Можно ли всех отследить

Новае

Экс-сілавік распавёў, як сочаць за беларусамі

Калі падчас тэлефоннай размовы назваць прозвішча Лукашэнкі – тут жа ўключыцца запіс і спецслужбы даведаюцца пра дыялог суразмоўцаў. Чуткі пра такую зʼяву хадзілі яшчэ шмат гадоў таму. Але, можа, гэта зусім не чуткі, і рэальна даведацца пра ўсіх, хто выказваецца супраць прадстаўнікоў улады?

Ад былых сілавікоў мы атрымалі інфармацыю, што сачэннем за беларусамі займаюцца адразу некалькі структураў. Сярод іх – дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці МУС, падобнае ўласнае падраздзяленне мае і КДБ. Таксама гэта робяць Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце і Служба бяспекі Лукашэнкі. Сачэнне адбываецца як за звычайнымі беларусамі, гэтак і за чыноўнікамі. Запісы акурат гэтых размоваў публікуюць рэгулярна кіберпартызаны. Таксама пра гэта распавёў Павел Латушка, былы міністр культуры, кіраўнік НАУ:

Па-першае, як міністр, я сустракаўся з прадстаўнікамі спецслужбаў. І мне сказалі, што 6 спецслужбаў беларускіх дзяржаўных устаноў, якія маюць права ажжыцяўляць праслухоўванне тэлефонных размоў. Я памятаю, што тады размова была аб тым, што было закуплена спецыяльнае даволі дарагое (20 мільёнаў долараў) абсталяванне, якое давала магчымасць фактычна праслухоўваць даволі вялікія, значныя тэрыторыі. Таксама выкарыстоўваліся мабільныя аператары. Я памятаю, што сам Лукашэнка казаў пра тое, што ён ажжыцяўляў праслухоўванне ўсіх тэлефонных размоваў падчас плошчы 2010 года. Што яму ўдалося пакрыць практычна ўсю гэту тэрыторыю, і праслухаць усе размовы.

Тэарэтычна можна праслухаць усіх беларусаў. Але практычна гэта складана, бо патрабуе вялікіх чалавечых і фінансавых рэсурсаў. Паводле трыгернага слова можна знайсці тых, хто яго прагаворваў праз тэлефон. Аднак рабіць гэта – немэтазгодна. І верагодна, што беларускія спецслужбы не праслухоўваць усіх запар, а робяць гэта ў дачыненні канкрэтных асобаў. Пра гэта нам распавёў Віталь Якушаў, дырэктар кампаніі ў сферы кібербяспекі «10Guards»:

Напрыклад, як робіцца ў Амерыцы. Ёсць праграма «Prіzm». Усё смс, званкі – усё запісваецца. Усю інфармацыі апрацаваць уручную – немагчыма. Існуе спецыяльны прадукт – Palantіr. Ён шукае па ключавых словах: бомба, тэрарыст. У залежнасці ад таго, хто цяпер пагроза. Потым інфармацыя аддаецца аператарам, якія аналізуюць. Слова «бомба» я магу сказаць у 100 розных кантэкстах. Таму патрэбны чалавечы інтэлект, каб гэта адфільтраваць інфармацыю. У першую чаргу не тэхналагічна складана, а вельмі дорага. Трэба захоўваць велізарны абʼём інфармацыі, потым яго апрацоўваць. Ці робяць гэта ў Беларусі, дзесьці ў постсавецкіх краінах – не ведаю. Часткова дакладна робяць. Выбарачна ставяць на праслухоўку: апазіцыю, злачынцаў, палітычных апанентаў.

Існуе некалькі спосабаў праслухоўвання тэлефонных размоваў. Самы просты – праз мабільнага аператара. І даведацца пра гэта амаль нерэальна. Яшчэ адзін са спосабаў праслухоўвання – шпіёнскія праграмы ў вашым тэлефоне. Яны запісваюць размовы і адразу адпраўляюць іх замоўцам. Зразумець, што такое праслухоўванне адбываецца, можна ўскосна. Напрыклад, батарэя тэлефона пачынае разраджацца хутчэй і больш губляецца трафіку, калі вы не карыстаецеся інтэрнэтам. Больш рэдкі варыянт праслухоўвання – жучок. Яго ставяць у тэлефон фізічна, то бок тэлефон карыстальніка мусіць трапіць у рукі спецслужбаў. Але такі апаратны жучок складана паставіць у сучасныя тонкія смартфоны, прасцей – у старыя тэлефоны, кнопачныя. Сачыць за людзьмі спецслужбы могуць і праз мэсэнджары, прывязаныя да тэлефонаў. Супрацоўнікі сілавых структураў могуць зрабіць копію сім-карты, усталяваць прыладу і ўвайсці ў акаўнт карыстальніка. Штопраўда, гэтаму можа перашкодзіць двухфактарная аўтэнтыфікацыя. Самы надзейны мэсэнджар – «Signal», бо там можна рэгістравацца, не пазначаючы тэлефоннага нумара, тлумачыць Віталь Якушаў, дырэктар кампаніі ў сферы кібербяспекі «10Guards»:

«WhatsApp», «Facebook» – да гэтых мэсэнджараў ёсць доступ у спецслужбаў ЗША. «Viber» і «Telegram» – вельмі высока імаверна, што краіны постсавецкай прасторы маюць да іх доступ. Ва Украіне мы дакладна ведаем, што да «WhatsApp» маюць доступ спецслужбы ўкраінскія, таму што яны ў партнёрстве з амерыканскімі спецслужбамі.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка распавядае, што заўважаў за сабою сачэнне не толькі пасля таго, як выказаўся супраць Лукашэнкі, але і тады, калі працаваў у дзяржапараце:

Напрыклад, была сітуацыя, калі мы ў машыне разам з маёй дачкой абмяркоўвалі беларускую мову і праз дзень быў даклад у Лукашэнкі. Лукашэнка пытаўся ў мяне наколькі часта я размаўляю са сваёй дачкой на беларускай мове. Я адказаў, што даволі часта. Ён мне адказаў, што так не думае і лічыць, што ён з Мікалаем часцей размаўляе. Па сэнсу размовы было зразумела, што ён атрымліваў напярэдадні гэтых сустрэчаў інфармацыю, запісы таго, што я мог сказаць у машыне, калі побач мяне быў тэлефон. Фіксацыя адбывалася. Мне пра гэта казалі іншыя чыноўнікі. Нават мяне знаёмілі, напрыклад, з размовай, якая была надрукаваная, праслуханая размова Макея і Корбута. І мне далі пачытаць гэтую размову, якая была запісана ў адным з гатэляў каля Горадня. Таксама была сітуацыя, калі я са сваёй будучай жонкай размаўляў, яна ў мяне запыталася: «ці праўда, што Дарафеева з’яўляецца каханкай Лукашэнкі?» На што я адказаў, што мяне не цікавяць такія справы. Я ўвогуле не цікаўлюся гэтымі пытаннямі. Праз дзень была справаздача, я быў у Лукашэнкі адзін на адзін, і ён мне кажа: «а вось тут некаторыя пытаюцца ці з’яўляецца Дарафеева маёй каханкай? Так вось я адкажу, не з’яўляецца!» Фактычна, мая размова з жонкай была запісана і была прадстаўлена Лукашэнку.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» адзначала, што ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам усе тэлекамунікацыйныя правайдары ў краіне абавязаныя забяспечваць сумяшчальнасць свайго абсталявання з сістэмаю «СОРМ». Яна дае ўладам магчымасць атрымліваць наўпроставы доступ да ўсіх камунікацыяў карыстальнікаў і звязанай з імі інфармацыі, не паведамляючы пра гэта правайдару.

Праваабаронцы адзначылі, што сістэма сачэння ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам. А заканадаўства робіць амаль немагчымым для грамадзЯніна высветліць дакладна, ці мог ён быць абʼектам сачэння.
Арганізацыя «Amnesty International» рэкамендавала, каб сачэнне ў Беларусі адбывалася толькі з санкцыі і пад наглядам незалежных суддзяў. На думку праваабаронцаў, пракуроры не мусяць паддаваць людзей сачэнню за рэалізацыю іхных правоў і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Надзея Сядун таксама сутыкнулася з незвычайнаю сітуацыяй у кавярні, дзе працавала афіцыянткаю. Яна распавядае, што аднойчы абедаць у кавярню прыйшлі Марыя Калеснікава ды Ілля Салей. А потым – верагодна, супрацоўнік сілавых структураў, які агучыў персаналу нестандартную прапанову :

Прыйшоў супрацоўнік і прынёс талерку і кажа: «гэту талерку трэба паставіць на стол белабрысай!» Ён казаў, што гэту талерку нельга мыць, але можна працерці яе вільготнай сурвэткай. Мы адмовіліся. У нас было 2 варыянты. Ці гэта нейкая атрута, ці гэта праслухоўка. Ну, мы не пагаджаліся з ніводным варыянтам гэтага. І таму ніхто не паставіў гэтую талерку, і яны сышлі з нічым.

Пра тое, хто сочыць за беларусамі мы паразмаўлялі з былым следчым Андрэем Астаповічам, які пасля выбараў у Беларусі быў вымушаны з’ехаць з краіны і на тэрыторыі Расеі сам стаў аб’ектам сачэння :

Калі суткі трэба прасачыць, тады чалавека тры трэба, мінімум два. Таму што дзесьці хтосьці засне, хтосьці яшчэ нешта, гэта доўгі і складаны працэс. Гэтыя людзі вельмі баяцца іх раскрыцця. Такія супрацоўнікі ніколі ў СМІ не зʼяўляюцца, фота ў форме не робяць. Ім свой твар, як гаворыцца, спаліць – вельмі ранімо. Груба кажучы, калі да кіраўніцтва дойдзе, што супрацоўніка апазналі, як супрацоўніка міліцыі, то ў яго будзе дысцыплінарнае спагнанне ці ж нейкія праблемы на працы. У іх абсалютна таемная праца. Па ўнутраных правілах, у іх па ўсіх базах дадзеных напісана, што яны не супрацоўнікі міліцыі.

Такім чынам мы даведаліся, што праваабаронцы кажуць: сачэнне ў Беларусі мае пэўныя хібы. Сачыць могуць за любым беларусам, нават калі для гэтага няма сурёзных крымінальных падставаў. Але адказ на пытанне «Ці могуць прадстаўнікі ўлады прасачыць за ўсімі грамадзянамі?» – адмоўны, бо гэта патрабуе вялікіх выдаткаў.