Антыфэйк / фактчэк

06 снежня

«На ўзроўні Вялікай Брытаніі»: Чыноўнік перабольшыў поспехі Беларусі ў інавацыйным развіцці

Пра перадавыя тэхналогіі беларускай прамысловасці распавёў старшыня дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў.

Беларусь па асобных паказніках інавацыйнага развіцця не адстае ад некаторых краін Еўропы, заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў у эфіры «РТР Беларусь». Каманда Weekly Top Fake праверыла, на якім месцы наша краіна знаходзіцца ў глабальным рэйтынгу інавацый. 

Пра перадавыя тэхналогіі беларускай прамысловасці старшыня дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Сяргей Шлычкоў распавёў 24 лістапада 2024 года ў праграме «Акцэнты» на тэлеканале «РТР Беларусь».

«Мы цяпер па шэрагу паказнікаў інавацыйнага развіцця знаходзімся на ўзроўні еўрапейскіх краін — гэта Іспанія, Партугалія, Польшча. Па некаторых паказніках мы знаходзімся на ўзроўні Вялікай Брытаніі», — заявіў чыноўнік.

На сайце Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці штогод публікуюць Глабальны індэкс інавацый. Гэта рэйтынг краін свету па ўзроўні іх інавацыйнага развіцця. Для ацэнкі выкарыстоўваюць каля 80 паказнікаў: патэнты, адукацыя, інвестыцыі ў даследаванні, доступ да фінансавання і іншыя. 

У гэтым рэйтынгу Беларусь знаходзіцца на 85 месцы са 133 краін, на ўзроўні Албаніі, Малдовы і Босніі і Герцагавіны. За тры гады, з 2021 па 2024 год, наша краіна страціла 23 пазіцыі. Сярод еўрапейскіх краін Беларусь — на апошнім месцы. Польшча апярэджвае нас на 14 пазіцый, Партугалія — на 19, Іспанія — на 22. 

Журналісты WTF таксама праверылі, што гэта за паказнікі, па якіх Беларусь знаходзіцца на адным узроўні з Вялікай Брытаніяй. Апошняя займае ў агульным рэйтынгу пятае месца. Напрыклад, краіны падобныя па ўзроўні забяспечанасці электраэнергіяй і дзяржвыдаткаў на адукацыю. Па сямі паказніках Беларусь перасягнула Вялікую Брытанію: па колькасці вучняў на аднаго настаўніка, па долі выпускнікоў ВНУ ў галіне навукі і тэхнікі, па экспарце IT-паслуг і актыўнасці ў распрацоўцы мабільных дадаткаў і іншых. Аднак па пераважнай большасці характарыстык па інавацыях разрыў вялікі і не на карысць нашай краіны.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч
Антыфэйк / фактчэк

Мукавозчык абвінаваціў апазіцыю ў атручванні вады перад выбарамі 2020 года. Як было насамрэч

Гаворка ідзе пра падзеі чэрвеня 2020 года, калі ў пяці раёнах Менску замест звыклай вады з-пад крана цякла мутная вадкасць з непрыемным пахам і смакам.

09 снежня 2024 Чытаць