Антыфэйк / фактчэк Сёння

Выкрываючы нямецкіх «зялёных ідэолагаў», вядоўца News.by тройчы перакруціў факты

По версіі Горына, у берлінскім блэкаўце вінаваты ўлады Нямеччыны, якія «здзейснілі акт эканамічнага і энергетычнага вандалізму».

Праз знос вугальнай станцыі і адмову Нямеччыны ад АЭС пад Новы год у Берліне здарыўся энергетычны калапс, распавёў вядоўца праграмы «Трэнды» Яўген Горын. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што прычына адключэння цяпла і святла была іншай.

Кантэкст: На Беларусь напачатку 2026 года абрынуўся шторм «Улі». Толькі цягам содняў — 8 студзеня — праз моцны вецер і снегапады ў 251 населеным пункце краіны парушалася энергазабеспячэнне. Больш за ўсё ад непагадзі пацярпелі Полацкі, Маладзечанскі, Слуцкі, Менскі, Рэчыцкі і Жлобінскі раёны.

Чаму «Берлін у навагоднія дні пагрузіўся ў хаос і сярэднявечную цемру», а «дзясяткі тысяч звычайных немцаў … кінутыя на волю лёсу без святла і цяпла», вядоўца праграмы «Трэнды» на Першым інфармацыйным тэлеканале Яўген Горын распавёў 7 студзеня 2026 года. 

«Прычына калапсу не ва ўрагане ці вайне. Прычына — у ідэалогіі. Пакуль Нямеччына добраахвотна адключала атамныя станцыі і губіла ўласную прамысловасць, яе ўлады здзейснілі акт эканамічнага і энергетычнага вандалізму, што не мае аналагаў у сучаснай гісторыі. Усяго 6 гадоў таму пры Ангеле Меркель была ўведзеная ў эксплуатацыю вугальная электрастанцыя Datteln 4 — адна з самых сучасных і экалагічных у свеце — коштам больш за €3 млрд. Яе пабудавалі як страхоўку ад крызісу, а ў 2025-м — знеслі, зраўнялі з зямлёй на загад “зялёных ідэолагаў”, памяшаных на нулявым выкідзе», — растлумачыў вядоўца.

У Берліне сапраўды адбылося маштабнае адключэнне электраэнергіі, без святла засталіся дзясяткі тысяч дамоў. Здарылася гэта 3 студзеня, пасля навагодніх святаў. Блэкаўт адбыўся праз дыверсію: леваэкстрэмісцкая група Vulkan падпаліла кабелі на кабельным мосце ў сталічнай электрастанцыі. Дыверсанты заявілі, што так яны бароняць Зямлю і жыццё. Падпал яны здзейснілі, каб нанесці шкоду эканоміцы выкапнёвага паліва. Гэтыя леварадыкалы — прыхільнікі зялёнай энергетыкі, яны падпалілі камунікацыі, таму што незадаволеныя палітыкай Нямеччыны.

Што да вугальнай станцыі Datteln 4, пра якую казаў Горын, — яе не знеслі. Гэта адна з самых эфектыўных вугальных станцый у свеце. У снежні 2025-га яе прадалі інвестыцыйнай кампаніі чэшскага паходжання. На кадрах, якімі на беларускім тэлеканале пацвердзілі дэмантаж, — электрастанцыя Moorburg. Яе ўвялі ў працу ў 2015 годзе, праз 6 гадоў зачынілі, а з 2023-га пачалі дэмантаваць. На яе месцы хочуць пабудаваць завод па вытворчасці «зялёнага» вадароду. 

Ні Datteln 4, ні Moorburg, калі б дагэтуль працавала, не маглі падстрахаваць Берлін ад адключэння электрычнасці, таму што праблема адключэння была не ў тым, што ў краіне бракавала энергіі, а ў знішчэнні кабелю, па якім яе дастаўляюць спажыўцам. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць