Стаўленне беларусаў да вайны ва Ўкраіне: сацыяльныя партрэты

Новае

Стаўленне беларусаў да вайны ва Ўкраіне: сацыяльныя партрэты

Расейцы падтрымліваюць вайну ва Украіне, а сярод беларусаў – такіх адзінкі. Гэтая думка існавала з самага пачатку расейскага ўварвання. Але цяпер стала відавочна, што сярод беларусаў тых, хто ўхваляе дзеянні Расеі, нашмат болей, чым падавалася на першы погляд. Чаму нават людзі, якія выходзілі на паслявыбарчыя дэманстрацыі ў 2020-м, цяпер не на баку Украіны, а прыхільнікі Лукашэнкі – наадварот, злуюцца на афіцыйны Менск і Крэмль?

Таццяна (імя мы змянілі на жаданне нашай суразмоўцы) нарадзілася на Данбасе. Але яшчэ ў маленстве пераехала ў Менск разам з бацькамі. Цяпер з імі амаль не дачыняецца. Бо ў адрозненне ад Таццяны – ейныя бацькі падтрымліваюць расейскае ўварванне ва Украіну:

«Зараз яна (маці) у мяне ў блоку. Бацька таксама ў блоку. Пад маймі пастамі ён піша тое, што нават немагчыма было пры ўсіх агучыць. «Херсон наш, бей бандэраўцаў, я прадбачыў з 93 года, я ведаў, што бандэраўскіх гнід будуць біць». Абодва кажуць, што яны з кімсьці там на сувязі на Данбасе ды ў Марыупалю, але ж усё роўна дасылаюць прапагандысцкія відэа. Не тое, што б маглі зняць іх знаёмыя на месцы. Вядома, што Данбас ужо доўгі час глядзіць расейскае тэлебачанне. Мы былі ў Кіеве, у Львове ў 2019 годзе. Ніхто ніколі не перашкаджаў нам выкарыстоўваць расейскую мову. Гэта цяпер Расея зрабіла ўсе магчымае і немагчымае, каб ва Украіне і ў тых, хто любіць Украіну, стала больш зброі, усе ўкраінцы аб’ядналіся вакол сваёй мовы».

Таццяна распавядае, што ейныя бацькі, якія падтрымліваюць расейскае ўварванне ва Украіну, у 2020-м на выбарах галасавалі за Лукашэнку:

«Бо бацьку цікавяць толькі грошы, а грошы патрабуюць стабільнасці. А маці ніколі не цікавілася беларускай палітыкай. Ані Плошчай у 10-м, ані таемнымі знікненнямі і забойствамі ў Беларусі. Толькі ў жніўні яна расплюшчыла вочы. У мяне з’явілася надзея на яе свядомасць. Але ўвогуле незразумела, як яна, пераканаўшыся ўжо цяпер, можа падтрымліваць уладу, якая спансаруе гэты цырк, базуючыся выключна на гвалце».

Даследаванне, якое правёў брытанскі аналітычны цэнтр у галіне міжнародных адносін «Chatham House» у першыя тыдні вайны, паказвае, што прыхільнікі Лукашэнкі падтрымліваюць перабыванне войскаў Расеі на тэрыторыі Беларусі. Аднак нават яны не згодныя з тым, што варта павялічваць вайсковую прысутнасць. Пры гэтым менш за палову апытаных беларусаў лічаць, што нашая краіна ўдзельнічае ў расейска-ўкраінскім ваенным канфлікце. Многія не ўспрымаюць наданне беларускай тэрыторыі як удзел. І толькі кожны пяты адзначае, што Беларусь – краіна-агрэсар.

Сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак кажа, што цяперашнюю вайну падтрымлівае не толькі электарат Лукашэнкі, але нават тыя, хто ў 2020-м галасавалі за ягоных апанентаў і выходзілі на паслявыбарчыя дэманстрацыі :

«Напрыклад у 2020 годзе ў часткі грамадства, якая падтрымлівала незалежных кандыдатаў, была ілюзія, што прыйдзе Пуцін з усходу і прынясе дэмакратыю. Частка з гэтых людзей, большая частка, убачыўшы, як Пуцін рэагуе на пратэсты ў Беларусі, і стварэнне вось гэтага рэзерву аператыўнага з расейскага АМАПу, які павінен быў узмацніць беларускі, калі б пратэсты працягнуліся і ўзмацніліся, яны на самой справе вельмі працверазілі людзей, паказалі ім, што такое на самай справе пуцінская Расея, што яна зусім ніякай свабоды прынесці не можа. Але ўсё роўна заўсёды застаецца нейкая частка людзей, якая арыентавана на Расею. Гэта як раз тая праслойка, якая магла падтрымліваць пратэсты ў сілу таго, што яны хацелі змены Лукашэнкі, але пры гэтым яны цалкам сабе нармальна ацэньваюць дзеянні Расеі».

Не ўсё так адназначна і паміж доўгагадовымі прыхільнікамі Лукашэнкі – адзначае Андрэй Стрыжак. Паводле ягоных назіранняў, яны выступаюць за расейскае ўварванне ва Украіну, але не задаволеныя яе цяперашнім вынікам. Таму наракаюць і на Крэмль, і на афіцыйны Менск:

«Калі мы паглядзім на тое, што пішуць у чатах і пабліках цікавай такой публікі, яна ўмоўна патрыятычная, у двукоссі, чырвона-зялёная, то там можна мноства адзнак прачытаць афіцыйнай улады. Тыя, хто за тое, каб удзельнічаць у ваеннай аперацыі сумесна з Расеяй, таксама незадаволеныя тым, што адбываецца. Таму што яны ж бачаць, што Кіеў не ўзяты, нягледзячы на тое, што з тэрыторыі Беларусі ішлі ўсе эшалоны забеспячэння, ішла ўся гэта падтрымка авіяцыйнымі ракетна-бомбавымі ўдарамі, але нічога не выйшла. Таму ў гэтых людзей можа быць прэтэнзія, што беларуская армія, напрыклад, не ўдзельнічала ў гэтых баях, што яна не была ўведзена паўнавартасна ў вайну для таго, каб перамагчы нацыстаў уяўных у Кіеве. Таму тут Лукашэнка хутчэй трапіў у такую сітуацыю, калі ён і не сваім і не чужым не ўдружыў».

Паводле праведзенага ў першыя тыдні вайны апытання «Chatham House» толькі 3% беларусаў выступалі за ўдзел у ваенных дзеяннях ва Украіне на баку Расеі. Пазнейшае апытанне, якое правяла ўжо Беларуская аналітычная майстэрня, сведчыць, што 11%  выказаліся за тое, каб паслаць на дапамогу расейцам беларускіх салдатаў. Такую розніцу, напэўна, можна патлумачыць адрозненнямі ў выбарцы апытанняў. Першае было праведзена сярод інтэрнэт-карыстальнікаў, другое – праз тэлефон.

Аднак больш нечаканым стала тое, што на пытанне «Ці ўхваляеце вы дзеянне Расеі ў бягучым ваенным канфлікце з Украінай?» больш за 40%  апытаных беларусаў адказалі – «так». Нечаканым, у тым ліку і для саміх даследнікаў, стаў і адказ на пытанне, хто ў першую чаргу вінаваты ў гэтай вайне. Андрэй Вардамацкі, сацыёлаг, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні распавёў нам аб сацыялагічным даследванні:

«Адносна ацэнкі таго, хто вінаваты ў гэтай вайне, то першую пазіцыю займае Расея. Але, яна займае не з такім вялікім адрывам, як меркавалася экспертнай супольнасцю беларускай і міжнароднай. Далей ідуць, напрыклад, з такой не вельмі вялікай розніцай у 5% ідуць Злучаныя Штаты, па розных прычынах. І шлейф успрымання Іраку, Югаславіі з аднаго боку. З іншага боку матывацыя звязана з тым, што пазіцыю ЗША многія ацэньваюць як нерашучую, непаслядоўную, недастаткова хуткую і дынамічную, і гэтак далей. З вобласці медыя можна казаць аб значным уплыве Беларускага дзяржаўнага тэлебачання».

Паводле сацыёлага Андрэя Вардамацкага, партрэт беларуса, які падтрымлівае Расею ў вайне з Украінаю, можна акрэсліць паводле некалькіх прыкметаў: гэта адукацыя, узрост, месца жыхарства, нацыянальная ідэнтыфікацыя :

«Чым больш адукацыйны ўзровень, тым менш станоўчых адзнак магчымага ўводу беларускіх войскаў робіцца. І, значыць, беларусы, якія ідэнтыфікуе сябе як беларусы, зноў жа, у меншай ступені – у два разы ўхваляюць магчымы ўвод беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны для вядзення баявых дзеянняў».

Што да тыпу паселішча, то Менск, паводле сацыёлага Вардамацкага, вылучаецца ад усёй астатняй тэрыторыі краіны. У тым сэнсе, што ў сталіцы больш негатыўна ацэньваюць магчымы ўвод беларускага войска ва Украіну :

«Што тычыцца ўзросту. Тое, гэты параметр таксама працуе. Чым старэй, тым большы працэнт ухваляюць. Хоць, гэта вельмі цікава. Гэта, наогул кажучы, спецыяльны размова, так. Суадносіны гістарычнай памяці, здавалася б, старэйшыя людзі павінны ў большай ступені негатыўна ставіцца да ваенных дзеянняў, вайне. Але, у дадзеным выпадку, гэта адбываецца наадварот. Гэта значыць адбываецца памылка гістарычнай памяці і медыя, так бы мовіць, уплыву».

У Расеі, паводле дзяржаўных апытанняў, «спецыяльную аперацыю» ва Украіне падтрымлівае тры чвэрці насельніцтва. Аднак незалежныя даследнікі ставяцца да гэтых лічбаў скептычна. Андрэй Вардамацкі распавёў, чаму так адбываецца:

«Значыць, справа ў тым, што гэта вымярэнне менавіта да спецаперацыі. І гаворка ідзе пра тое, што ў фармулёўцы пытання, якое задаецца ў расейскіх апытаннях, прысутнічае пытанне аб стаўленні да спецаперацыі. Гэта, агулам, нешта іншае, чым паўнавартасная вайна. Гэта значыць людзі адказваюць не з нагоды вайны, а з нагоды сімулятыўнага канструкта, які склаўся ў іх у галаве выніку, так бы мовіць, разнастайнага ўздзеяння сродкаў масавай інфармацыі. Калі б гаворка ішла ўласна пра вайну, то лічбы былі б, вядома ж, некалькі іншыя, але большасць насельніцтва Расеі падтрымліваюць дадзены момант, вось тое, што ажыццяўляецца іх кіруючым органам».

Нават паводле незалежнага Левада-центру, падтрымліваюць дзеянні расейскіх Узброеных сілаў ва Украіне тыя ж самыя тры чвэрці насельніцтва Расеі. Але ў сваіх апытаннях Левада, гэтак жа як і дзяржаўныя даследнікі, пазбягае слова «вайна». Рэч у тым, што яшчэ на пачатку сакавіка расейскія ўлады прынялІ закон, які прадугледжвае жорсткае пакаранне за распаўсюд фэйкаў пра Узброеныя сілы РФ. То бок нельга называць вайну вайной, бо ідзе «спецаперацыя». За слова «вайна» гэта можна атрымаць штраф або трапіць у турму на тэрмін да 10 гадоў.

Нягледзячы на тое, што ўвага да падзеяў ва Украіне сярод расейцаў трошку знізілася, каля 60% усё ж сочаць за сітуацыяй. Паводле Левада-Цэнтру, часцей за ўсё – гэта людзі сталага ўзросту. Іх больш турбуюць падзеі ва Украіне, чым малодшае пакаленне. Сярод таго, што турбуе, рэспандэнты часцей за ўсё называлі «гібель мірных жыхароў і расейскіх салдатаў, разбурэнне, пакуты, палон».

Больш за палову расейцаў ускладаюць адказнасць за гібель людзей ды разбурэнні ва Украіне на ЗША і краіны НАТО, яшчэ 17% – на саму Украіну і толькі 7% – на Расею. А цяпер увага! Дзве траціны расейцаў мяркуюць, што «спецаперацыя» праходзіць паспяхова. Найбольш пазітыўны погляд дэманструюць рэспандэнты старэйшага пакалення. Найменшая ўпэўненасць у паспяховасці прасоўвання «спецаперацыі» адзначаецца ў групе 18–24 гады. Агулам скептыкаў у Расеі адносна перамог ва Украіне ўсяго 17%.

Расейскі сацыёлаг Святлана Ерпылева лічыць, што нельга акрэсліць адзінага партрэту чалавека, які падтрымлівае вайну ва Украіне. Але людзей можна падзяліць на некалькі ўмоўных групаў :

«Адна група – гэта ўсім нам добра знаёмая, так званыя, я яе ўмоўна назвала, аўдыторыя дзяржпрапаганды. Гэта людзі, якія ў асноўным глядзяць афіцыйныя крыніцы інфармацыі і яны заяўляюць аб сваёй падтрымцы спецаперацыі, яны так яе і называюць-спецаперацыяй, а не вайной, і яны заяўляюць аб сваёй падтрымцы перш за ўсё насельніцтву Данбасу, якое з іх пункту гледжання даволі доўга пакутавала ад вайны. І цяпер Расея будзе іх абараняць. Яны лічаць галоўнай, важнай місіяй Расеі барацьбу з нацыяналістамі, фашыстамі, яны па рознаму іх называюць, ва Украіне».

Паводле расейскіх дзяржаўных апытанняў, амаль 90% расейцаў упэўненыя, што ва Украіне існуюць нацысцкія фармаванні. Большасць апытаных лічаць, што гэтыя фармаванні ўяўляюць пагрозу для Расеі ды яе грамадзянаў. Пры гэтым, згодна з украінскай статыстыкай, падтрыманне радыкальных партыяў Украіны слабее з 2012 года. Для параўнання, на парламенцкіх выбарах у тым годзе нацыяналістычная партыя «Свабода» набрала 10% галасоў, а ў 2019-м – толькі два. Яшчэ адна група людзей, якая падтрымлівае расейская ўварванне ва Украіну, паводле сацыёлага Святланы Ерпылевай, – гэта прадстаўнікі так званага «русского мира».

«Можна іранічна так іх назваць гісторыкі-самавукі, гэта людзі, якія цікавяцца ў нейкім сэнсе гісторыяй, даволі доўга сочаць за тым, што адбываецца ва Украіне, яны пачалі за гэтым сачыць не цяпер, і яны ў апраўданне сваёй падтрымкі робяць акцэнт ужо не на насельніцтва Данбасу, напрыклад, і нават не столькі на нацыяналістаў, фашыстаў, колькі на даўняе супрацьстаянне паміж Расеяй і Захадам, на вось гэты геапалітычны канфлікт. У іх ёсць такія імперскія сімпатыі, скажам так. Важна не называць гэта поглядамі. Гэта не погляды, гэта некаторыя сімпатыі да пабудовы моцнай Расеі, якая будзе кантраляваць розныя тэрыторыі вакол яе».

У яшчэ адну групу прыхільнікаў расейскага ўварвання сацыёлаг вылучае тых, хто нейкім чынам звязаныя з Данбасам: маюць там сваякоў або самі пераехалі адтуль у Расею.

«Гэта людзі, для якіх вось гэты прапагандысцкі наратыў пра вайну, на працягу 8 гадоў, як раз з'яўляецца чымсьці, з чым яны знаёмыя не па чутках, і таму яны знаходзяць апраўданне таму, што адбываецца, паколькі ім здаецца, што Расея нарэшце спыніць вось гэтую вайну на Данбасе, якая доўгі час адбывалася».

Цімур – якраз адзін з тых, хто нарадзіўся на Данбасе, ужо некалькі гадоў жыве ў Маскве і падтрымлівае расейскае ўварванне ва Украіну:

«Калі быць катэгарычна супраць вайны, гэта значыць, што мой родны горад застанецца пад абстрэламі назаўжды. У мяне такая дылема. З гэтымі людзьмі немагчыма дамовіцца, яны разумеюць толькі мову сілы. Украінскі народ расплачваецца за сваіх кіраўнікоў. Бо калі, я не ведаю, ці ведаеце Вы, Зяленскі ў 2019 годзе перамог, у тым ліку, за кошт таго, што ён абяцаў скончыць антытэрарыстычную аперацыю на ўсходзе нейкімі мірнымі пагадненнямі. І ён не проста не выканаў гэтага абяцанні, ён адкрыта нават не стаў спрабаваць іх прывесці ў жыццё».

А вось аўдыторыя дзяржаўнай прапаганды нечакана мяняе сваю думку. Напачатку яна ўспрыняла вайну з вялікім энтузіязмам, бо думала, што ўсё закончыцца перамогай Расеі літаральна за некалькі дзён, а калі бліцкрыгу не атрымалася, у гэтай групы з’явіліся пэўныя сумневы наконт сваёй пазіцыі. Пра гэта нам распавяла Святлана Ерпылева:

«Яны пачынаюць дапускаць, што магчыма чагосьці нам тут не дамаўляюць, магчыма ахвяр больш, чым мы думаем, магчыма прычыны не такія, якія нам называюць. У іх зʼяўляюцца эмоцыі, яны змяняюцца. Гэта таксама відаць. Гэта значыць, пазітыўныя эмоцыі змяняюцца на эмоцыі разгубленасці. Яны могуць не згаджацца з тым, што памірае такая колькасць людзей, але ўжо схаваць той факт, што мірныя жыхары паміраюць – ужо немагчыма. Людзі паміраюць. Нават калі ў гэтым вінаватыя ўкраінцы, ды, з іх пункту гледжання. Тым не менш, вось Расея пачала гэтую вайну-людзі паміраюць. Іх шкада».

Псіхолаг Анжэліка Ленсмент тое, што расейцы масава падтрымліваюць так званую спецаперацыю, тлумачыць наступным чынам :

«Гэта, ведаеце, як дзеці падтрымліваюць сваіх бацькоў, таму што гэта іх бацькі, гэта іх сямʼя і яны без гэтых бацькоў не жывуць. І ў грамадзян таталітарных, аўтарытарных рэжымаў часта бывае такое адчуванне, што яны не выжывуць без свайго рэжыму, яны бачаць як бы ў сваім рэжыме абаронцы. І часам гэта менавіта зыходзячы з такой пазіцыі. Тут, калі казаць пра псіхатып, то ёсць тэорыя, што ў грамадзян аўтарытарных дзяржаў выхоўваецца такі аўтарытарны характар. Пэўны псіхатып навязваецца большасцю. У гэтым як бы псіхатыпе ёсць белае, чорнае. Прычым белае – гэта нашы, а чорныя – гэта іншыя».

Паводле Левада-Цэнтру, сярод расейцаў падтрыманне так званай спецаперацыі за месяц хоць і нязначна (на 7%), але знізілася. Некаторыя адмыслоўцы звязваюць гэта і з санкцыямі, якія расейцы ўжо адчулі на сябе. А вось згодна з беларускімі незалежнымі даследнікамі, нашыя суайчыннікі больш рэагуюць не на саму вайну, а на яе эканамічныя наступствы для сябе. Амаль палова апытаных сказалі, што эканамічнае становішча іхнай сям’і за апошні месяц пагоршылася.