Антыфэйк / фактчэк

15 чэрвеня 2023

Фэйкі тыдня: ЦРУ пацвердзіла ўдзел у вайне ва Украіне, брытанцы абураныя прэміяй Ціханаўскай, прэм'ер Люксембурга абразіў Зяленскага

А таксама — чарговы сваяк-нацыст канцлера Нямеччыны і непатанулыя жывёлы з заапарка ў Новай Кахоўцы. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Уручэнне прэміі Тыпэрэры Ціханоўскай абурыла брытанцаў

Дата фэйку: 1.06.2023

У пачатку траўня ў Ірландыі Святлане Ціханоўскай уручылі міжнародную прэмію Тыпэрэры (Tipperary International Peace Award) за ўнёсак у справы міру і прасоўвання правоў чалавека. Гэта выклікала абурэнне простых брытанцаў, заявілі на «Беларусь 1».

«Усё гэта цемрашальства так бы і засталося б фотачкамі для справаздач грантадаўцам, дробная прэмія. Калі б не адзін нюанс. Гэта страшна абурыла простых жыхароў Вялікай Брытаніі і рускамоўных карыстальнікаў сацсетак», — паведаміла вядоўца Марыя Петрашка ў эфіры навін 1 чэрвеня.

У пацверджанне яна прывяла некалькі каментароў з тўітэра:

«Я расчараваная, што нашыя грошы на навуку, адукацыю і культуру, ахову здароўя марнуюцца на раскладванне чырвонай дывановай дарожкі для нейкай невядомай жанчыны».

«Навошта вы сустракаецеся з ёю? Тым больш, узнагароджваеце? За што? Яна не зрабіла нічога. Нашмат менш дапамагла сваёй краіне. Як па мне, гэта ўсё недарэчна».

«Прафесар Макрайт, як разумны чалавек, растлумачце мне, ірландскаму грамадзяніну, чаму мы падтрымліваем яе і нават уручаем узнагароду. Яна не заслужыла гэтага, яна нічога не зрабіла. Вы куды больш вартыя гэтай узнагароды, чым Ціханоўская. Яна потым зробіць пераварот у нашай краіне».

Як вынікае з відэа, Марыя Петрашка рабіла скрыншоты гэтых цытат адразу пасля іх публікацыі — праходзіла ад пары секунд да некалькіх хвілін.

Больш за тое, усе каментатары, якія крытыкавалі ўзнагароджанне Ціханаўскай, стварылі акаўнты толькі ў траўні 2023 года. Гэтыя профілі ні на кога не падпісаныя, у іх няма падпісчыкаў.

Адзінае, што яны зрабілі за сваё нядоўгае існаванне ў сетцы — пакінулі каментары пад тўітам аб узнагароджанні Святланы Ціханоўскай у Ірландыі.

Фейк №2: Прэм'ер Люксембурга загадаў Зяленскаму замоўкнуць, выкарыстаўшы непрыстойны жэст

Дата фэйку: 7.06.2023

Прэзідэнт Украіны распавёў журналістам, што 6 чэрвеня на саміце ў Малдове еўрапейскія калегі паабяцалі паставіць Украіне вялікую колькасць знішчальнікаў F-16. Уладзімір Зяленскі заявіў, што гэта быў для яго «дзень шчасця». У той жа час расейская і беларуская прэса паведамляе, што ўдзельнікі саміту непаважліва ставіліся да ўкраінскага лідара, а прэм'ер-міністр Люксембурга Ксавіе Бэтэль нават непрыстойным жэстам загадаў яму замаўчаць.

Вось, напрыклад, што распавёў пра гэта 7 чэрвеня на тэлеканале АНТ вядоўца перадачы «Аб'ектыўна» Зміцер Бачкоў:

«Саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Малдове раскрыў некалькі цікавых момантаў. Па-першае, падобна, Зяленскі стаў моцна напружваць партнёраў. Вось гэты жэст прэм'ер-міністра Люксембурга ў асаблівых тлумачэннях не мае патрэбы. У нейкі момант прэзідэнту Украіны проста параілі закрыць рот».

