Антыфэйк / фактчэк 24 сакавіка

Дэкан журфаку заявіў, што ў адрозненні ад Захаду Беларусь дасягнула гендарнага балансу. Белстат не згодны

Сярэдняя беларуска ў параўнанні з сярэднім беларусам працуе «бясплатна» больш за тры месяцы на год.

Праблемы гендарнай няроўнасці Беларусі не датычаць, заявіў дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў. Каманда Weekly Top Fake вывучыла статыстыку і прыйшла да іншых высноў. 

Жанчынам даступныя толькі дзве траціны законных правоў, якімі валодаюць мужчыны. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе правоў жанчын ААН, апублікаваным у 2025 годзе. Разважаючы пра Міжнародны жаночы дзень і магчымасці для жанчын у ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» 11 сакавіка дэкан факультэту журналістыкі БДУ Аляксей Бяляеў заявіў, што праблемы гендарнай няроўнасці Беларусі не тычацца.

«Калі для Захаду гэты так званы фемінісцкі парадак, чамусьці, яшчэ вельмі важны, калі яны там лічаць, што ў іх жанчыны недаацэненыя, то ў нас, мне здаецца, якраз гэты гендарны баланс цалкам сабе нармальна выкананы. Жанчыны ў нас маюць магчымасць працаваць на любых пасадах, у нас няма, як на Захадзе, сур'ёзных разыходжанняў у аплаце працы жаночай і мужчынскай, у нас жанчыны займаюць кіруючыя пасады ў вялікай колькасці», — пералічыў Бяляеў.

Мужчыны ў Беларусі, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, зарабляюць на 26,5% больш за жанчын (звесткі за 2023 год). То бок у параўнанні са сярэднестатыстычным беларусам сярэдняя беларуска з сярэдзіны верасня і да канца года працуе «бясплатна». Гэты паказнік называецца нескарэктаваны гендарны разрыў у аплаце працы — у разлік бяруцца ўсе мужчыны і жанчыны без уліку адрозненняў ва ўзросце, адукацыі, досведзе, галіне і пасадзе. 

У Еўразвязе ў 2023 годзе разрыў у аплаце мужчынскай і жаночай працы складаў 12%. За апошнія 10 гадоў ён скараціўся. Самы нізкі паказнік у Люксембургу — каля мінус 1%. Значыць жанчыны там зараблялі нават трохі больш мужчын. Самы высокі паказнік у Латвіі — 19%. І гэта менш, чым у Беларусі. 

У гэтай розніцы ў заробках ёсць мноства прычын. Напрыклад, жанчыны часцей працуюць у нізкааплатных галінах: адукацыі, сацыяльнай сферы, ахове здароўя. Акрамя таго, на іх, як правіла, ляжыць вялікая частка хатніх абавязкаў і абавязкаў па догляду за дзецьмі і пажылымі сваякамі (так званы неаплатная праца). У 2023 годзе жанчыны складалі ўсяго каля 35% менеджараў у Еўразвязе. 

Ацэнка розніцы ў заробках мужчын і жанчын з улікам узроўню адукацыі, досведу і тыпу працы называецца скарэктаваны гендарны разрыў. Але пакуль краіны не дасягнулі кансэнсусу, як менавіта яго вызначаць, таму ў кожнай свая метадалогія. 

Па статыстыцы Белстату за 2021 год — гэта апошнія даступныя дадзеныя, у Беларусі гэты паказнік імкнецца да 6%. Да прыкладу, у Нямеччыне ў тым жа годзе такая скарэктаваная розніца ў заробках — у сярэднім 6%. У Францыі ў прыватным сектары — 4%. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі