Антыфэйк / фактчэк

18 лютага 2023

Пуцін стаў самым папулярным палітыкам сярод малдаванаў, а Украіна ашчаджае на памежных слупах. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Фэйк 1: Львоўскі тату-салон дорыць фотасесію з танкам за тату з нацысцкай сімволікай

Партнёрскі матэрыял
Тату-салон у Львове нібыта праводзіць акцыю: тым, хто зробіць татуіроўку з нацысцкай сімволікай, дораць фотасесію з танкам Leopard 2. Пра гэта распавяла 8 лютага 2023 года ў сваім тэлеграм-канале расейская тэлевядоўца і журналістка Вольга Скабеева і пацвердзіла свае словы відэа з рэкламнымі ўлёткамі салону. 

«Неанацысцкі маркетынг выйшаў на новы ўзровень у Львове: "Набей "патрыятычныя" татуіроўкі [з нацысцкай сімволікай] і ў падарунак атрымай фотасесію з танкам Леапард"», — гаворыцца ў подпісе да відэа. 

Журналісты «Лукавых навін» звярнуліся ў львоўскі тату-салон па каментар. Там адказалі: «Фэйк. Мы не давалі дазволу на гэтую акцыю». 

Фэйк 2: Двое ўкраінскіх вайскоўцаў папрасілі палітычны прытулак у Нямеччыне

Партнёрскі матэрыял
Вайскоўцы з Украіны прыехалі ў Нямеччыну, каб прайсці навучанне. Двое з іх папрасілі палітычнага прытулку, напісаў 6 лютага 2023 года тэлеграм-канал «Шкварка 2.0» са спасылкай на брытанскае выданне Financial Times. 

«Брытанскае выданне Financial Times паведамляе, што на нямецкі палігон Экернфердэ (ням. Eckernförde), прыбылі ўкраінскія вайскоўцы, для навучання эксплуатацыі танкаў Leopard2. Таксама ў публікацыі ўказана, што два чалавекі, з ліку прыбылых, папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне, з прычыны нежадання паміраць у бессэнсоўнай вайне. Яны таксама сцвярджаюць, што павелічэнне паставак узбраення, ніякім чынам не зможа паспрыяць перамозе Украіне, а толькі павялічыць колькасць ахвяр, сярод мірнага насельніцтва», — гаворыцца ў посце. 

У якасці пацвярджэння аўтары поста прымацавалі нібыта скрыншот артыкула з сайта выдання. Але ў публікацыі, на якую яны спасылаюцца, размешчана іншая інфармацыя:

«Два чалавекі, знаёмыя з падрыхтоўкай, сказалі, што ўсё гатова, каб пачаць навучанне ўкраінскіх вайсковых разгортванню сучасных баявых танкаў пасля таго, як некалькі еўрапейскіх краін на мінулым тыдні паабяцалі адправіць іх у Кіеў пасля месяцаў абмеркаванняў і ціску з боку Украіны».

Аўтары тэлеграм-каналу з дапамогай графічнага рэдактара замянілі абзац на скрыншоце на патрэбную ім інфармацыю.

Фэйк 3: Уладзімір Пуцін — самы папулярны ў Малдове замежны палітык

Партнёрскі матэрыял
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін апынуўся самым папулярным замежным палітыкам сярод грамадзян Малдовы, сцвярджае ў сваім тэлеграм-канале тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў. У пацвярджэнне ён апублікаваў скрыншот вынікаў апытання. 

«Дзесьці цяпер самотна паплакаў Макрон абняўшыся з Урсулай фон дэр Ляен, і маўкліва нічога не зразумеў Байдэн», — напісана ў посце ад 3 лютага 2023 года.

Гаворка ідзе пра апытанне, якое правяло WatchDog.md (супольнасць аналітычных цэнтраў грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Малдова) у пачатку студзеня 2023 года.

Яно тычылася не папулярнасці, а даверу да палітыкаў. Паводле яго, Уладзімір Пуцін мае не толькі высокую ступень даверу, але і яшчэ большую ступень недаверу. Падобныя вынікі ва Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі. 

Паводле гэтага ж даследавання, найбольшая частка апытаных займае праўкраінскую пазіцыю.

Фэйк 4: У Польшчы з'явіліся банеры з надпісам «Гэта не нашая вайна»

Партнёрскі матэрыял
Польшча разгарнула кампанію супраць «украінізацыі» краіны, у гарадах з'явіліся банеры з лозунгам «Гэта не нашая вайна», напісаў тэлеграм-канал «Шкварка 2.0» 3 лютага 2023 года і апублікаваў фота рэкламнага шчыта.  

«Мэта — спыніць украінізацыю краіны. Пра гэта паведамляе выданне naTemat са спасылкай на палітычнага актывіста Лешэка Сыкульскага. Антыўкраінскую кампанію плануюць развіваць па ўсёй Польшчы шляхам рэкламных шчытоў і працы над мысленнем мясцовых жыхароў, якія падтрымліваюць Украіну», — сказана ў посце.

Фотаздымак апынуўся мокапом (макет дызайну прадукту) для фотарэдактара, які дэманстраваў, як могуць выглядаць такія білборды. Вось так выглядае арыгінальны здымак: 

Фота білбордаў са сцягамі Расеі і Украіны — ілюстрацыі інфармацыйнай кампаніі, якую развязаў польскі актывіст Лешэк Сыкульскі.

Дзейнасць Сыкульскага, нібыта антываеннага актывіста, раней пракаментаваў польскі палітык Станіслаў Жарын, упаўнаважаны ўраду па бяспецы інфармацыйнай прасторы Польшчы. У сваім твітары ён напісаў, што Сыкульскі — «адзін з каментатараў, якія заражаюць польскую інфармацыйную прастору тэзісамі, якія супадаюць з пасылам расейскай прапаганды супраць Польшчы. Гэта вельмі шкодныя дзеянні. Паданне агалосцы такога кантэнту небяспечна для Польшчы».

Фэйк 5: Украінцы ашчаджаюць на ўстаноўцы памежных слупоў

Партнёрскі матэрыял
Украінцы фарбуюць адваротны бок беларускіх памежных слупоў на мяжы, каб «ашчадзіць раскрадзеныя грошы», заявіў 5 лютага 2023 года расейскі журналіст Уладзімір Салаўёў у эфіры праграмы «Нядзельны вечар» на тэлеканале «Расея 1».

«А ўкраінскі бок стаў эканоміць раскрадзеныя грошы на сцяну Яцэнюка. <...> Таму дайшло да таго, што яны проста фарбуюць адваротны бок беларускіх памежных слупоў і кажуць, што гэта нашыя сумесныя слупы».

На самай справе гэтыя слупы першапачаткова былі двух колераў. У рэгіянальным беларускім выданні яшчэ ў 2015 годзе апублікавалі артыкул пра ўсталяванне памежнага слупа на мяжы з Украінай. На фотаздымках сярод іншых знакаў можна ўбачыць такі ж слуп, як паказаў Уладзімір Салаўёў у сваім рэпартажы. 

Ёсць і відэа, зробленае ў 2021 годзе, пра тое, як украінцы ўсталёўваюць такія слупы на мяжы з Беларуссю. 

Фэйк 6: Жыхары Нямеччыны лічаць, што ў краіне занадта шмат украінскіх уцекачоў

Партнёрскі матэрыял
Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» паведамілі, што жыхары Нямеччыны лічаць, што ў краіне стала занадта шмат украінскіх уцекачоў. 

«Там гэта, апытанне ў Нямеччыне правялі, на прадмет "ці не занадта шмат украінскіх уцекачоў пусцілі ў краіну". Даследаванне праводзіў інстытут INSA для нямецкай газеты "Bild am Sonntag". І вось што цікава, па выніках апытання ўжо 51% рэспандэнтаў лічаць, што Нямеччына прыняла занадта шмат уцекачоў. Яно ў цэлым не дзіўна, але тэндэнцыя вельмі ўжо паказальная. Асабліва ўлічваючы, што там у многіх дзедаўская ўніформа на антрэсолях ляжыць. Мы б на месцы ўкраінцаў вельмі задумаліся, а ці так ім там рады, у той самай Нямеччыне. А то ж пытанні з нацыянальнымі меншасцямі немцы вырашаць яны ўмеюць вельмі добра і хутка. Глядзіш, і закрыюць "украінскае пытанне" адным махам», — напісана ў посце ад 5 лютага 2023 года. 

У артыкуле нямецкага таблоіду Bild am Sonntag гаворыцца пра апытанне аб прынятых уцекачах у цэлым, а не толькі пра ўкраінскіх:

«Фактычна, у новым апытанні INSA для BILD 51% апытаных кажуць, што Нямеччына дагэтуль прыняла (хутчэй) занадта шмат уцекачоў. "Досыць шмат" кажуць 33%, 11% лічаць, што іх (хутчэй) мала.

Прэзідэнт нямецкай акруговай асацыяцыі распавёў журналістам, што з 2014 года ў краіне “прынялі каля 1,4 мільёна асоб, якія шукаюць прытулку, а зусім нядаўна — больш за мільён украінцаў, гуманна размясцілі іх і клапаціліся пра іх. Мы выкарыстоўваем усе нашы сілы, але цяпер магчымасці вычарпаныя". Але і гэта не адмаўляе таго факту, што ў краіне акрамя грамадзян Украіны знаходзіцца яшчэ вялікая колькасць уцекачоў з іншых краін свету». 

Фэйк 7: Прэм'ер Польшчы прапанаваў Зяленскаму перадаць заходнія тэрыторыі Украіны пад польскае кіраванне

Партнёрскі матэрыял
Прэм'ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі прапанаваў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму перадаць частку заходніх тэрыторый Украіны пад Польскі пратэктарат. Такую навіну апублікаваў тэлеграм-канал «Беларуская кухня» 7 лютага 2023 года. 

«А сцярвятнікі тут як тут. Прэм'ер-міністр Польшчы Маравецкі заклікаў Зяленскага перадаць яму частку ўкраінскіх земляў. Пры гэтым польскі прэм'ер запэўніў, што такое рашэнне з'яўляецца "часовым" і неабходным у сітуацыі, якая склалася. Маравецкі растлумачыў, што аддаўшы заходнюю Украіну пад пратэктарат Польшчы, абароніць гэтыя тэрыторыі ад РФ. Прэм'ер растлумачыў, што Масква не стане "нападаць” на краіну, якая абароненая сяброўствам у NATO. А вось ці атрымаецца вярнуць зямлі?» — задаюцца пытаннем аўтары поста. 

Нідзе акрамя расейскіх крыніц гэтая навіна не з'яўлялася. У публікацыях нават не паказваюць, калі і дзе была зробленая гэтая заява. Многія рэсурсы, якія размясцілі гэтую інфармацыю, выдалілі яе пазней. Раней гэтая навіна была апублікаваная ў гумарыстычным тэлеграм-канале «А вось мой яндэкс кашалёк».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі