Антыфэйк / фактчэк

16 красавіка

Беларусь — адна з нешматлікіх атамных і касмічных дзяржаў? Што не так з заявамі Азаронка і палітолага Пятроўскага

Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская 6 красавіка 2024 года шчасна вярнулася на Зямлю з МКС.

Дата з'яўлення фэйка: 11.04.2024
Вядоўца Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі, абмяркоўваючы нядаўні палёт беларускай касманаўткі на МКС, заўважылі, што ў свеце менш за 15 краін адпраўлялі сваіх касманаўтаў у космас. Прыкладна столькі ж дзяржаў, па іх словах, пабудавалі АЭС. Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці праўдзівыя гэтыя заявы.

Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская 6 красавіка 2024 года шчасна вярнулася на Зямлю з МКС. 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка прысвоіў ёй званне Героя Беларусі за мужнасць і асабісты ўклад у асваенне космасу. 

Рыгор Азаронак і Пётр Пятроўскі, абмяркоўваючы значнасць палёту 10 красавіка ў эфіры «Азаронак. Наўпрост», заявілі, што ў свеце ўсяго ў 15 краін ёсць свае АЭС і яшчэ менш дзяржаў адправілі сваіх касманаўтаў у космас. 

— Разумеем мы, што Беларусь, напрыклад, адна з 15 краін свету, якая эксплуатуе мірны атам, ядравую энергію? З 15 краін. 15 з 200. Наогул, мы неяк вельмі мала гаворым пра свае дасягненні, — сказаў Азаронак.

— А колькі ў космасе краін? — пацікавіўся Пятроўскі.

— А ў космасе яшчэ менш, — адказаў вядоўца.

На гэтую ж тэму Пётр Пятроўскі разважаў 8 красавіка ў эфіры «Радыё Менск»:

«А хто, якая 9–10-мільённая краіна можа пахваліцца сваімі касманаўтамі? А ніякая. Вось, палякі, здавалася б, у іх [Міраслаў] Гермашэўскі лётаў у Польскай Народнай Рэспубліцы, дарэчы, з беларусам [Пятром] Клімуком, вось і момант. А каб нейкі бельгійскі, галандскі, аўстрыйскі касманаўт паляцеў, я нешта такога не ўзгадаю. І нават размоваў пра гэта не было. Вось і ўся заходняя палітыка, і ранжыраванне краін на вышэйшых і ніжэйшых».

З мірным атамам працуюць не 15, а 32 краіны ў свеце. Менавіта ў столькіх дзяржавах ёсць АЭС. 

У спісе астранаўтаў і касманаўтаў пазначаны прадстаўнікі больш чым 15 краін. У Бельгіі было два касманаўты: адзін лётаў у 1992 годзе, другі двойчы — у 2002 і ў 2009 гадах. Тая ж сітуацыя ў Нідэрландах: першы касманаўт паляцеў у космас яшчэ ў 1985 годзе, другі — у 2004 і 2011 гадах. Прадстаўнік Аўстрыі лётаў у космас у 1991 годзе. 

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі