Палітолаг Пётр Пятроўскі 1 лютага ў эфіры ток-шоу «Будні» распавёў, што Беларусь у сферы аховы здароўя абагнала амаль увесь свет.
«Мы па даступнасці медычных паслуг у чацвёрку свету ўваходзім. Чацвёрка — вось факт. А што такое даступнасць медычных паслугаў? Гэта калі табе не дадзена запісвацца за год невядома да каго», — сказаў ён у выпуску пад назвай «Пакуты Еўропы».
Падобную інфармацыю ў снежні 2023 года агучыў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі РБ. Але ў яго паведамленні гаварылася, што па гэтым паказніку Беларусь дзеліць першае месца з Брунеем і Канадай. Пра тое ж у 2015 годзе казаў тагачасны міністр аховы здароўя Васіль Жарко са спасылкай на звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Журналісты БРЦ вывучылі справаздачы СААЗ і не знайшлі пацвярджэння гэтаму. Паводле інфармацыі на сайце арганізацыі, першае месца ў індэксе ахопу паслугамі ўніверсальнага медычнага абслугоўвання займае Канада. За ёй ідзе Паўднёвая Карэя, Ісландыя і Сінгапур. Беларусь — на 49 месцы.
Гэты індэкс разлічваецца па 14 розных паказніках. Адзін з іх называецца «Магчымасць доступу да медпаслуг». Верагодна, Пятроўскі меў на ўвазе яго. Але і па гэтым паказніку Беларусь на 9 месцы ў свеце.