У сумеснай заяве, апублікаванай 18 сакавіка 2025 года, міністры абароны Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі рэкамендавалі сваім краінам выйсці з Атаўскай канвенцыі, якая забараняе выкарыстоўваць супрацьпяхотныя міны. У той жа дзень намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Павел Бейда ў інтэрв'ю радыё RMF FM паведаміў, што Варшава мае намер запусціць іх вытворчасць.
Абмяркоўваючы гэтую тэму з вядоўцам праграмы «Будні», аглядальнікам Вадзімам Шэпетам 20 сакавіка 2025 года ў эфіры «Альфа Радыё» і «СБ ТБ», Вадзім Гігін патлумачыў, для чаго, на яго думку, Польшча хоча замініраваць мяжу з Беларуссю:
«Для чаго яны мініруюць мяжу? Проста ўдумайцеся! Яны мініруюць, каб не жывёлы падрываліся, а людзі! Мігранты. Яны ж не мініруюць яе супраць нашых шостай, адзінаццатай брыгады, якія пойдуць у наступ танкамі сваімі. Не. Яны мініруюць яе супраць мігрантаў. З тым, каб жывыя людзі, якія ідуць да іх па іх запрашэнні або Нямеччыны (Нямеччына ж не адмяняла запрашэнне Ангелы Мэркель, вось людзі ідуць)».
Намеснік міністра абароны Польшчы Павел Бейда, адказваючы на пытанне, чаму краіна хоча дэнансаваць Атаўскую канвенцыю, сказаў, што ў Варшавы няма выбару:
«Сітуацыя на мяжы сур'ёзная. Я кажу пра мяжу польска-беларускую і польска-расейскую. ... Гэта будзе адзін з элементаў "Усходняга шчыта". Хачу сказаць, што ў нас ёсць асцярогі, якія мяжуюць з упэўненасцю, што Беларусь ідзе на повадзе ў Расеі. Што б ні сказаў Пуцін, Лукашэнка пагодзіцца. Звярніце ўвагу, з якога боку была здзейсненая атака на Украіну. З боку Беларусі. У нас няма супрацьпяхотных мін, але ёсць магчымасці іх вырабляць».
Пра тое, што Польшча павінна дэнансаваць Атаўскую дамову і замініраваць участкі ўсходняй мяжы, у траўні 2024 года заявіў былы прэм'ер-міністр Матэўш Маравецкі:
«Для сапраўдных умацаванняў патрэбныя менавіта замініраваныя ўчасткі ўздоўж мяжы, каб агрэсар ведаў, што ніякія танкавыя дывізіі так проста сюды не прарвуцца, яны не ўвойдуць, як па масле, як яны ўвайшлі ва Украіну ў першыя дні — 24 лютага 2022 года».
Цяперашні прэм'ер краіны Дональд Туск у адказ паведаміў, што пакуль няма планаў мінаваць мяжу і ініцыяваць змены міжнароднага права ў гэтым пытанні. Аднак праз амаль год, у сакавіку 2025-га, палітык заявіў, што Польшча «будзе выкарыстоўваць любую наяўную магчымасць для ўзмацнення сваёй абароны».