Марыя Буціна — расяянка, якая каля года правяла ў амерыканскай турме па абвінавачванні ў змове ў інтарэсах расейскіх уладаў. Пасля вяртання ў Расею яна напісала кнігу «Турэмны дзённік», працавала на тэлеканале RT, а цяпер з'яўляецца дэпутаткай Дзярждумы ад «Адзінай Расеі».
У інтэрв'ю «Менскай праўдзе», якое выйшла 26 ліпеня 2024 года на YouTube, Марыя Буціна заявіла, што амерыканцы зарабляюць на яе вобразе:
«Амерыканцы навучыліся на тым, што адбылося са мной, рабіць грошы. Вы ведаеце, што я персанаж камп’ютарнай гульні? Ёсць такая камп’ютарная гульня, я сама здзівілася, называецца Call of Duty. І там ёсць персанаж Ірына Партнова. Калі вы возьмеце мой фотаздымак з цёмнымі валасамі з аўтаматам Калашнікава, то гэта будзе, уласна кажучы, адно і тое ж», — распавяла Буціна.
Call of Duty — гэта серыя камп'ютэрных гульняў, у якой гулец звычайна выступае ў ролі байца арміі якой-небудзь краіны або арганізацыі.
У 2020 годзе выйшла серыя гульні Black Ops Cold War, сюжэт якой разгортваецца на пачатку 1980-х, у часы халоднай вайны паміж СССР і ЗША. Афіцэр ЦРУ пераследуе савецкага шпіёна. І ў гэтай серыі з'явіўся новы персанаж — агентка КДБ Ірына Партнова.
На фота Марыі Буцінай з аўтаматам і чубком яна сапраўды падобная да персанажа гульні. Аднак яе стваральнікі сцвярджаюць, што малявалі яго з актрысы Джуліі Донэл.
Пра гэта яшчэ ў 2020 годзе ў сваіх сацсетках распавяла сама Джулія. Яна выклала фотаздымкі працэсу стварэння персанажу.
У 2021 годзе актораў гульні сабралі пастраляць у рэальным жыцці. Была сярод іх і Джулія Донэл. Можна параўнаць яе на фотаздымках з мерапрыемства з персанажам.