На прадстаўленым фрагменце відэа прэм'ер Люксембурга паказвае ўкраінскаму прэзідэнту жэст рукой, які можна патлумачыць як патрабаванне замаўчаць.

Калі паглядзець тое ж відэа, але на некалькі секундаў раней, бачна, што Зяленскі гутарыць з прэзідэнтам Сербіі Александарам Вучычам і прэм'ер-міністрам Люксембурга. На відэа з іншага ракурсу відаць, што палітыкі настроены прыязна ў адносінах адзін да аднаго.

Каб пацвердзіць назіранні, каманда БРЦ напісала ў канцылярыю прэм'ер-міністра Люксембурга запыт, што гэты жэст абазначаў і да каго быў накіраваны. Вось, што нам адказалі:

«Дзякуй за ваш запыт. 

Згаданае вамі відэа і жэст рукой прэм'ер-міністра Бэтэля, які можна ўбачыць, насамрэч не накіраваныя супраць прэзідэнта Украіны.

На відэа Ксавіе Бэтэль жэстыкулюючы пацвярджае, што важна размаўляць адзін з адным, а не адзін пра аднаго. Ён казаў, што дыялог важны. 

Літаральна ён сказаў: “Вось чаму мы тут, каб казаць не адзін пра аднаго, а адзін аднаму”».

Фэйк №3: ЦРУ ўскосна пацвердзіла свой удзел у вайне ва Украіне

Дата фэйку: 2.06.2023

Уладзімір Пуцін 30 траўня заявіў, што Расея нанесла ўдар па штабе ваеннай выведкі Украіны. Пасля гэтага на мемарыяльнай дошцы загінулых супрацоўнікаў ЦРУ ў ЗША з'явілася новае імя, паведаміў палітычны аглядальнік інфармагенцтва «Мінск-навіны» Вадзім Ялфімаў. Паводле яго слоў, гэтыя дзве падзеі ўзаемазвязаныя:

«Гэта — мемарыяльная дошка Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення. Там як бы паведамляецца, ёсць такая інфармацыя: 23 сакавіка, траўня, прашу прабачэння, на мемарыяльнай сцяне ў ЦРУ, на якой адзначаны загінулыя пры выкананні супрацоўнікі амерыканскай выведкі, дадалася 140-я зорка. І дадаецца такая прыпісачка: не выключана, што супрацоўнік загінуў ва Украіне... Гэта як бы ўскоснае прызнанне таго, што ЦРУ працуе ва Украіне», — заявіў ён 2 чэрвеня ў эфіры «Радыё-Мінск».

На сайце ЦРУ пры гэтым паведамляецца, каму прысвечаная зорка, дзе і калі гэты чалавек загінуў.

«У гэтым годзе ЦРУ дадало адну зорку да Мемарыяльнай сцяны ў гонар Джона Эванса, лекара, які загінуў у авіякатастрофе ў Паўднёва-Усходняй Азіі ў 1969 годзе. Дзякуючы гэтаму даданню агульная колькасць зорак дасягнула 140», — гаворыцца ў паведамленні амерыканскай выведкі.

Фэйк №4: Бацька канцлера Нямеччыны Шольца дапамагаў Гітлеру ствараць атамную бомбу

Дата фэйку: 2.06.2023

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц ненавідзіць Расею, бо ягоны бацька працаваў на нацыстаў. Пра гэта ў інтэрв'ю БелТА 2 чэрвеня распавёў расейскі гісторык, дырэктар Інстытуту сістэмна-стратэгічнага аналізу Андрэй Фурсаў:

«Калі я гляджу на Шольца, калі ён выкрыквае, палітык нікчэмны, але я бачу ягоную нянавісць да нас, таму што дзядуля яго быў нацыст. Бацька Шольца, пра гэта мала хто ў нас піша, бацька Шольца быў дырэктарам фабрыкі, уладальнікам фабрыкі, якая рыхтавала цяжкую ваду для атамнай бомбы нямецкай. Гэтыя людзі жадаюць узяць рэванш».

У мінулых выпусках Weekly Top Fake ужо даказаў, што дзядуля Шольца не быў нацыстам. Тое, што ягоны бацька валодаў фабрыкай, якая рыхтавала цяжкую ваду для атамнай бомбы, — таксама няпраўда.

У 2021 годзе, калі Шольц стаў канцлерам, газеты пісалі пра ўзрост яго бацькі — 86 гадоў. Гэта значыць нарадзіўся ён у 1935 годзе. Адкрытыя крыніцы называюць тую ж дату. Ядравая праграма ў нацысцкай Нямеччыне стартавала ў 1939-м і скончылася ў 1945 годзе.

Калі верыць расейскаму гісторыку, Шольц-старэйшы дапамагаў Гітлеру ствараць ядравую бомбу ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў.

Фэйк №5: Жывёлы з навакахоўскага заапарка не патанулі — іх вывезлі ў Крым яшчэ ў 2022 годзе

Дата фэйку: 7.06.2023

Інфармацыя пра гібель жывёлы заапарка ў Новай Кахоўцы праз разбурэнне дамбы — фэйк. Такое паведамленне ўслед за расейскімі медыямі распаўсюджвае і беларускі тэлеграм-канал «ЖС прэміўм».

«Экстрэмісты зноў селі ў лужыну. Зараз з фэйкавымі фота з “затопленага заапарка”

Посціць нейкія фота нібыта “з навакахоўскага заапарка”, які “як вядома, цалкам пайшоў пад ваду і ўсе 300 жывёлін там загінулі”. “Як вядома”, ага. 

Праблема ў тым, што калі змагар адкрывае рот, то ён заўсёды хлусіць. Вось і зараз тое ж самае: у Новай Кахоўцы даўно няма заапарка! Усю жывёлу адтуль вывезлі ў Крым яшчэ ў снежні 2022 года», — напісалі аўтары гэтага канала 7 чэрвеня.

Як пацвярджэнне «ЖС прэміўм» прыводзіць пост расейскага тэлеграм-канала «Вайна з фэйкамі». Там у якасці аргумента выкарыстоўваюць словы аднаго з кіраўнікоў мясцовай акупацыйнай адміністрацыі пра тое, што ў Новай Кахоўцы заапарка няма. А таксама спасылаюцца на навіну тэлеканалу RT пад загалоўкам «Выратаваць з-пад абстрэлаў: у Крым эвакуявалі заапарк з Новай Кахоўкі».

«У Крым прывезлі жывёлу, выратаваную з заакутка Новай Кахоўкі. У парк ільвоў “Тайган” даставілі насух, папугаяў, нутрый і патагонскіх мар, а таксама кракадзіла, якога знайшлі ў канаве. Рэптылія раней працавала з фатографам, а потым ён яе выкінуў. Акрамя таго, у “Тайгане” зараз жывуць сем янотаў і дзве ваўчыцы з Херсона. Дырэктар парку Алег Зубкоў запэўніў, што спецыялісты яшчэ не раз паедуць у новыя расейскія рэгіёны ратаваць жывёлу», — гаворыцца ў паведамленні RT ад 20 снежня 2022 года.

Насамрэч Алег Зубкоў з «Тайгана» у снежні вывез жывёлу не з Новай Кахоўкі, а з Кахоўкі — гэта два розныя населеныя пункты. Пра гэта расказаў ён сам, а таксама прызнаў, што жывёлы з заапарка ў Новай Кахоўцы загінулі.

«Мы змаглі вывезці па распараджэнні Уладзіміра Васільевіча Сальды толькі жывёлу з Кахоўкі, са станцыі юных натуралістаў. У нас быў афіцыйны зварот і мы былі там на беразе Дняпра. Мы ведалі пра заапарк у Новай Кахоўцы, пра тое, што там вялікая калекцыя жывёлы, але, на жаль, у нас не было ні паўнамоцтваў, ні зваротаў ні кіраўніцтва гэтага заапарка, ні кіраўніцтва мэрыі гораду, адміністрацыі альбо ваеннай адміністрацыі па вывазе той жывёлы. Таму, на жаль, усе жывёлы, сапраўды там загінулі, мы вельмі шкадуем», — паведаміў Зубкоў на відэа, апублікаваным у яго тэлеграм-канале 7 чэрвеня.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі