Пра пазітыўную ацэнку сітуацыі ў Беларусі амерыканскага выдання The Washington Post вядоўца Марына Субота расказала 21 сакавіка 2025 года.
«Менск дэмакратызуе дзеля светлай будучыні сваю разумную аўтарытарную форму кіравання. І робіць гэта гэтак добра, што нават амерыканская прэса піша: Лукашэнка — красунчык, эканоміка Беларусі — красуня, службоўцы — малайчыны, людзі ўсім задаволены», — расказала вядоўца.
На экране яе словы праілюстравалі скрыншотам з цытатай з посту ў тэлеграм-канале «Незыгарь», аўтары якога спаслаліся на матэрыял The Washington Post.
Мы знайшлі і прачыталі арыгінальны артыкул. Яго аўтарка Франчэска Эбель (Francesca Ebel) расказвае, што пабывала ў Беларусі і ўбачыла, як Лукашэнка балансуе паміж Расеяй і Захадам, спрабуючы захаваць незалежнасць, і як цень Расеі накрывае Беларусь. У матэрыяле сапраўды ёсць словы, што стаўленне людзей да ўлад палепшылася: «Не ўсе выступаюць супраць палітыкі Лукашэнкі ці цяснейшага саюзу з Расеяй». Далей ідзе тлумачэнне, чаму не ўсе:
«Грамадскія настроі ў адносінах да ўлад палепшыліся з 2020 года. На фоне асцярог, што Расея можа паспрабаваць прызваць беларусаў для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку расейскіх войскаў, людзі аддаюць належнае Лукашэнку за тое, што ён утрымаў краіну ад наўпроставага ўдзелу ў вайне. Умацаванне эканамічных сувязяў з Расеяй, што стабілізавала ізаляваную беларускую эканоміку і павялічыла заробкі, таксама памякчыла хвалю незадаволенасці».
То бок аўтарка артыкулу не сцвярджае, што беларусы ўсім задаволены. Яна пералічыла прычыны, па якіх незадаволенасць часткі людзей змякчэла. Пацверджанняў словам Марыны Суботы, што аўтарытарызм у Беларусі ўмела дэмакратызуецца, у матэрыяле выдання каманда WTF таксама не знайшла. Хутчэй, наадварот: у артыкуле апісана, як за рэпост у сацсетках можна трапіць у турму.