Антыфэйк / фактчэк

04 верасня

Фэйкавыя замежнікі атрымалі смакавы шок ад беларускіх прадуктаў

Каманда WTF высветліла, адкуль гэтыя нібыта замежнікі.

На «Беларусь 1» паказалі сюжэт пра нібыта замежнікаў, якія ўпершыню прыехалі ў нашую краіну і былі шакаваныя смакам прадуктаў айчыннай вытворчасці. Каманда Weekly Top Fake высветліла, хто гэтыя людзі, якія «моляцца перад стэлажом з беларускім тварагом». 

У Беларусі з 19 ліпеня 2024 года дзейнічае бязвізавы рэжым уезду для грамадзян 35 еўрапейскіх краін. За месяц па бязвізе краіну наведалі больш за 2,5 тысячы еўрапейцаў, адсправаздачыліся ў беларускім Дзяржпамежкамітэце. А вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Кацярына Ціхамірава 28 жніўня 2024 года распавяла пра захапленне прыезджых ад айчынных прадуктаў. 

«А гэта ўжо смакавы шок, калі ўпершыню прыехалі ў Беларусь. Прычым не на карысць еўрапейскіх палітыкаў, якім бы ўкладваць у дабрабыт сваіх грамадзян, а не ўкладваць грошы ў дэманізацыю грамадзян іншай краіны», — пракаментавала вядоўца, паказаўшы два кароткія відэа быццам бы з водгукамі замежнікаў пра беларускія прадукты.

«Чаму ў Беларусі такая смачная ежа?! Проста пачаў у літаральным сэнсе маліцца перад стэлажом з тварагом. Усе астатнія садавіна, гародніна, — пералічвае светлавалосы хлопец на рускай мове. — Тыпу ў нас [верагодна, у ЕЗ] ёсць памідоры па 2 еўра, якія з пестыцыдамі, разнастайнай хіміяй... Рак усяго на свеце можна атрымаць, памерці. Гэта як быццам для бедных людзей, якіх нам не шкада. І ёсць памідоры па 5 еўра супер добрай якасці для тыпу багатых людзей».

У другім урыўку відэа дзяўчына есць вафлю «Віцьба» і цукерку «Алёнка».

«Цукеркі “Алёнка”. Хтосьці калісьці спрабаваў? Божа, як гэта смачна», — захапляецца яна на польскай мове.

Каманда WTF высветліла, адкуль гэтыя нібыта замежнікі. Мы зрабілі скрыншоты твараў людзей з відэа і праз пошук па фота знайшлі інфармацыю пра іх у адкрытых крыніцах. Дзяўчыну завуць Ганна — яна не полька. У яе ў TikTok ёсць відэа, дзе яна тлумачыць сваё нетыповае для палякаў вымаўленне на польскай:

«Я беларуска, жыву ў Варшаве. І відавочна, што ў мяне ёсць акцэнт», — кажа Ганна.

Таксама журналісты высветлілі, чаму малады светлавалосы нібыта іншаземец з сюжэту «Беларусь 1» гаворыць на рускай. Гэта блогер Ілля. У сваім TikTok ён паведамляе, што ён з Беларусі, але з'ехаў вучыцца ў Еўропу. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій
Антыфэйк / фактчэк

Чыноўніца пахвалілася, як дзяржава клапоціцца пра людзей з інваліднасцю, але не сказала пра памеры іх пенсій

Пенсіі па інваліднасці за гэты час выраслі амаль у два разы. Але Марына Арцёменка не сказала, што гэтыя выплаты застаюцца аднымі з самых нізкіх у Еўропе.

13 снежня 2024 Чытаць