Антыфэйк / фактчэк

06 лістапада

Дэпутат Гайдукевіч: Усе прагнозы Лукашэнкі па Украіне спраўджваюцца. Знайшлі памылкі ў прароцтвах

Каманда WTF знайшла некалькі прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі па сітуацыі ва Украіне, якія абвяргаюць тэорыю Гайдукевіча.

Медыі праяўляюць вялікую цікавасць да Аляксандра Лукашэнкі, таму што яго прагнозы заўсёды спраўджваюцца, заявіў дэпутат Алег Гайдукевіч у эфіры «Альфа Радыё». Каманда Weekly Top Fake знайшла прынамсі чатыры няздзейсненых. 

Аляксандр Лукашэнка на саміце БРІКС у Казані, які праходзіў з 22 па 24 кастрычніка 2024 года, даў інтэрв'ю расейскім і брытанскаму СМІ. Цікавасць медыяў дэпутат беларускага парламенту Алег Гайдукевіч у эфіры «Альфа Радыё» 28 кастрычніка патлумачыў тым, што свету патрэбная праўда ад Лукашэнкі, усе прагнозы якога спраўджваюцца. У доказ ён пералічыў некалькі:

«Памятаеце, калі рэкламавалі ўкраінскія ўлады "контрнаступ"? Прэзідэнт адразу сказаў: "Нічога не будзе". Так і атрымалася. Ідзем яшчэ далей — Менскія пагадненні. Прэзідэнт тут, у Менску казаў: "Барані гасподзь парушаць Менскія пагадненні. Будзе вайна". Колькі Лукашэнка зрабіў, каб гэтыя Менскія пагадненні былі выкананыя. <...> Спраўдзіліся словы прэзідэнта? Спраўдзіліся. <...> Усе яго прагнозы па Украіне, усе спраўдзіліся да аднаго. Усе да аднаго. Я б на месцы ўкраінцаў прыслухаўся да прэзідэнта. Ён ім жадае дабра. Як і ўся нашая краіна». 

Каманда WTF знайшла некалькі прагнозаў Аляксандра Лукашэнкі па сітуацыі ва Украіне, якія абвяргаюць тэорыю Гайдукевіча. 

«У мяне такіх звестак аб планаваным нападзе Расеі на Украіну няма. Але калі б такія задумы былі, то беларускія вайскоўцы, у тым ліку я, пра гэта б ведалі. Нас бы паставілі ў вядомасць», — казаў Лукашэнка 29 лістапада 2021 года. 

На гэтую ж тэму ён выказаўся днём пазней у інтэрв'ю Дзмітрыю Кісялёву, гендырэктару міжнароднага інфармагенцтва «Россия сегодня»:

— Яны прыдумалі скоцкую ідэю: Расея хоча напасці на Украіну, — заявіў Лукашэнка.

— Але гэта фэйк, — падтрымаў Кісялёў.

— Фэйк. Слухайце, ну гэта спецаперацыя. У вас гэта ў СМІ называецца спецаперацыя. Сёння гэта адзін з кірункаў гібрыднай вайны, — растлумачыў Лукашэнка.

У пачатку лютага 2022 года ён казаў, што вайна ва Украіне будзе нядоўгай: «Украіна ніколі не будзе з намі ваяваць. Гэта вайна працягнецца, Валодзя, ну максімум 3-4 дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць».

У другой палове сакавіка таго ж года Лукашэнка таксама прадказваў, што наступіць мір найбліжэйшым часам: «Я перакананы, што найбліжэйшым часам гэты канфлікт, аперацыя Расеі скончыцца мірам».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі