымаць які-небудзь бок я не мае намеру. І сваім знаёмым таксама не раю».

«Я гляджу телеграм-каналы. Я ў нейкі момант вырашыў пагуляць за вайну, пачаў глядзець тое, што глядзяць мае знаёмыя, якія падтрымліваюць. Паспрабаваў зразумець іх. У мяне не атрымалася. Я максімальна супраць».

«Слухайце, лаяльна стаўлюся да спецаперацыі. Не гляджу вельмі шмат навін, моцна не ўнікаю ў гэта пытанне».

«Рэзка негатыўна. Ніякая гэта не спецаперацыя, а вайна. Да вайны я стаўлюся негатыўна. Усё, што робіць наша кіраўніцтва – гэта злачынства. За гэта трэба будзе судзіць усіх, хто знаходзіцца на кіруючых пасадах. Прэзідэнта, міністра абароны, міністра замежных спраў».

«Я лічу, што гэта наогул недапушчальна пачынаць такія вайскоўцы дзеянні ў 21 стагоддзі. Толькі калі ты абараняешся».

«Асабіста маё стаўленне – я падтрымліваю дадзеную спецаперацыю».

«Я б сказаў, што гэта злачынства, за якое, спадзяюся, хто-небудзь потым адкажа. Хоць бы хто-небудзь. Вельмі б хацелася ўбачыць суд над распальвальнікамі ў спецаперацыі».

Большасць апытаных намі жыхароў Санкт-Пецярбургу не падтрымлівае ўварвання ва Украіну і карыстаецца «Тэлеграмам» ды іншымі сацыяльнымі сеткамі, каб атрымліваць інфармацыю пра вайну. У той жа час у Херсоне замест украінскага тэлебачання акупанты ўлучылі расейскае. Мясцовы жыхар у ліставанні з намі распавёў, што пасля гэтага ягоная маці стала пытаць, ці праўда, што вайскоўцы ЗСУ гвалтуюць дзяўчат. Наш суразмоўца вымкнуў ёй тэлевізар, каб пазбегнуць уплыву расейскай прапаганды. Пра гэта нам таксама распавёў Руслан Смэшчук, спецыяльны карэспандэнт тэлеканалу «Інтер» (Украіна):

«Тэлевізар застаецца сур'ёзным, традыцыйным гігантам. І ён вельмі важны для акупаваных тэрыторый. На жаль, там выключае ўкраінскае тэлевяшчанне. Напрыклад, у Херсонскай вобласці, таму што многія людзі, умоўна там 40+, яны з інтэрнэтам не вельмі сябруюць, ёсць і перабоі з інтэрнэтам».

У 2014-ым, пасля акупацыі Данецкай і Луганскай вобласцяў, у рэгіёне таксама выціснулі ўкраінскае тэлебачанне. Іх месца занялі расейскія і створаныя мясцовыя сепаратысцкія каналы. Напрыклад, з’явіліся «Луганск 24», «Новороссия ТВ», «Первый республиканский канал». Калі прааналізаваць кантэнт у сацыяльных сетках гэтых тэлеканалаў, можна зрабіць выснову, што асноўны навінавы акцэнт робіцца на тым, якія даброты кіроўныя ўлады даюць грамадзянам. Палітычны парадак – цалкам прарасейскі, а Захад паказаны ў выглядзе ворага. Таксама папулярны прадукт сепаратысцкіх каналаў – малабюджэтныя гістарычныя праграмы. У адной з іх з’яўляецца Якаў Джугашвілі, праўнук Сталіна, які лічыць сваім абавязкам «выкрываць антысталінскую, антысавецкую хлусню». Ён не згадвае эпохі тэрору і ГУЛАГу. Замест гэтага Джугашвілі ўсхваляе Сталіна, называючы яго «прыкладам чалавека, які ўсё жыццё служыў іншым». Сваю думку на гэты конт выказаў Азад Сафараў, журналіст «Sky News»:

«Што першае рабілі расейцы, куды б яны ні прыйшлі, – у першую чаргу прыбіралі ўкраінскія тэлеканалы і ставілі сваё. Адразу. То бок масавае прамыванне мазгоў вельмі ўласцівае расейскай уладзе і расейскай арміі. На жаль, пагалоўнага доступу да інтэрнэту на Данбасе няма, гэта таксама дрэнна. Бо шмат хто праз вайну і тое, што яна доўжыцца 8 гадоў, мае нізкі даход, нізкае эканамічнае становішча. Яны не маюць нават проста камп’ютара, ноўтбука, каб сесці і прачытаць навіны. То бок інтэрнэт ёсць па ўсёй Украіне, але менавіта інструмент для доступу ў гэты інтэрнэт – не ўва ўсіх».

Азад Сафараў – украінскі журналіст, цяпер працуе ў брытанскім выданні «Sky News». У 2014-ым годзе асвятляў вайну на Данбасе для ўкраінскіх нацыянальных тэлеканалаў і замежных медыяў

«Звычайна я туды ездзіў і казаў, што я проста Дзіма. У мяне была рэгістрацыя ў Данецку, таму мне не трэба было атрымліваць іх гэтак званую акрэдытацыю. Я проста там працаваў і называўся перакладнікам. Мне было важна працаваць з замежнымі журналістамі, бо яны паказалі, што там адбывалася, асабліва калі ўпаў МН-17. І вось у гэтыя дні мы былі першыя, хто прыехаў туды ўначы, хто паказаў з месца падзеяў, што там адбылося. Але на наступны дзень яны даведаліся літаральна. Даведаліся, што я яшчэ журналіст «5 каналу» ўкраінскага. Таму яны хацелі мяне схапіць, але мне дапамаглі добрыя людзі ўцячы адтуль».

Азад Сафараў, які з дзяцінства жыў у Данецку, кажа, што там яшчэ задоўга да вайны, якая пачалася ў 2014-ым, навязваліся прарасейскія погляды. Ва Украіне не было перапісу насельніцтва пасля 2001-га, адпаведна, апошнія верагодныя звесткі пра жыхароў Данецкай вобласці мы можам прааналізаваць толькі з таго перыяду. Доля ўкраінцаў у Данецкай вобласці складала каля 60%, а расейцаў – прыблізна 40%. Расейскую мову лічылі роднай амаль 75% насельніцтва. З розніцаю некалькі адсоткаў доля расейскага насельніцтва перавышала ўкраінскае ў вялікіх гарадах. У 2019-ым годзе ўлады акупаваных тэрыторыяў Украіны паспрабавалі перапісаць насельніцтва. Але выніку так і не апублікавалі, афіцыйна спаслаўшыся на хібнасці. Паводле самазваных уладаў, на 1-га студзеня 2019-га года ў так званых ДНР і ЛНР жылі 3 мільёны 743 тысячы чалавек. А гэта амаль у паўтара разу менш, як перад ваенным канфліктам. Гэта мы абмеркавалі з украінскім журналістам Азадам Сафаравым:

«Мы вучыліся ў Данецкім нацыянальным універсітэце, да нас прыходзілі, казалі: маўляў, вы павінны пайсці на мітынг. Ясна, што я не хадзіў, але шмат каму пагражалі, што вы, маўляў, павінны пайсці на мітынг, дзе пра брацкія народы, мітынгі на 23 лютага. Канал «Ностальгия» настолькі быў папулярны на Данбасе, у Данецку, там, дзе круціліся старыя кадры з СССР: як гэта класна, а які гэта выдатны час быў, калі ўсе народы былі адзіныя. Гэтая прапаганда была прасякнутая ўсюды. Усюды было расейскае тэлебачанне. Паўсюль былі расейскія зоркі, расейскія палітыкі прыязджалі туды і распавядалі пра брацкі народ, адзінства нацыі. Я гэта бачыў усюды. У той час Януковіч выводзіў усіх бюджэтнікаў агітаваць, якія мы брацкія народы, як мы разам супрацоўнічаем, усе тэлеканалы былі поўныя расейскімі серыяламі, канцэртамі, дзе спявалі адну і тую ж песню – «Дзень Перамогі», ды ўсе астатнія прапагандысцкія. На кожнае 9 траўня трацілі шмат грошай на гэтыя канцэрты».

Што датычыць сённяшняй расейскай прапаганды, то журналістка і вядоўца праграмы «Fake News» на тэлеканале «Дождь» Маша Барзунова лічыць, што з пачаткам вайны яна стала падобная да беларускай: 

«Калі раней, у мяне чамусьці была ілюзія, што расейская прапаганда больш майстэрская, то цяпер гэта ўсё скацілася ў нейкую зусім сякерную прапаганду. У тым плане, напрыклад, калі параўноўваць з беларускай, я раней заўсёды казала, што беларуская прапаганда пераплюнула расейскую ў плане сваёй прастаты, прабачце за гэты выраз, тупасці. Мне здаецца цяпер, што ўжо расейская і беларуская прапаганда могуць паспаборнічаць у гэтым».

Тыповая характэрная рыса прапаганды – тое, што інфармацыя падаецца ўжо з ацэнкай. Дадаткова – абвінавачанне другога боку, дэманізацыя праціўніка, адмаўленне сваіх дзеянняў, якія падаюцца за зняпраўджанне, пастаяннае паўтарэнне або, наадварот, падмена версіяў на падзеі. Тое самае мы пабачылі на прыкладзе расейскай рэакцыі на здымкі з Бучы. Марыя Барзунова лічыць, што іх задача была ў тым, каб укінуць як мага больш версіяў, каб іншыя журналісты не паспявалі іх абвяргаць: 

«Гэта значыць, ты пакуль абвяргаеш адну версію з нагоды таго, што няма там ніякіх ажыўшых трупаў, там ніхто не падымае руку ў люстэрку задняга выгляду, гэта проста скажэнне люстэрка ці там гэта блік на шкле і г.д, яны прыдумляюць нейкую новую версію. І ў выніку ў гэтым інфашуме, які ствараецца дзяржаўнымі і праўладнымі СМІ, губляецца праўдзівая інфармацыя і губляюцца праўдзівыя факты».

Прыёмы маніпуляваць масамі вынайшлі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, калі побач з выдуманымі фактамі брытанская прапаганда выкарыстоўвала людскія трагедыі для фармавання негатыўнага вобразу ворага. Тады гэта былі немцы, якіх сістэматычна «дэманізавалі». Разам з тым брытанская прапаганда падавала свой поспех праз памяншэнне колькасці сваіх стратаў і гераізацыі сваіх вайсковых учынкаў. Гэта ўсё распаўсюджвалася праз прэсу і ўлёткі з самалётаў. Гэтыя ж прыёмы ўзяў у сваю практыку міністр адукацыі і прапаганды Нямеччыны Ёзэф Ґебэльс перад і падчас Другой сусветнай вайны. Толькі тады ён ужо меў новыя сродкі, як радыё і кіно, з дапамогай якіх рэжым ахопваў больш шырокія масы ды ідэалагічна падрыхтоўваў жыхароў Нямеччыны да Галакосту. Да гэтага дня прапаганда захоўвае збольшага тыя ж прынцыпы, якія паўсталі ў мінулым стагоддзі, толькі распаўсюджваюцца праз новыя інструменты: тэлебачанне, сацыяльныя сеткі і гэтак далей.

Марыя Барзунова, журналістка (Расея): «Чалавек прывучаецца, ён прывыкае да гэтага. Калі ён першапачаткова ўспрымаў гэта са скепсісам, то цяпер, калі яму 8 гадоў паўтаралі адно і тое ж – бандэраўцы-нацысты, бандэраўцы-нацысты – з часам гэта асядае ў цябе на падкорцы як праўдзівая інфармацыя і як факт».

Паводле Беларускай аналітычнай майстэрні, беларусы найчасцей атрымоўваюць інфармацыю з блогаў і сацыяльных сетак. Але цікава, што ўяўленні пра абсалютнае дамінаванне інтэрнэту ў медыяпрасторы – памылковыя. Розніца паміж аўдыторыяй сацсетак і блогаў ды дзяржаўнага тэлебачання склала ўсяго 3 адсоткі на карысць першага. Паводле папулярнасці, дзяржаўнае тэлебачанне абагнала інфармацыйныя каналы ў «Тэлеграме» ці «Вайбэры». Такія вынікі паказала апытанне беларусаў перад вайною ва Украіне. Даследнікі таксама адзначаюць, што ні адной з крыніцаў інфармацыі беларусы не давяраюць цалкам.

У час халоднай вайны амерыканскія навукоўцы вывелі мадэль медыяў у ЗША. Яе ж можна ўжыць і для іншых краінаў з падобнымі эканамічнымі ды арганізацыйнымі прынцыпамі. Навукоўцы разглядаюць медыі як прадпрыемства, якое прадае чытачоў рэкламадаўцам. Уся тэорыя базуецца на існаванні пяці фільтраў, якія вызначаюць змест матэрыялаў у медыях. Гэта прыналежнасць выдання, крыніца фінансавання, крыніца інфармацыі, крытыка і пошук «ворага». Пра гэта мы паразмаўлялі з Святланай Камісарук, сацыяльным псіхолагам (ЗША):

«Усе нашы адносіны з светам будуюцца на нашых маральных слупах, такія перакананні, якія для нас непарушныя. Напрыклад, што ў дзяцей нельга страляць, і што нацызм-дрэнна, што фашысты не пройдуць і г.д. І прапаганда выкарыстоўвае нашы маральныя прынцыпы, каб нам было лягчэй пагадзіцца з тым, пра што яны пішуць. Проста прапаганда па рознаму падае факты, якія падтрымліваюць нашы погляды. Таму калі чалавек чытае нешта ў навінавай сетцы, што абсалютна дакладна пацвярджае яго пункт гледжання, ён не будзе шукаць іншыя крыніцы інфармацыі, таму што ён упэўнены, што ім усім прамылі мазгі, а я ведаю праўду. У моманты крызісу людзі не гатовыя змяняць свае погляды. І гэта практычна нерэальна зрушыць людзей з той платформы, на якой яны стаялі да вайны. Таму так цяжка знайсці агульную мову са сваімі быццам бы блізкімі людзьмі, якія быццам бы нашы, а аказваюцца па іншы бок барыкад».

Ці ёсць прапаганда ва ўкраінскіх медыях? З пачатку вайны буйныя тэлеканалы краіны аб’ядналіся, яны працуюць кругладзённа, па чарзе змяняючы адзін аднаго. То бок глядач, які б канал ні ўлучыў, бачыць аднолькавы кантэнт. У рэжыме онлайн навіны перакладаюцца на расейскую і англійскую мовы. Аб’яднанае тэлебачанне падае выключна афіцыйную інфармацыю, напрыклад, тэлеграм-каналаў там не цытуюць.

Дадаткова існуе агульны канал «Freedom», які працуе ў падобным рэжыме і накіраваны на расейскамоўную аўдыторыю. Пра гэта нам распавёў Дмытро Лытвін, палітычны аналітык (Украіна):

«Гэта рэдакцыйная праца, там ёсць рэдакцыйныя адрозненні. Натуральнае, усё гэта падпарадкавана такой, хутчэй, эмацыйнай задачы падтрымкі краіны ў гэты час. Але, разнастайнасць нікуды не дзелася на самай справе. Таму што, напрыклад, калі паглядзець усе інтэрнэт-СМІ, яны працягваюць працаваць больш-менш так, як працавалі. Там няма ніякага асабліва ціску, або спробаў кагосьці камусьці падпарадкаваць. А тэлебачанне, яно занятае, увогуле, тым, чым і павінна займацца тэлебачанне краіны, якая ваюе за сваю свабоду. Яно падтрымлівае і народ, і войска, і захоўвае гэтую эмоцыю барацьбы. У прынцыпе, робіць гэта паспяхова».

Ва Украіне дзеіць ваенная цэнзура. Эксперты кажуць, што гэта натуральна для краіны ў такім становішчы. Напрыклад, нельга здымаць без афіцыйнага дазволу, абмяркоўваць і крытыкаваць тое, як Зяленскі ды ягоная каманда ладзяць перамовы, публікаваць інфармацыю пра атакі, пакуль тыя не скончыліся. Штопраўда, апошняе – вайсковае правіла, бо пасля такой публікацыі вораг можа скаардынаваць агонь. Дмытро Лытвін выказаў сваё меркаванне на гэты конт: 

«Я б не называў гэта цэнзурай, назваў бы здаровым сэнсам. Напрыклад, калі ёсць нейкія ваенныя рэчы, якія не варта паказваць, каб пра іх не пазнаў праціўнік, іх не варта паказваць. Трэба разумець, што ўкраінскае медыя-асяроддзе заўсёды было палітызаванае, к тым ліку, самастойнае. І таму, для абсалютнай большасці медыйшчыкаў, не з'яўляецца чымсьці не звычайным падтрымліваць сваю краіну ў гэтай вайне. Так ці інакш, кожны на сваім месцы імкнецца дапамагчы абароне дзяржавы. І натуральна, што журналісты гэта робяць».

Некаторыя краіны Еўропы з пачатку вайны ва Украіне зрабілі захады для абмежавання трансляцыі расейскіх прапагандысцкіх каналаў. Напрыклад, у Нідэрландах «RT» і «Sputnik» не маюць ліцэнзіі ды не транслююцца ў мясцовых кабельных або наземных сетках. «Ofcom», брытанская тэлекампанія, пачала расследаванні ў дачыненні «RT», каб праверыць праграмы выдання адносна належнай бесстароннасці, ды абмяркоўвае адкліканне ліцэнзіі. Таксама на тэрыторыі ЕЗ абмежаваны доступ да буйных расейскіх медыяў ў «YouTube». Прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Моўнс Блікер Б’ерэгор у інтэрв’ю нам выказаў думку пра неабходнасць стварыць закон аб прапагандзе, але адначасова з гэтым ён лічыць, што ўсё ж грамадству важна мець плюралістычныя медыі:

«Калі паглядзець у Еўропе, што кажуць пра гэта, то мы ўбачым: расейскай прапагандзе еўрапейцы не вераць. Вядома, дзесьці прапаганда дасягае сваіх мэтаў, але я не бачу, каб прапаганду ўспрымалі як факты. Менавіта таму важна мець плюралістычныя медыі, бо мы атрымліваем усю інфармацыю, усе фатаграфіі. Мы атрымліваем значна больш фактаў, чымся атрымлівалі пра любыя іншыя войны. Значыць, цалкам магчыма мець больш як дакладнае ўяўленне пра тое, што насамрэч адбываецца. І я бачу, што еўрапейцы ў курсе падзеяў. Але еўрапейцы таксама дасведчаныя аб прапагандзе ў медыях».

Ангажаванымі ва ўмовах вайны можна лічыць сродкі масавай інфармацыі ўсіх уцягнутых у канфлікт бакоў. Больш аб’ектыўнымі нашыя суразмоўцы лічаць замежныя медыі. Ва Украіне, як нам давялося высветліць, шэраг журналістаў працуе цяпер за малыя грошы, а некаторыя ўвогуле з пачатку вайны іх яшчэ не атрымоўвалі. Работнікі медыяў у размове з намі распавядалі, што ў калектывах не існУе спрэчак на гэты конт, бо журналісты лічаць, што такім крокам падтрымліваюць сваю дзяржаву падчас баявых дзеянняў. Эксперты адзначаюць, што журналістам, якія жывуць пад абстрэламі, можа не ставаць неўпярэджанасці. Мэта расейскай прапаганды – апраўдаць вайну з Украінай. І калі глядзець на апытанні, дзе дзве траціны расейскага насельніцтва падтрымліваюць гэты канфлікт, то можна зрабіць выснову, што яна працуе эфектыўна.

Беларускія дзяржаўныя СМІ з пачатку вайны капіявалі расейскі інфармацыйны парадак, але, як адзначаюць нашыя суразмоўцы, яны не дасягнулі такога эфекту, як пракрамлёўскія медыі. Гэта пацвярджае і апытанне, праведзенае даследнікамі з  Chatham House. Паводле яго, толькі тры адсоткі беларусаў падтрымліваюць паўнавартасны ўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне на баку Расеі. А гэта можна патлумачыць і тым, што антыўкраінскія наратывы ў дзяржаўных беларускіх СМІ з’явіліся нядаўна, у той час як у Расеі яны прысутнічаюць ужо цягам апошніх 8-мі гадоў.