Антыфэйк / фактчэк Сёння

1,8 цэнтнера ператварылі ў 1,8 разу: як у дзяржмедыя перабольшылі поспехі беларускай сельскай гаспадаркі

У эфіры Беларускага радыё і «Альфа Радыё» заявілі пра рэзкі рост ураджайнасці і роўнасць з Літвой.

Беларускія дзяржаўныя медыя абмяркоўвалі ўборачную кампанію і эфектыўнасць сельскай гаспадаркі. Палітолаг Аляксей Беляеў заявіў, што ўраджайнасць сёлета вырасла амаль удвая. Прафесарка Ірына Новікава сцвярджала, што па ўраджайнасці пшаніцы Беларусь практычна не саступае Літве. Але ў першым выпадку гаворка ішла пра рост на 1,8 цэнтнера з гектара, а не ў 1,8 разу. У другім — параўнанне не пацвярджаецца афіцыйнымі дадзенымі.

Кантэкст: На селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі 2026 года 21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што бардак, п’янства і крадзеж падчас уборкі ўраджаю недапушчальныя. Ён таксама распарадзіўся адпраўляць тых, хто будзе кепска працаваць на ўборцы, на перавыхаванне ў войска, у лес на мяжу з Украінай.

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і СБТВ 21 ліпеня 2026 года палітолаг, кандыдат гістарычных навук Аляксей Беляеў заявіў, што беларуская сельская гаспадарка стала настолькі эфектыўнай, што ўраджайнасць сёлета вырасла амаль удвая.

«І мы бачым прырост. Мы бачым, што расце ўраджайнасць, якая ўжо вунь цяпер па многіх параметрах перавысіла ў 1,8 разу леташнюю. Па намалотах з гектара. Але гэта ж цудоўна. У 1,8 разу — уяўляеце гэта? Ледзь-ледзь не дацягваем да таго, каб удвая павялічыць ураджай з тых жа магутнасцяў», — сказаў Беляеў.

Гэта няслушна. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання 20 ліпеня паведаміла, што ўраджайнасць сёлета была ўсяго на 1,8 цэнтнера з гектара вышэйшая, чым летась на той жа перыяд. То бок гаворка ішла не пра рост у 1,8 разу, а пра прыбаўку ў 1,8 цэнтнера з гектара. У пазнейшых паведамленнях ведамства пра рост ураджайнасці ўжо не гаварылася. Гаворка ішла пра тое, што яна — на ўзроўні мінулага года.

Тэму эфектыўнасці беларускай сельскай гаспадаркі днём раней узняла і доктарка эканамічных навук, прафесарка Ірына Новікава. У радыё-шоу «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 20 ліпеня 2026 года яна заявіла, што Літва не апярэджвае Беларусь па ўраджайнасці.

«Яны калі казалі, што больш сабралі пшаніцы ў Літве, яны туды засунулі тое, пра што мы з вамі гаварылі, — і кукурузу, і гэтак далей, і гэтак далей. Насамрэч колькасць, атрыманая з гектараў, пшаніцы — я лічыла — роўная. Практычна роўная, там невялікае адхіленне, 2—3 кг. Таму сельская гаспадарка ў нас эфектыўная», — сказала Новікава.

Раней Новікава ўжо параўноўвала сельскую гаспадарку дзвюх краін некарэктна: каб падлічыць, колькі пшаніцы збіраюць з аднаго гектара, яна дзяліла ўвесь аб’ём жыта, пшаніцы, ячменю і іншых збожжавых і зернебабовых на ўсе ворныя землі краіны.

Калі ж глядзець менавіта ўраджайнасць пшаніцы, карціна іншая. Паводле афіцыйных дадзеных, у 2021 годзе беларускія аграрыі збіралі 36 цэнтнераў азімай пшаніцы з гектара, а літоўскія — на 12 цэнтнераў больш. Менавіта азімая пшаніца дае асноўную частку ўраджаю пшаніцы і ў Беларусі, і ў Літве.

Параўнаць вынікі мінулага года наўпрост складаней, таму што з таго часу Белстат публікуе толькі агульную ўраджайнасць азімай і яравой пшаніцы. Летась яна склала 41 цэнтнер з гектара. Ураджайнасць толькі азімай пшаніцы будзе крыху вышэйшая, але ўсё роўна не перакрые паказнік Літвы — больш за 55 цэнтнераў з гектара. То бок розніца паміж Літвой і Беларуссю не 2—3 кг, як сцвярджала Новікава, а больш за 1000 кг з гектара.

Па ўсіх збожжавых і зернебабовых разам узятых Літва таксама заўважна апярэджвае Беларусь — таксама на сотні кілаграмаў з аднаго гектара.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць