Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Ім не стае на камуналку». Ці праўда, што жыхары Польшчы і краін Балтыі могуць дазволіць сабе адпачынак толькі ў Беларусі і Расеі?

Зверылі заяву эксперта Цішчанкі з афіцыйнай статыстыкай Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі.

Эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка заявіў, што жыхары Польшчы і краін Балтыі збяднелі і цяпер могуць дазволіць сабе адпачынак толькі ў Беларусі і Расеі. Але афіцыйная статыстыка гэтага не пацвярджае. Для польскіх, літоўскіх, латвійскіх і эстонскіх турыстаў Беларусь не з’яўляецца адным з асноўных кірункаў.

Кантэкст: З пачатку 2026 года Беларусь па бязвізе наведалі 132 560 замежнікаў, паведаміў Дзяржпамежкамітэт 27 ліпеня. Гэта прыкладна столькі ж, колькі за аналагічны перыяд мінулага года — 133 138, і амаль удвая менш, чым у 2023 годзе, калі да канца ліпеня па бязвізе прыехалі 266 008 чалавек. Антырэкорд пакуль застаецца за 2024 годам: тады да канца ліпеня па бязвізе ў Беларусь прыехалі 126 763 замежнікі. Большасць падарожнікаў, як і ў папярэднія гады, — з суседніх Літвы, Латвіі і Польшчы.

У эфіры палітычнага радыё-шоу «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё 30 ліпеня 2026 года эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка заявіў, што жыхары Польшчы і краін Балтыі так збяднелі, што могуць дазволіць сабе адпачынак толькі ў Беларусі і Расеі.

«Людзі, якія жывуць у Прыбалтыцы*, у Польшчы, яны разумеюць, яны ўжо адчуваюць, яны стаміліся: занадта шмат размоў, а жыццё лепшым не становіцца, толькі горш і горш. Вось. Для іх кудысьці з’ездзіць, па іх сённяшніх мерках, так, або магчымасцях, гэта самы аптымальны варыянт — гэта Беларусь. І Расея, так? Чаму? Таму што яны ў гэтых нашых рэгіёнах сабе гэта могуць дазволіць. Паехаць адпачываць куды? Далей? А за які, як кажуць, бюджэт? Гэтага бюджэту ж няма. Ім не стае на камуналку», — сказаў Цішчанка.

Афіцыйная статыстыка паказвае іншую карціну. Расея і Беларусь не ўваходзяць у лік асноўных кірункаў для падарожжаў ні жыхароў Польшчы, ні краін Балтыі.

Польскія турысты летась часцей за ўсё ездзілі ў Нямеччыну. З вялікім адрывам за ёй ішлі Італія, Іспанія і Грэцыя, затым — Вялікая Брытанія, Чэхія, Турцыя і Харватыя. Беларусь і Расея не ўвайшлі нават у першую дваццатку кірункаў: іх уключылі ў катэгорыю «астатнія краіны».

Паводле латвійскай статыстыкі, у 2024 годзе Беларусь уваходзіла ў топ-12 замежных кірункаў для адпачынку жыхароў Латвіі. Але яна саступала ўсім краінам Балтыі, Польшчы, Нямеччыне, Вялікай Брытаніі, Турцыі і яшчэ пяці еўрапейскім дзяржавам. Пры гэтым Латвія і Беларусь па-рознаму лічаць колькасць падарожнікаў, і вынік заўважна адрозніваецца: беларуская статыстыка налічыла іх прыкладна ў паўтара разу больш.

Падобная сітуацыя і з Літвой. Паводле мясцовага даследавання, Беларусь знаходзіцца недзе ў канцы другога дзясятку краін, да якіх праяўляюць цікавасць жыхары Літвы. Беларускія органы налічылі паток турыстаў з Літвы ў 2,5 разу больш, чым літоўскія. Гэтыя дадзеныя нельга наўпрост супастаўляць, але нават пры такім параўнанні Беларусь усё роўна не становіцца лідарам. Жыхары Літвы заўважна часцей ездзяць у суседнюю Латвію, Польшчу, Нямеччыну, Вялікую Брытанію, Нарвегію і на асобныя міжземнаморскія курорты.

У жыхароў Эстоніі Беларусь не ўваходзіць у лік асноўных турыстычных кірункаў ні пры якім спосабе падліку. Нават Белстат летась налічыў менш за 8 тыс. эстонскіх падарожнікаў.

*Тэрмін «Прыбалтыка» атрымаў шырокі распаўсюд у савецкі час. Пасля аднаўлення незалежнасці ў Літве, Латвіі і Эстоніі слова «Прыбалтыка» не выкарыстоўваецца ў афіцыйнай тэрміналогіі. Яго ўжыванне можна параўнаць з выкарыстаннем назвы «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яно сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлае. У артыкуле слова «Прыбалтыка» выкарыстоўваецца толькі ў наўпроставай цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «краіны Балтыі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць