Антыфэйк / фактчэк

30 красавіка

БТ: Латвія набірае прызыўнікоў у войска без праверкі іх здароўя. Праўда ці фэйк?

Па плане, патрабавалася 480 навабранцаў.

Дата з'яўлення фэйка: 22.04.2024
У Латвіі прызыўнікоў набіраюць у войска пры дапамозе жараб'ёўкі, якая не ўлічвае стан іх здароўя. Такі фэйк распаўсюдзіў дзяржтэлеканал «Беларусь 1». Журналісты Weekly Top Fake высветлілі, як насамрэч адбываецца працэдура прызыву ў войска ў гэтай краіне Балтыі.

Ганна Чыж-Літаш, вядоўца перадачы «Па форме» на дзяржтэлеканале «Беларусь 1», 22 красавіка зрабіла заяву, якая скажае ўяўленне аўдыторыі пра прызыў у латвійскае войска.

«Як у іх праходзіць адбор на службу — гэта асобны від мастацтва. Так як набраць патрэбную колькасць прызыўнікоў не выйшла, у краіне ўпершыню была праведзена жараб'ёўка. У выпадковым парадку з дапамогай камп'ютарнай праграмы былі адабраныя маладыя людзі, якія ў бліжэйшы час стануць на абарону радзімы. А хто яны, ці здаровыя, гэта ўжо не важна», — заявіла яна.

Аднак, як паказала расследаванне каманды WTF, гэта фэйк. Па плане, патрабавалася 480 навабранцаў. Агулам заяўкі падалі 515 ахвотных служыць у войску. Пры гэтым пасля праверкі здароўя, не ўсіх з іх прызналі прыдатнымі да службы. Недахоп кантынгенту ў 150 чалавек папоўнілі пры дапамозе лёсавання. З улікам таго, што некаторыя прызыўнікі могуць не прайсці медагляд, у два разы большая колькасць позваў — каля 300 — была накіравана маладым людзям, абраным выпадковым чынам.

Чыж-Літаш таксама распавяла ў эфіры пра прызыў у польскую армію.

«Задумаліся пра вяртанне абавязковай вайсковай службы і ў Варшаве. Хоць адмянілі яе не так і даўно, у 2009. Вось толькі самі палякі ў войска не хочуць. "За" прагаласавала толькі 27%. Але кіраўніцтва краіны наўрад ці будзе ўлічваць меркаванне насельніцтва», — сказала яна.

Такія вынікі паказала апытанне грамадскай думкі ў лістападзе 2023 года. Аднак па дадзеных больш свежых даследаванняў, праведзеных у лютым і красавіку 2024 года, колькасць палякаў, якія выступаюць за вяртанне абавязковага прызыву ў войска, вырасла да 45%. 

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі