Антыфэйк / фактчэк

Сёння

Вікіпедыя замест пропуску і мітынг Трампа замест балю ў гонар інаўгурацыі. Фэйкі і факты пра візіт экс-прэмʼера Польшчы ў Вашынгтон

Арыгінальнае відэа апублікавала 20 студзеня 2025 года ў сацсетцы Х украінска-амерыканская журналістка Оля «Скутэркастэр» Фядун.

Былы прэмʼер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі спрабаваў пацвердзіць асобу артыкулам пра сябе з Вікіпедыі, каб трапіць на мітынг Дональда Трампа, расказаў Аляксей Півавараў. Каманда Weekly Top Fake праверыла словы расейскага журналіста.

Як экс-прэмʼер Польшчы Матэвуш Маравецкі спрабаваў трапіць на мітынг Дональда Трампа ў комплексе Capital One Arena у Вашынгтоне, журналіст Аляксей Півавараў расказаў у эфіры праграмы «Рэдакцыя. News» на YouTube 26 студзеня 2025 года.

«Самым жа нешчаслівым госцем апынуўся экс-прэмʼер Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён забыўся свой пропуск і дакументы ды спрабаваў пацвердзіць асобу, паказваючы артыкул пра сябе на Вікіпедыі на тэлефоне. Суровыя амерыканскія паліцыянты заставаліся абыякавымі, усім сваім выглядам паказваючы, што хлопца без дакументаў не прапусцяць, будзь ён нават не з Польшчы, а з Тэхасу. Урэшце Маравецкі трапіў на цырымонію. Напэўна, некаму з памагатых давялося зганяць за пропускам у гатэль», — апісаў журналіст сітуацыю, у якой нібыта апынуўся польскі палітык.

У пацверджанне сваіх словаў Півавараў паказаў відэазапіс, на якім Маравецкі і нейкая жанчына нешта тлумачаць людзям у аранжава-жоўтых камізэльках, паказваюць экран тэлефона.

Арыгінальнае відэа, якое паказалі ў «Рэдакцыя. News», апублікавала 20 студзеня 2025 года ў сацсетцы Х украінска-амерыканская журналістка Оля «Скутэркастэр» Фядун (Oliya Scootercaster Fedun). У подпісы да яго гаворыцца, што Матэвуш Маравецкі стаіць каля Capital One Arena і спрабуе патлумачыць вайскоўцам Нацыянальнай гвардыі, хто ён такі, паказваючы старонку пра сябе ў Вікіпедыі. На стадыёне, каля якога знялі экс-прэмʼера Польшчы, сабраліся на мітынг прыхільнікі Дональда Трампа, ён да іх прыехаў ужо пасля інаўгурацыі.

У той жа дзень былы прэмʼер-міністр Польшчы скаментаваў гэту інфармацыю на сваёй старонцы ў сацсетцы Х:

«Гэта хлусня. А ў чым праўда? Вашынгтон ужо два дні цалкам заблакаваны, зразумела, з якой нагоды. У звязку з гэтым на загадзя дамоўленае інтэрвʼю я вырашыў дабрацца пешкі. І сам падышоў да ахоўнікаў ці жаўнераў, каб спытаць дарогу».

Мы не можам пацвердзіць праўдзівасць словаў Маравецкага. Аднак у жанчыны, якая стаіць побач з ім, на экране смартфона адкрыта гугл-мапа. Гэта можна заўважыць на арыгінальным відэа.

Фатаграфіі ж, якія суправаджаюць словы Аляксея Піваварава пра тое, што «урэшце Маравецкі ўсё-такі трапіў на цырымонію», зроблены не на стадыёне Capital One Arena. Гэта «Зорны баль» (Starlight Ball) — адзін з інаўгурацыйных баляў, якія прайшлі ў гонар падзеі для фундатараў прэзідэнцкай кампаніі тым жа вечарам 20 студзеня.

Навіну пра Маравецкага распаўсюдзілі ў тым ліку беларускія медыі — і дзяржаўныя, і незалежныя.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі