Дарагія аўтамабілі «Мерседэс» купляла толькі Расея і Блізкі Усход. Пра гэта распавёў Алег Гайдукевіч у эфіры «Радыё Менск» 20 сакавіка 2024 года.
«Хто ад гэтага больш страціць? Хіба не згалеюць гэтыя кампаніі. “Мерседэс" сыходзіць з Нямеччыны цяпер, хочуць закрываць заводы. Хто купляе "Мерседэс"? Блізкі Усход, Расея купляла дарагія машыны. Яны адмовіліся ад расейскага рынку. Каму гэта на карысць пайшло?» — задаўся пытаннем дэпутат.
Мяркуючы з выступу ў перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1» 19 сакавіка 2024 года, такога ж меркавання прытрымліваецца расейскі пісьменнік Міхаіл Шахназараў:
«Два сімвалы Нямеччыны, адзін — "Мерседэс", які цяпер не прадае свае машыны, таму што 80 офісаў прыйшлося зачыніць».
Інфармацыя пра закрыццё заводаў «Мерседэс» — няпраўда. Аўтавытворца як прадаваў, так і прадае свае машыны. Кампанія яшчэ ў 2021 годзе заяўляла, што пераходзіць на агенцкую мадэль продажаў. І цяпер толькі абвясціла, што хоча прадаць свае салоны ў Нямеччыне. Гэта значыць, што аўто «Мерседэс» там будуць прадавацца і далей, толькі пры пасярэдніцтве іншых кампаній. Канцэрн гэта робіць для аптымізацыі продажаў. І па такой схеме ўжо даўно працуе ў іншых краінах.
Ужо пасля сыходу з Расеі «Мерседэс» у справаздачы за 2023 год паведаміў, што прадаў 2,5 млн аўтамабіляў ва ўсім свеце на €153 млрд. Гэта больш, чым годам раней.
На расейскім рынку кампанія звычайна прадавала каля 40 тыс. аўтамабіляў у год.
Для параўнання, у ЗША «Мерседэс» прадае больш за 200 тыс. аўто ў год, а ў Кітаі — звыш 700 тыс.