Кантэкст: Малдова замацавала нейтральны статус у Канстытуцыі і не з’яўляецца сябрам NATO. Пры гэтым краіна супрацоўнічае з Альянсам як партнёр, а NATO афіцыйна заяўляе, што паважае яе нейтралітэт. На бяспеку Малдовы ўплывае нявырашаны прыднястроўскі канфлікт, урэгуляваннем якога займаецца місія АБСЕ. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны Кішынэў таксама паскорыў рух да ЕЗ: статус кандыдата Малдова атрымала ў чэрвені 2022 года, перамовы пра ўступленне пачаліся ў чэрвені 2024-га.
У эфіры перадачы «Лятучка» на СБТВ 9 ліпеня 2026 года блогер з Прыднястроўя Нікіта Кандратаў заявіў, што NATO і ЗША напампоўваюць Малдову зброяй, а сама краіна нібыта траціць на армію больш, чым на ахову здароўя. Кандратаў — былы карэспандэнт тэлеканалу «Первый Приднестровский», які асвятляе прыднястроўскі канфлікт і пытанні рэгіянальнай бяспекі нярэдка з прарасейскіх пазіцыяў. У ліпені 2026 года яму забаранілі ўезд у Арменію, на момант публікацыі ён працягвае працаваць з Беларусі і з’яўляецца ў эфіры дзяржаўных медыя. У праграме «Лятучка» ён таксама заявіў, што «будзе трэцяя сусветная вайна, ядравая», а «ў Прыднястроўі, Малдавіі* таксама хмары згушчаюцца».
«Малдавію ператвараюць, ужо ператварылі ў тую самую тарпеду, якую будуць пускаць супраць Расеі. Бачым тое, што адбываецца апошнія некалькі гадоў — мілітарызацыя, NATO, ЗША зброю пастаўляюць пастаянна. І цяпер выдаткі на армію ў Малдове, па-мойму, на першым месцы ідуць з вялікім адрывам ад аховы здароўя, медыцыны», — працягнуў думку Кандратаў.
Малдова сапраўды нарошчвае выдаткі на абарону і хоча да 2030 года павялічыць іх амаль удвая. Але нават пасля такога росту яны дасягнуць усяго 1% унутранага валавога прадукту краіны. Цяпер вайсковыя выдаткі Малдовы складаюць каля паловы працэнта ВУП.
Для параўнання: Беларусь з бюджэту траціць на сваю армію 1,5% ВУП, а краіны NATO імкнуцца да нормы 5%.
Нават да 2030 года Малдова наўрад ці зможа стаць «тарпедай» супраць Расеі. Паводле падлікаў навуковага супрацоўніка нямецкага Інстытуту праблемаў міжнароднай бяспекі Яніса Клюгэ на аснове дадзеных расейскага Мінфіну, Расея ўсяго за адзін дзень траціць на вайсковыя патрэбы 65 млрд расейскіх рублёў за дзень — то бок у восем разоў больш грошай, чым Малдова за ўвесь год.
Не адпавядае рэчаіснасці і сцвярджэнне, што вайсковыя выдаткі Малдовы ідуць на першым месцы і з вялікім адрывам апярэджваюць выдаткі на медыцыну. Насамрэч выдаткі на армію ў Малдове прыкладна ў пяць разоў меншыя за выдаткі на ахову здароўя і прыкладна ў дзесяць разоў меншыя за выдаткі на адукацыю або сацыяльную абарону.
Акрамя таго, паводле памеру вайсковага бюджэту Малдова знаходзіцца на 133-м месцы ў свеце са 148 краін. То бок бліжэй да канца рэйтынгу, а не сярод дзяржаў з буйнымі абароннымі выдаткамі.
*Назва «Малдавія» замацавалася ў расейскай мове ў савецкі перыяд. Афіцыйная назва дзяржавы — Рэспубліка Малдова; форма «Малдавія» не адпавядае сучаснай саманазве краіны. Ужыванне назвы «Малдавія» можна параўнаць з выкарыстаннем слова «Беларусія» замест «Беларусь»: фармальна яно сустракаецца, але не адпавядае афіцыйнай назве краіны і можа ўспрымацца як састарэлае. У артыкуле слова «Малдавія» выкарыстоўваецца толькі ў наўпроставай цытаце. У рэдакцыйным тэксце ўжываецца фармулёўка «Малдова».