Антыфэйк / фактчэк

28 лістапада

Вядоўца «Мінск-навіны» паказала падроблены скрыншот як пацверджанне, што ўсіх інфарматараў праваабаронцаў пасадзілі

Вядоўца Вікторыя Кірычэнка агучыла рэальную праблему.

Дастаўляць інфармацыю з Беларусі экстрэмістам, якія клічуць сябе праваабаронцамі, больш няма каму — усіх інфарматараў пасадзілі, заявіла вядоўца інфармагенцтва «Мінск-навіны» Вікторыя Кірычэнка. Таму дадзеныя ад тых, хто не падтрымлівае ўлады, — фэйкавыя, падсумавала яна. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што вядоўца спрабавала пацвердзіць сваю тэзу фальшывым скрыншотам.

У сярэдзіне лістапада праваабаронцы паведамілі пра новую хвалю затрыманняў у Беларусі. На гэтым фоне вядоўца антыфэйк-рубрыкі на ютуб-канале інфармацыйнага агенцтва «Мінск-навіны» Вікторыя Кірычэнка 19 лістапада заявіла, што ўся інфармацыя ад тых, хто не падтрымлівае ўлады, — фэйкавая. 

«Сумныя навіны ў экстрэмістаў, якія клічуць сябе праваабаронцамі. <...> Тых, хто супрацоўнічае з гэтымі экстрэмісцкімі арганізацыямі, адсачылі нашы прафесіяналы і пакаралі за парушэнне закона. Такім чынам, правакацыі кляпаць няма з чаго. А значыць грошай хутка не будзе. Ці ўжо няма. Пра гэта заяўляюць самі экстрэмісты. Усе інфарматары селі. А каб даводзіць свайму гаспадару, што яшчэ на нешта здольныя, даводзіцца небаракам са сваёй галавы браць інфармацыю», — растлумачыла сваю думку вядоўца і ў довад прывяла скрыншот выпуску ютуб-шоу «Звычайная раніца».

На скрыншоце адлюстраваны палітычны аналітык Арцём Шрайбман, тэма абмеркавання — «Усе інфарматары селі».

Каманда WTF паглядзела эфіры «Звычайнай раніцы». Мы знайшлі выпуск, скрыншот якога паказалі на ютуб-канале «Мінск-навіны». Тэма, якую Шрайбман абмяркоўваў з вядоўцамі, называлася «Лукашэнка на выбарах». 

Мы знайшлі момант са скрыншота ў трансляцыі дзякуючы бягучаму навінаваму радку ўнізе экрана. 

Гаворка сапраўды ішла пра інфарматараў праваабарончых арганізацый. Арцём Шрайбман тлумачыў, чаму інфармацыі пра затрыманні ў беларускіх рэгіёнах больш, чым у сталіцы. Ён выказаў здагадку, што Менск сілавікі зачышчаюць інтэнсіўней, але пра гэта менш паведамляецца, бо няма каму збіраць і перадаваць інфармацыю:

«Цяпер вельмі складана рабіць высновы пра гэту статыстыку, таму што людзей арыштоўвалі шмат з-за сувязяў з праваабаронцамі. Цалкам імаверна, што ў Менску ўжо гэтак зачышчаная сетка інфарматараў праваабаронцаў, што мы проста ўжо не ўяўляем, што адбываецца ў Менску».

Вядоўца Вікторыя Кірычэнка агучыла рэальную праблему — людзей у Беларусі, гатовых супрацоўнічаць з праваабаронцамі, можа бракаваць, і яе рэальны вынік — інфармацыя пра рэпрэсіі ў сталіцы можа быць не поўнай. Але абагульненне, што магчымасцяў праверыць інфармацыю ў іх няма зусім, няслушнае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

«ЖС Premium»: Школьнікі ў Дзень незалежнасці Польшчы выканалі гімн УПА, пад які «рэзалі іх продкаў». Высветлілі, хто, калі і што праспяваў
Антыфэйк / фактчэк

«ЖС Premium»: Школьнікі ў Дзень незалежнасці Польшчы выканалі гімн УПА, пад які «рэзалі іх продкаў». Высветлілі, хто, калі і што праспяваў

Дырэктарка школы, пра якую напісаў «ЖС Premium», на старонцы ўстановы ў фэйсбуку патлумачыла, што апублікаваны запіс — стары.

25 лістапада 2024 Чытаць