Кантэкст: У Віцебску 20 ліпеня 2026 года завяршыўся 35-ы фестываль «Славянскі базар». Гран-пры конкурсу заваявала італьянская спявачка Soraya. На адкрыцці фестывалю Аляксандр Лукашэнка нечакана папрасіў артыстаў не лезці ў палітыку: «Рабіце сваю справу, ды не лезьце вы ў гэтую палітыку, чорт бы яе пабраў». Годам раней ягоны пасыл быў супрацьлеглым: «Кажуць, «Славянскі базар» па-за палітыкай. Не, гэта самая галоўная палітыка».
Пра «Славянскі базар» гаварылі 17 ліпеня 2026 года, на сёмы дзень фестывалю, у праграме «Экспертны клуб. Палітычнае радыё-шоу» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Дырэктарка экспертна-адукацыйных праектаў групы кампаніяў «Цэнтр эканамічных рашэнняў» Юлія Абуховіч заявіла, што ў краінах Балтыі няма такіх фестываляў і жыхарам няма дзе адпачываць.
— На жаль, калі мы возьмем зноў нашых суседзяў — тую ж нашу сяброўку Прыбалтыку*, людзей, якія нас цяпер слухаюць і бачаць, — там такога няма. То бок народ не паважаюць, — сказала Абуховіч.
— Быў усё жыццё фестываль юрмальскі, куды прыязджалі, зараблялі вялізныя грошы, — падтрымаў яе вядоўца Максім Харын.
— Гэта вось доказ. На жаль, гэтага няма, народ не адпачывае. Увесь час жыць у напружанні, калі над табой дамоклаў меч, што нехта прыйдзе і цябе зноў пачнуць прымушаць рабіць тое, што ты не хочаш, — гэта прыводзіць да таго, што людзі і не працуюць, эканоміка не развіваецца, таму што апускаюцца рукі, — працягнула Абуховіч.
Але «Новая волна» знікла з Юрмалы не сама па сабе. У 2014 годзе мастацкі кіраўнік конкурсу Ігар Крутой вырашыў перанесці музычны конкурс у Расею пасля таго, як улады Латвіі забаранілі ўезд у краіну некаторым расейскім выканаўцам.
І без «Новой волны» музычнае жыццё ў краінах Балтыі не скончылася. Нават у найлепшыя гады юрмальскі конкурс быў раскручаным, але не адзіным і не самым масавым фестывалем. Ён доўжыўся шэсць дзён, а канцэртная зала «Дзінтары», дзе праходзілі выступы, змяшчае каля 2 тыс. чалавек. То бок за ўсе дні фестываль мог сабраць каля 12 тыс. гледачоў — менш, чым адзін стадыённы канцэрт сярэдняй рукі.
На месцы «Новой волны» у той жа зале «Дзінтары» цяпер праходзіць іншы фестываль — Laima Rendezvous Jūrmala. Ён доўжыцца тры дні.
У цэлым Латвія і іншыя краіны Балтыі працягваюць праводзіць буйныя музычныя падзеі. Адзін толькі пляжны фестываль Summer Sound за два дні збірае каля 30 тыс. гледачоў — амаль утрая больш, чым магла сабраць уся «Новая волна» ў Юрмале.
Оўпен-эйр Positivus прывозіць сусветных зорак: сёлета там павінен выступіць Кельвін Харыс. Ёсць і рускамоўны Ready Fest у Рызе, дзе летась выступалі Монеточка, Noize MC, Face і іншыя артысты; сёлета фестываль таксама запланаваны.
Усяго сёлета ў краінах Балтыі павінна прайсці каля 40 музычных фестываляў на розны густ. Акрамя таго, жыхары рэгіёну змогуць пабываць на канцэртах такіх сусветных артыстаў, як Pitbull, Lenny Kravitz, The Cure і Moby. Летась туды прыязджалі Imagine Dragons, Justin Timberlake, Jean-Michel Jarre, AC/DC, 50 Cent, David Guetta і іншыя музыкі.
На гэтым фоне параўнанне з Беларуссю выглядае не на карысць тэзы Абуховіч. У самой Беларусі, акрамя дзяржаўнага «Славянскага базару», з музычнымі фестывалямі сёлета якраз не ўсё гладка: як мінімум тры падзеі адмянілі — Wostrau, Festiwow і «Свята Сонца». У ліку адмененых быў і Lidbeer, але ў выніку яго вярнулі.
*Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокае распаўсюджанне ў савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з выкарыстаннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яно сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлае. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».